Субота, 20.04.2024, 13:14

ГАНЧАРНЫ КРУГ

Галоўная »
ГАНЧАРНЫ КРУГ — прыстасаванне для фармоўкі полых ганчарных вырабаў. Яго дзеянне заснавана на цэнтраваным вярчэнні ў адной плоскасці пры дапамозе вертыкальнай восі. Вынаходства і пашырэнне ганчарных кругоў амаль усюды звязаны з ператварэннем ганчарства ў рамяство і вылучэннем у грамадстве спецыялістаў-ганчароў (на тэрыторыі Беларусі з 10 ст.).

ганчарны круг
ганчарны круг
ганчарны круг
Ручныя ганчарныя кругі з нерухомай воссю

У залежнасці ад спосабу прывядзення ў дзеянне ганчарныя кругі падзяляюцца на ручныя і нажныя. Найбольш архаічны ручны круг бытаваў у некаторых вясковых цэнтрах ганчарства розных гісторыка-этнаграфічных рэгіёнаў Беларусі, за выключэннем Палесся. Служыў для загладжвання кавалкам палатна паверхні і часткова для прафілёўкі пасудзін, папярэдне сфармаваных ад рукі выцісканнем (выбіваннем) з камяка гліны або налепам. Меў нерухомую вось і складаўся з 1 — 2 дыскаў або дыска і крыжавіны, жорстка злучаных спіцамі. Выраблялі яго цалкам з дрэва, мацавалі на зэдліку, плашцы ці калодзе.

Нажны ганчарны круг быў пашыраны па ўсёй Беларусі. Вылучаюць 2 яго канструкцыі — з нерухомай і рухомай воссю. Ганчарны круг з нерухомай воссю бытаваў ужо ў 15 — 16 ст. Яго рабілі цалкам з дрэва (генетычна звязаны з ручным кругам на нерухомай восі). Складаўся з 2 дыскаў аднолькавага ці рознага дыяметра з 4, 6 або 8 вертыкальнымі або нахіленымі спіцамі. Вось, на якой вярцеўся круг, убівалі ў зямлю (плашку, крыжавіну).

ганчарны круг
ганчарны круг
Нажныя ганчарныя кругі (1-4 з нерухомай воссю, 5 - з рухомай воссю)

Ганчарны круг з рухомай воссю больш дасканалы. Яго паходжанне звязана з культурай Усходу. З 14 ст. вядомы ў Іспаніі і Італіі, адкуль паступова пашырыўся ў іншыя краіны Еўропы. На Беларусі вядомы з сярэдзіны 18 ст., масава пашыраны ў рамеснай вытворчасці з 2-й паловы 19 — пачатку 20 ст. У многіх цэнтрах ганчарства Беларусі нажны круг з рухомай воссю называлі нямецкім або варштатам, станком. Складаўся з малога верхняга і вялікага ніжняга дыскаў, жорстка злучаных з воссю, ніжні канец якой устаўлялі ў прыстасаванне на падлозе накшталт падшыпніка (паўпрыца, бабка, чашачка, панеўка, мітэрка). Вось мацавалася металічным або драўляным кранштэйнам (лапа, лісіца, клешчы) да лавы, часам палка і круцілася разам з дыскамі.

Нажныя ганчарныя кругі за выключэннем некаторых разнавіднасцей з нерухомай воссю, быстраходныя; яны стваралі цэнтрабежную сілу, неабходную для фармавання полых вырабаў з камяка гліны шляхам выцягвання.

У наш час ганчары карыстаюцца пераважна нажным кругам з рухомай воссю (з шарыкавымі падшыпнікамі для лепшага вярчэння). Прадпрыемствы аснашчаны ганчарнымі кругамі з электрамеханічным прывадам.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.