Чацвер, 25.04.2024, 17:28

ГАНЧАРНЫ ГОРАН

Галоўная »
ГАНЧАРНЫ ГОРАН – спецыяльная печ для абпальвання ганчарных вырабаў. Прымяненне яго характэрна для высокаразвітога ганчарства.

Ва Усходняй Еўропе ганчарны горан пашырыўся з сярэдзіны 1-га тысячагоддзя да н.э. (антычныя гарады Паўночнага Прычарнамор’я). На ўсходнеславянскіх землях вядомы з 12 – 13 ст. (па археалагічных знаходках). Археолагі выявілі ў Мінску ганчарны горан 16 ст.

ганчарны горан
Круглы двух'ярусны ганчарны горан

Ганчарныя горны муравалі з абпаленай ці сырцовай цэглы, камянёў, гліны пад адкрытым небам (напольныя), часам у ганчарні. Палявыя ганчарныя горны размяшчалі воддаль ад жылых і гаспадарчых будынкаў і заглыблялі ў зямлю (на паверхні знаходзіўся толькі праём для загрузкі посуду), збудаванні з адкрытым верхам часта заглыблялі крыху вышэй перакрыцця паліўнай камеры. Наземную частку засыпалі па баках грунтам, для павелічэння трываласці агароджвалі зрубам, часам умацоўвалі бярвеннем, клямарамі з жэрдак, металічных прутоў і дроту, абкладвалі каменнем і дзёрнам. Ад ветру засланялі дашчанымі застаўнямі накшталт тыну. Для агню рабілі спецыяльную яму (шыя, паленнік, прыгорніца), у якую выходзіла вусце топкі (чалеснікі, пелюсць). Ганчарныя горны звычайна былі разлічаны на адначасовую тэрмінічную апрацоўку 300 – 350 (зрэдку 800 – 1000) вырабаў рознай велічыні.

ганчарны горан
Чатырохвугольны ганчарны горан з адкрытым верхам

У залежнасці ад формы вылучаюць круглыя (грушападобныя) і чатырохвугольныя ў плане ганчарныя горны. Круглыя, найбольш раннія, былі пашыраны пераважна на Падняпроўі і Прыпяцкім Палессі. Паводле канструкцыі круглыя горны – 2-х ярусныя, іх заўсёды размяшчалі ў полі. Вядомы з адкрытым і купалападобным (скляпеністым) верхам. У ніжняй камеры топка і вынасныя чалеснікі, верхняя служыла для абпальвання вырабаў. Камеры падзяляліся гарызантальным перакрыццем (чарэнь, под, рашотка) з адтулінамі (люхты, дучкі, слёсы) для праходу знізу гарачых газаў. Ніжняя камера ў цэнтры звычайна мела слуп (дзядок, бабка), што падтрымліваў перакрыццё і ўтвараў кальцавы дымавы канал, або падзялялася на два каналы падоўжнай сценкай, так званым казлом. Камеры з кальцавым каналам пераважалі на ўсходзе, двухканальныя – на поўдні.

ганчарны горан
Двух'ярусныя чатырохвугольныя ганчарныя горны з закрытым верхам

Чатырохвугольныя горны бытавалі на поўначы і захадзе Беларусі (1- і 2- ярусныя). Найбольш простыя 1-ярусныя горны канструкцыйна нагадвалі хатнюю печ. Іх размяшчалі ў памяшканні, муравалі на нізкім апечку, палілі "па-чорнаму". Перад абпальваннем у аднакамерным горне рабілі драўляны памост (вымаст, масток, палаці) для вырабаў, пад які падкладвалі паліва. Больш дасканалыя 2-ярусныя горны пашырыліся, верагодна, з 16 ст. Яны былі з адкрытым верхам (напольныя) і з закрытым (мураваліся ў ганчарні, былі наземнымі і паўпадземнымі). Складаліся з дзвюх камер – ніжняй для паліва (звычайна мела адны, зрэдку двое чалеснікаў) і верхняй для тэрмічнай апрацоўкі вырабаў. Паміж сабою камеры падзяляліся скляпеннем з люхтамі. У горнах з закрытым верхам камеры для абпальвання перакрывалі скляпеннем з некалькімі люхтамі, звязанымі дымавымі каналамі з комінам. У сценах верхняга яруса размяшчалі некалькі горнавых акон для загрузкі і вымання керамікі (пры абпальванні іх замуроўвалі). Для назірання за працэсам абпальвання служылі невялікія адтуліны – акенцы, якія закладвалі цаглінай.

Тэрмічная апрацоўка працягвалася 9 – 14 гадзін (залежала ад пары года, кліматычных умоў і інш.). Наяўнасць дзвюх камер дазваляла лёгка рэгуляваць і падтрымліваць патрэбную тэмпературу абпальвання. У наш час ганчары – надомнікі выкарыстоўваюць традыцыйныя 2-ярусныя горны, на прадпрыемствах – электрычныя ці на мазутным паліве печы.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.