Субота, 29.04.2017, 12:21

ГЛЫБОКСКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ


ГЛЫБОКСКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ размяшчацца на штучнай насыпной пляцоўцы ў гістарычным цэнтры горада Глыбокае Віцебскай вобласці. Пабудаваны ў 1764—82 гг. з цэглы на месцы прыходскага храма 1628 г., фундаванага ваяводам мсціслаўскім і дзісненскім старостам І.Л.Корсакам. Асвячоны ў 1783 г. біскупам П.Тачылоўскім. У 1902—08 гг. перабудаваны архітэктарам Ю.Заро.


Помнік архітэктуры позняга барока. Першапачаткова меў выгляд аднанефавага двухвежавага храма з выцягнутай паўкруглай апсідай. У выніку перабудовы да яго далучаны трансепт, бакавыя нефы і сакрысціі, што надало будынку аб'ёмна-прасторавую кампазіцыю трохнефавай крыжовай базілікі. Галоўны фасад насычаны архітэктурнай пластыкай: вязкамі вытанчаных пілястраў, хвалістымі крапаванымі карнізамі, фігурнымі арачнымі праёмамі, высокім франтонам з валютамі па баках і скульптурай «Укрыжаванне» ў арачным праёме. Фасад быў фланкіраваны двумя невысокімі вежамі, якія пры перабудове былі павялічаны на два ярусы і набылі, як і цэнтральны фігурны франтон, выцягнутыя вертыкальныя прапорцыі. Фігурным франтонам увенчана і алтарная сцяна храма. Сцены раскрапаваны пілястрамі і карнізнымі паясамі, прарэзаны вялікімі арачнымі аконнымі праёмамі.

У інтэр'еры цэнтральны неф перакрыты цыліндрычнымі скляпеннямі на распалубках, бакавыя — крыжовымі. Сцены крапаваны пілястрамі і карнізным поясам. Над нішамі бакавых нефаў невялікія арнаментальныя ўстаўкі ў вохрыста-аліўкавай гаме. Тры драўляныя разныя алтары выкананы ў стылі барока. Цэнтральны ў першым ярусе вырашаны карынфскай каланадай з дынамічна раскрапаваным антаблементам, скульптурнымі паліхромнымі постацямі святых апосталаў Пятра і Паўла і іерархаў касцёла па баках. Другі ярус уяўляе сабой прамавугольны шчыт з абразом пачатку 18 ст. «Маці Божая Адзігітрыя»; завершаны гарэльефнай кампазіцыяй «Глорыя з анёламі». Фератрон «Маці Божая Замілаванне» і «Юзаф з дзіцем» (пачатак 18 ст.), абраз «Святая Сям'я» (1730-я гг.). Над нартэксам хоры з арганам у стылі неаготыкі.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [245]
Каталог файлаў [95]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [134]
Адукацыя [12]
Спорт [393]
Здарэнні [103]
Грамадства [216]
Эканоміка [10]
Транспарт [65]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [4]
Каляндар
«  Красавік 2017  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
     12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Rating All.BY Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.