Панядзелак, 24.07.2017, 13:48

ГАЛЬШАНСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА ЯНА ХРЫСЦІЦЕЛЯ І КЛЯШТАР ФРАНЦЫСКАНЦАЎ


ГАЛЬШАНСКІ КАСЦЁЛ СВЯТОГА ЯНА ХРЫСЦІЦЕЛЯ І КЛЯШТАР ФРАНЦЫСКАНЦАЎ размяшчаецца на скрыжаванні вуліц 17 Верасня і Ашмянскай у цэнтры вёскі Гальшаны Ашмянскага раёна Гродзенскай вобласці.


Звесткі аб першым касцёле адносяцца да 15 ст. Будынак касцёла ўзведзены ў пачатку 16 ст. і прыстасаваны пад кальвінскі збор. У 1618 г. ён перабудаваны па фундацыі Паўла Сапегі для манахаў-францысканцаў, якіх ён запрасіў сюды і заснаваў для іх кляштар, быў пабудаваны жылы корпус. У пачатку 1770-х гг. будынак разабраны амаль да падмурка і на яго месцы пабудаваны новы каталіцкі храм. Перад касцёлам у першай палавіне 19 ст. пабудавана двух'ярусная чатырохгранная брама-званіца, вырашаная ў стылі позняга класіцызму з выкарыстаннем элементаў дарычнага ордэра. Кляштар скасаваны паводле царскага ўказа ад 19.07.1832 г. Пасля Вялікай Айчыннай вайны касцёл прыйшоў у заняпад. Адноўлены (архітэктар У.С. Маскалёў).

Касцёл — помнік архітэктуры ранняга барока. Трохнефавая бязвежавая базіліка вылучаецца ўзбуйненымі прасторава-пластычнымі архітэктурнымі аб'ёмамі. У іх яруснасці пануе прамавугольны аб'ём цэнтральнага нефа. Трохнефавая структура храма вязкамі пілястраў вылучана на франтальным трохчасткавым фасадзе, падзеленым развітымі інтэнсіўна крапаванымі складанапрафіляванымі антаблементамі на тры ярусы і завершаным фігурным франтонам. Плаўныя і мяккія пераходы ярусаў у пірамідальную кампазіцыю зліваюцца выгінамі волют і ўвагнутымі бакавымі адхіламі. Бакавыя фасады апрацаваны парнымі пілястрамі, расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў плоскіх ліштвах. Барочна-пластычную трактоўку атрымаў і аб'ём апсіды: франтон фігурны, крапаваны пілястрамі.

Ва ўнутранай прасторы храма восем слупоў нясуць цыліндрычнае скляпенне цэнтральнага нефа і крыжовыя нізкія бакавыя нефы. Прастору цэнтральнага нефа і апсіды аб'ядноўвае магутны прафіляваны карніз з балюстраднай галерэяй у аснове скляпення. Над нартэксам размешчаны арганныя хоры (арган не захаваўся, пастаўлена фісгаромнія 19 ст.). Пад храмам крыпта — родавая пахавальня некалькіх пакаленняў Сапег. Пасля Вялікай Айчыннай вайны касцёл быў закрыты, крыпта разрабавана.

Мастацкі акцэнт інтэр'ера — фрэскавая кампазіцыя на паўкруглай сцяне апсіды ў выглядзе ілюзорнай выявы барочнага архітэктанічнага алтара — перспектыўны малюнак магутнай карынфскай каланады, выкананы ў 1790-я гг. У верхняй частцы алтарнай сцяны намаляваны інтэр'ер паўратонды, накрытай купалам, яе сцены падзелены калонамі і прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі. Перад ратондай — цыліндрычнае скляпенне на падпружных арках з плафонам-небасхілам, на якім лунаюць анёлы з гербамі фундатараў. Намаляваныя архітэктурныя формы аздоблены скульптурнымі выявамі, лепкай і арнаментальнай размалёўкай. У цэнтры — сцэна «Вадохрышча». Кулісныя алтары каля міжнефавых слупоў — барочныя архітэктанічныя кампазіцыі ў выглядзе каланад. У капліцы правага нефа знаходзілася надмагілле Паўла Стафана Сапегі і яго трох жонак (Рэгіны Халецкай, Альжбеты Веселіні і Кацярыны Гаслоўскай) — выдатны твор рэнесансавай скульптуры, выкананы галандскім скульптарам Вандэнблокам (захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры ІМЭФ НАН Беларусі).


Жылы корпус (часткова разбураны ў 1832 г.) — П-падобны ў плане мураваны двухпавярховы будынак, прымыкае да касцёла з паўднёва-заходняга боку. Да паўночнага вугла далучана шасцігранная вежа. Унутраная планіроўка галерэйнага тыпу з аднабаковым размяшчэннем памяшканняў. Калідор перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі, памяшканні — цыліндрычнымі скляпеннямі з распалубкамі. На першым паверсе размяшчалася вялікая трапезная. Фасады і інтэр'ер будынка пазбаўлены дэкору. Выкарыстоўваецца як філіял Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі.

3ваніцa — помнік архітэктуры позняга класіцызму. Пастаўлена перад касцёлам у першай палавіне 19 ст. Вырашана двух'яруснай чатырохграннай вежай пад шатровым пакрыццём. Першы ярус — арачны праезд-брама, другі — званіца, адкрытая арачнымі прасветамі. У архітэктурна-стылёвым вырашэнні выкарыстаны элементы дарычнага ордэра.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [249]
Каталог файлаў [96]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [136]
Адукацыя [12]
Спорт [430]
Здарэнні [108]
Грамадства [226]
Эканоміка [10]
Транспарт [66]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [6]
Каляндар
«  Ліпень 2017  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
31
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.