ГАЛОВАЧКА – даўні галаўны ўбор замужніх жанчын у давыд-гарадоцка-тураўскім строі. Лакальная назва галава. Бытавала ў 18 – пачатку 20 ст. Складалася з уласна галовачкі (цвёрды каркас – аснова ў выглядзе шапкі без верху, надлобная частка якой пераходзіла ў трапецападобны грэбень вышынёй 8 – 15, шырынёй 10 – 17 см), своеасаблівага чапца (чахольчык з паркалю ці кужэльнага палатна, надзяваўся на грэбень), рабушкі (пасак з тых жа матэрыялаў, якім ахінаўся каркас), сярпанкі (намітка з тонкага, як марля, палатна даўжынёй 3,5 – 5 м, шырынёй 50 – 60 см); складзеная ў некалькі столак, яна абвівала грэбень, праходзіла пад падбародкам і свабоднымі канцамі драпіравалася на спіне.
Традыцыйны галаўны ўбор мяшчанкі - галовачка. Канец 19 ст. ГорадДавыд-Гарадок Столінскага раёна
Часта галовачка дапаўнялася ўзорыстай кашміровай хусткай з махрамі – тараноўкай (складзеная па дыяганалі, прапускалася пад падбародкам і завязвалася на цемі). Святочную галовачку аздаблялі вышыўкай тонкім чырвоным, жоўтым, чорным шоўкам або малінавымі, блакітнымі, чорнымі ніткамі лучковай воўны, нашыўкамі залацістай тасьмы, набіванага пярэстага паркалю. Геаметрычны або моцна геаметрызаваны раслінны арнамент (ромб, елка, пальмета) размяшчаўся на чапцы і рабушцы, дзе яны не пакрываліся сярпанкай. Накрухмаленае палатно сярпанкі не аздаблялі, апрача вузкіх (каля 0,5 см) чырвоных паскаў па берагах круга і на канцах. На жалобных уборах рабілі цёмна – сінія ці чорныя паскі.
Вясельная галовачка (фрагмент). Вёска Альшаны Столінскага раёна
Асаблівым майстэрствам вышывак вызначаліся галовачкі тураўлянак 19 ст. Двухбаковае шво (размалёўка, падліковая гладзь, козлік) стварала тонкі графічны ўзор са стылізаваных, накрыж закампанаваных 4 галінак з кветкамі і лісцем. Блізкі да галовачкі галаўны ўбор жанчын Давыд-Гарадка і Століна – падушачка (пухоўка).
Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.