ГАЛУШКІ – 1) Традыцыйная мучная
страва. Лакальная назва палюхі. Рабілі з грэцкай, жытняй, пшанічнай, ячнай мукі. Цеста крута замешвалі, качалі галушкі рознай велічыні (маленькія і большыя – з курынае яйцо), часам цеста качалі ў адну качулку і рэзалі на кавалкі нажом. Галушкі кідалі ў вар, варылі, адкідалі на рэшата або друшляк, потым заскварвалі салам, залівалі смятанай, малаком, часам падсмажвалі ў сале. Галушкі гатавалі і з юшкаю як рэдкую страву (тады іх рабілі меньшымі). Часам галушкі спачатку падпякалі, а потым варылі. Галушкі вядомы на ўсёй Беларусі. На Палессі галушкі варылі на памінкі і елі з сытою, цёртым макам.
2) Пшанічная булачка. На саракі пяклі 40 галушак. Сустракаецца спарадычна на ўсім Палессі.