Чацвер, 25.04.2024, 14:59

ГОМЕЛЬСКІ ПАЛАЦА-ПАРКАВЫ АНСАМБЛЬ

Галоўная »
ГОМЕЛЬСКІ ПАЛАЦА-ПАРКАВЫ АНСАМБЛЬ — створаны ў г.Гомель 07.11.1919 г. як мастацка-гістарычны музей на аснове калекцый жывапісу, скульптуры, прадметаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, сабраных уладальнікамі Гомельскага палаца князямі Паскевічамі ў 2-й палавіне 19 — пачатку 20 ст. У 1928 г. адкрыты аддзелы гісторыі СССР і камуністычнай партыі, у 1929 г. — сацыялістычнага будаўніцтва. У 1941 г. называўся Гомельскі дзяржаўны гістарычны музей, фонды налічвалі 7,5 тыс. экспанатаў. З пачаткам Вялікай Айчыннай вайны музейныя калекцыі эвакуіраваны ў г.Сталінград (цяпер Валгаград), потым у г.Урупінск Сталінградскай вобласці. За гады вайны было незваротна страчана 90% музейнага фонду. З 1945 г. Дзяржаўны гісторыка-краязнаўчы музей, у 1952 г. перайменаваны ў Гомельскі абласны гісторыка-краязнаўчы музей.

Гомельскі палаца-паркавы ансамбль

Першая пасляваенная экспазіцыя, прысвечаная гераічнай барацьбе Чырвонай Арміі супраць нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адкрылася 15.02.1946 г. У 2-й палавіне 20 ст. на тэрыторыі палацава-паркавага комплексу праводзіліся рамонтна-аднаўленчыя і рэстаўрацыйныя работы. Адначасова з гэтым ажыццяўлялася перапланіроўка экспазіцый, адкрываліся новыя раздзелы: «Прырода краю», «Гісторыя дарэвалюцыйнай Гомельшчыны» (абедзве 1967 г.), «Гісторыя Гомельшчыны ў савецкі перыяд» (1969 г.), «Уладальнікі Гомельскага маёнтка Румянцавы і Паскевічы», «Загадкавыя фантазіі мора» (абедзве 2003 г.). У 2004 г. адкрыліся экспазіцыі і выставачныя залы ў цэнтральнай частцы палаца. З 2006 г. пасля рэарганізацыі — Дзяржаўная гісторыка-мастацкая ўстанова «Гомельскі палацава-паркавы ансамбль». На яго тэрыторыі знаходзяцца парк культуры і адпачынку, палац Румянцавых-Паскевічаў, дзеючы Петрапаўлаўскі сабор, капліца-пахавальня князёў Паскевічаў, «Паляўнічы домік», аранжарэя «Зімні сад» і аднапавярховы асабняк. Гомельскім палацава-паркавым ансамблем у розныя гады кіравалі І.А.Маневіч, С.Т.Антонаў, І.У.Капоця. З 2007 г. дырэктар А.Г.Рыжкоў.

Асноўны фонд музея (2008) налічвае 157 619 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 71 097 адзінак. Археалагічная калекцыя складае больш за 80 тыс. адзінак і ўключае археалагічныя матэрыялы па гісторыі Гомеля і вобласці. Унікальнымі знаходкамі з'яўляюцца пячатка са знакамі Рурыкавічаў, скарб шыйных грыўняў 12 — 13 ст., майстэрня збройніка з раскопак Гомельскага гарадзішча.

Гомельскі палаца-паркавы ансамбль

Найбольш яскравую частку калекцыі жывапісу складаюць партрэты і пейзажы 18 — 19 ст., а таксама батальныя палотны, прысвечаныя дзейнасці генерал-фельдмаршала І.Ф.Паскевіча, работы Я.Сухадольскага, М.Залескага, Ё.Этынгера. Жывапіс 20 — 21 ст. прадстаўлены творамі мастакоў Гомельшчыны Д.Алейніка, Б.Звінагародскага, Н.Казакевіча, В.Казачэнкі, РЛандарскага, В.Цвірко і інш. У калекцыі графікі вылучаюцца гравюры Ф.Тычыны, кніжныя ілюстрацыі Я.Цялішэўскага. Зберагаюцца 11 акварэльных мініяцюр на косці з выявамі членаў сям'і Паскевічаў, частка з іх напісана польскім мастаком-мініяцюрыстам 19 ст. С.Маршалкевічам. Калекцыя іканапісу налічвае больш за 400 абразоў. Яе аснову складаюць абразы 18 — 19 ст. з дамовай царквы Паскевічаў. Сярод іх «Магдаліна, якая каецца» і «Богаяўленне», выкананыя ў тэхніцы разьбы па косці, «Святы Мікалай» — у тэхніцы мазаікі, «Ганна і Панцеляймон», «Багародзіца Смаленская» — алейнага жывапісу. Адзін з найбольш каштоўных абразоў — «Багародзіца Замілаванне» (1887 — 1910 гг.) фірмы Фабержэ (работа па серабру) і мазаічнай майстэрні Фралова ў Пецярбургу. У ліку твораў гомельскіх іканапісцаў — «веткаўскія абразы» 19 — 20 ст., выкананыя ў тэхніцы тэмпернага пісьма і ўпрыгожаныя чаканнымі, разнымі па дрэву і вышыванымі бісерам акладамі.

Калекцыя кніг прадстаўлена выданнямі 16 — 20 ст. царкоўнага і свецкага зместу («Евангелле» П.Мсціслаўца 1575 г.; «Новы Запавет з Псалтыру» 1596 г.; «Апостал» 1601 г.; «Тріодзь каляровая» І.Андронікава, 1604 г.). Калекцыю рукапісаў складаюць кнігі, аўтабіяграфіі, успаміны і аўтографы знакамітых людзей Гомельшчыны. Сярод экспанатаў рукапіснае «Евангелле» 17 ст., спіс камедыі А.Грыбаедава «Гора ад розуму». Этнаграфічная калекцыя прадстаўлена ручнікамі, жаночымі і мужчынскімі кашулямі, посцілкамі, абрусамі, якія вылучаюцца разнастайнасцю і багаццем арнаментальных матываў.

Асноўная экспазіцыя размешчана ў палацы Румянцавых-Паскевічаў. Будаўніцтва пачалося ў 1777 г. П.Румянцавым (архітэктар Я.Аляксееў) на месцы былога палаца Чартарыйскага. Пры І.Паскевічу палац значна перабудаваны (архітэктар А.Ідзкоўскі, афарміцель інтэр'ераў В.Вінцэнцы). Агульная плошча экспазіцыі 1771 м², выставачных залаў — 544 м².

У 7 экспазіцыйных залах вежы палаца размешчана гісторыка-мемарыяльная экспазіцыя «Уладальнікі Гомельскага маёнтка Румянцавы і Паскевічы». «Румянцаўская зала» прысвечана прадстаўнікам дваранскага роду Румянцавых генерал-фельдмаршалу Пятру Аляксандравічу і яго сынам Мікалаю і Сяргею, якія валодалі маёнткам у 1775 — 1834 гг. У экспазіцыі бронзавыя бюсты П.А. і М.П. Румянцавых, статуя багіні Міру, гадзіннікі, зброя 18 — 19 ст. Зала «Паскевічы і Гомель» расказвае пра гісторыю стварэння палацава-паркавага ансамбля ў сярэдзіне — 2-й палавіне 19 ст. Экспануюцца асабістыя рэчы Паскевічаў, выявы палаца і парка. Сярод экспанатаў кніга ганаровых наведвальнікаў палаца, якая змяшчае аўтографы расійскіх імператараў. У інтэр'еры «Аудыенц-залы» мармуровая скульптура і фарфоравыя статуэткі, камінныя гарнітуры, карціны 18— 19 ст., бронзавы столік з мініяцюрнымі партрэтамі Людовіка XVI і прыдворных дам. Экспазіцыя «Фельдмаршальскай залы» прысвечана І.Ф.Паскевічу — генерал-фельдмаршалу, удзельніку вайны 1812 г., руска-турэцкіх войнаў 1-й палавіны 19 ст. Прадстаўлены граматы аб наданні І.Ф.Паскевічу графскага і княжацкага тытулаў, узнагародная зброя, асабістыя рэчы фельдмаршала, кандэлябры ў выглядзе букетаў лілій — падарунак расійскага імператара Аляксандра II (1857), творы батальнага жывапісу. Цэнтральнае месца займаюць парадныя партрэты І.Ф.Паскевіча і яго жонкі Лізаветы Аляксееўны.

Гомельскі палаца-паркавы ансамбль

У «Курыльні» экспануюцца люлькі і курыльныя прыналежнасці. Інтэр'ер залы аформлены ва ўсходнім стылі. У зале «Кабінет» мэбля, карціны, дэталі ўбрання (гадзіннікі, кандэлябры і інш.), паляўнічыя стрэльбы знакамітых еўрапейскіх майстроў і ўзоры халоднай зброі перадаюць атмасферу палацавага кабінета 19 — пачатку 20 ст. Зала «Бібліятэка» прадстаўляе рэканструкцыю палацавай бібліятэкі, якая была размешчана на 3-м паверсе вежы палаца. Дэманструюцца дарэвалюцыйныя выданні кніг з музейнага збору. У выставачнай зале ладзяцца часовыя тэматычныя выстаўкі з уласных калекцый музея. У цэнтральнай частцы палаца на 1-м паверсе ўзноўлены інтэр'еры 19 — 20 ст. «Калонная зала» ўпрыгожана скульптурамі «Поры года», бюстамі П.А.Румянцава і І.Ф.Паскевіча, падлогавымі вазамі ў класічным стылі. У «Чырвонай гасцінай» захоўваюцца мэбля, карціны, скульптура, прадметы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, характэрныя для абстаноўкі дваранскага дома 19 — пачатку 20 ст. У «Зале ўрачыстых прыёмаў» прадстаўлена галерэя партрэтаў выдатных ураджэнцаў Гомельшчыны — дзеячаў мастацтва, палітыкі і навукі, военаначальнікаў (А.Макаёнка, І.Мележа, П.В.Сухога, П.Я.Галавачова, А.А.Грамыкі і інш.). У экспазіцыі «Культавыя прадметы з фондаў музея» дэманструюцца абразы, старадрукаваныя кнігі, царкоўнае начынне, аблачэнне святароў.

Экспазіцыя «Загадкавыя фантазіі мора» размешчана ў гроце палаца. Аснову калекцыі складаюць ракавіны, каралы, экзатычныя рыбы і іншыя прадстаўнікі марской фауны з калекцыі Л.Ф.Малахавай, перададзенай музею ў 1998 г.. У 8 выставачных залах на 2-м паверсе палаца праводзяцца выстаўкі з фондаў музеяў Беларусі, уласных калекцый. У «Паляўнічым доміку» (плошчаю экспазіцыйных залаў 180 м², выставачных — 86 м²) узноўлены інтэр'еры дваранскага асабняка 19 — пачатку 20 ст. (гасцёўная, кабінет, сталовая, спальня). З 2007 г. дзейнічае выстаўка культавых прадметаў (абразоў, кніг), а таксама калекцый самавараў і хустак з уласных фондаў і са збораў Веткаўскага музея народнай творчасці ў аднапавярховым асабняку на тэрыторыі парку. Плошча 3 экспазіцыйных залаў 135 м². Экспазіцыя «Жывёльны свет Гомельшчыны» (плошча 95 м²) размешчана ў адміністрацыйным корпусе.

Гомельскі парк фарміруецца з канца 1830-х г. У парку больш за 6430 дрэў 44 відаў, з якіх 35% — экзатычныя і рэліктавыя, у т.л. — гінгка-білоба, адна з найстаражытнейшых раслін на планеце. У паўднёвай частцы парку знаходзіцца аранжарэя «Зімні сад» і 32-метровая вежа агляду, пабудаваныя Паскевічамі ў 1880 г. У аранжарэі на плошчы 390 м² 600 раслін 26 відаў, у т.л. трапічных, дзейнічае фантан, упрыгожаны мазаікай.

На тэрыторыі парку знаходзіцца дзеючы Петрапаўлаўскі сабор — помнік архітэктуры позняга класіцызму (1809-24 гг., архітэктар Дж.Кларк), у якім у 1826 г. пахаваны М.П.Румянцаў. Побач з саборам размешчана капліца-пахавальня 8 прадстаўнікоў роду Паскевічаў, пабудаваная ў рэтраспектыўна-рускім стылі (1870-89 гг., архітэктар Я.Чарвінскі). Сцены пахавальні дэкарыраваны кавалкамі прыроднага каменю са шкляной палівай.

У в.Хальч Веткаўскага раёна знаходзіцца філіял Гомельскага палацава-паркавага ансамбля — сядзібны комплекс Халецкіх, дзе вядуцца рэстаўрацыйныя работы.

Разам з экспазіцыйнай і выставачнай дзейнасцю ў Гомельскім палацава-паркавым ансамблі праводзяцца грамадскія і культурныя мерапрыемствы. У 2005-07 гг. тут адбыліся пасяджэнні дыпламатычных місій краін-удзельніц Еўрасаюза, 28-й сесіі Парламенцкага Сходу Саюза Беларусі і Расіі, афіцыйных дэлегацый гарадоў Беларусі і Расіі. У актавай зале палаца — «Белай гасцінай» — рэгулярна адбываюцца канцэрты класічнай музыкі, выступаюць знакамітыя майстры Беларусі і Расіі.

Адрас: 246050, г.Гомель, плошча Леніна, 5
Тэл.: +375-232-74-64-76; +375-232-70-38-18; +375-232-74-19-11
Сайт: www.palacegomel.by
Меню
Установка брекетов в нижнем новгороде karmenmed.ru.
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Установка брекетов в нижнем новгороде karmenmed.ru.
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 8
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi
Установка брекетов в нижнем новгороде karmenmed.ru.

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.