Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход | RSS | Чацвер, 18.04.2024, 00:18 | ||||||||||||||||||||||||||||||||
ГОРАЦКІ РАЁННЫ ГІСТОРЫКА-ЭТНАГРАФІЧНЫ МУЗЕЙГалоўная »ГОРАЦКІ РАЁННЫ ГІСТОРЫКА-ЭТНАГРАФІЧНЫ МУЗЕЙ створаны ў г.Горкі 14.12.1984 г. сумеснай пастановай бюро Горацкага гаркама КПБ, выканкамаў раённага Савета народных дэпутатаў і гарадскога Савета народных дэпутатаў. Гзтым жа рашэннем музею перададзены адміністрацыйны будынак вузла сувязі. У верасні 1987 г. мастакі Магілёўскага мастацкага камбіната пачалі ствараць экспазіцыю музея. 01.05.1988 г. праведзена першая экскурсія для ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны. 01.11.1988 г. музей адкрыты для наведвальнікаў. З 09.05.1990 г. працуе мастацкі аддзел музея — карцінная галерэя. Першымі экспанатамі яе фонду сталі палотны мастакоў, ураджэнцаў Горацкага раёна. У 1991-95 гг. прыняты рашэнні выканкама Горацкага раённага Савета народных дэпутатаў аб адкрыцці Маслакоўскага, Аўсянкаўскага, Копцеўскага, Ленінскага філіялаў музея, a таксама музея-кабінета М.Гарэцкага. Першы кіраўнік музея У.М.Ліўшыц. З 2005 г. дырэктар С.С.Скаромная. Асноўны фонд музея (2008) налічвае 5014 адзінак захоўвання, дапаможны — 3080 адзінак. Плошча экспазіцыі 764 м². Асноўная экспазіцыя размешчана ў 7 залах. У археалагічным аддзеле экспануюцца прылады працы і палявання эпохі неаліту, знойдзеныя на тэрыторыі Горацкага і суседніх раёнаў; шліфаваныя і свідраваныя каменныя сякеры бронзавага веку; жалезныя вырабы, фрагменты гліняных ляпных пасудзін днепра-дзвінскай культуры з гарадзішча Нікадзімава; прылады працы, рыбалоўства, упрыгожанні, гліняны посуд зарубінецкай культуры з гарадзішча Горы; калекцыя манет Расіі 18 — 20 ст.; электрыфікаваная карта «Археалагічныя помнікі Горацкага раёна». У аддзеле гісторыі краю дасавецкага перыяду прадстаўлены фотакопія Метрыкі ВКЛ, дзе засведчана першае пісьмовае ўпамінанне пра Горкі; карта сялянскіх хваляванняў 1655 г. Асобныя стэнды займаюць матэрыялы пра Горацкі маёнтак [фотакопія інвентару 1683 г., карта «Гандлёвыя шляхі ў 15 — 18 ст.», калекцыя солідаў (манет) 1660-65 гг., дакументы з пералікам 28 спецыяльнасцей горацкіх рамеснікаў], падзей Паўночнай вайны 1700-21 гг. (фотакопія гравюры Сміта «Пётр Вялікі», копія карты-схемы «Лагер расійскай арміі пад кіраўніцтвам Пятра I з 13 ліпеня па 1 жніўня 1708 г. на р.Проня», бюст Пятра I, скульптура К.Аляксеева і інш.), падзеі вайны 1812 года (карта ваенных дзеянняў рускіх войск пад камандаваннем М.Ажароўскага, дакументы пра барацьбу з французамі сялян в.Машкова Горы-Горацкага маёнтка). Значнае месца адведзена матэрыялам пра заснаванне і дзейнасць Горы-Горацкага земляробчага інстытута. Экспануюцца шматлікія крыніцы, успаміны пра падзеі ў Горках 1863-64 гг., у т.л. фотаздымак удзельніка паўстання М.Янкоўскага, карціна Б.Пярвунінскіх «Выступленне Л.Звяждоўскага на гандлёвай плошчы 24 красавіка 1863 г.»; апісанні рамесных прадпрыемстваў у Горках, прашэнні жыхароў павета на імя цара аб паляпшэнні становішча сялян; фотакопіі газеты «Наша ніва» з нататкай вучня земляробчай школы М.Гарэцкага і інш. У аддзеле савецкага перыяду захоўваюцца матэрыялы аб удзеле землякоў у рэвалюцыйным руху і падзеях грамадзянскай вайны 1918-20 гг.. Экспанаты музея расказваюць пра калектывізацыю ў раёне, лёсы землякоў, якія былі рэпрэсіраваны ў 1920-30-я гг. Пасляваеннае жыццё адлюстроўваюць экспазіцыі «Сельская гаспадарка раёна», «Развіццё прамысловасці, транспарту, бытавога абслугоўвання», «Народная асвета, ахова здароўя, культура». У экспазіцыі, прысвечанай падзеям Вялікай Айчыннай вайны, прадстаўлены матэрыялы пра акупацыю раёна нямецка-фашысцкімі захопнікамі, дзейнасць Горацкага антыфашысцкага падполля, пра землякоў Герояў Савецкага Саюза М.В.Аўдзеева, Р.У.Дольнікава, Ц.Р.Сянькова, Дз.Г.Сухаварава, Ф.А.Угначова, М.Ф.Шындзікава, І.І.Якубоўскага, баявыя дзеянні на тэрыторыі раёна польскай дывізіі імя Т.Касцюшкі, лётчыкаў з авіяэскадрыллі «Нармандыя — Нёман», пра вызваленне Горацкага раёна ад акупантаў. У аддзеле этнаграфіі экспануюцца землеапрацоўчыя прылады, каменныя жорны і ступы, лубяная сявенька, адзенне 2-й палавіны 19 — пачатку 20 ст., вырабы ткацтва, ганчарства, інструменты сталяроў, цесляроў, кавалёў і інш., выданні па вывучэнні этнаграфічных асаблівасцей краю. Мастацкі аддзел аформлены як карцінная галерэя, дзе дэманструюцца творы землякоў-жывапісцаў В.Васільева, Ф.Яўменкі Іінш. У музеі праходзяць выстаўкі мастацкіх твораў, дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Адрас: 213404, г.Горкі, зав.Якубоўскага, 2 |
|