Чацвер, 25.04.2024, 10:50

ГРОДЗЕНСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ГІСТОРЫКА-АРХЕАЛАГІЧНЫ МУЗЕЙ

Галоўная »
ГРОДЗЕНСКІ ДЗЯРЖАЎНЫ ГІСТОРЫКА-АРХЕАЛАГІЧНЫ МУЗЕЙ заснаваны ў г.Гродна 13.06.1922 г. як дзяржаўны музей. Адкрыты для наведвальнікаў 09.12.1922 г. Пасля ўз'яднання Заходняй Беларусі з БССР у 1939 г. пераўтвораны ў краязнаўчы, з 1940 г. — дзяржаўны гістарычны музей. У лістападзе 1944 г. адноўлены як абласны гістарычны музей. 02.08.1945 г. атрымаў сучасную назву, 14.03.2001 г. зарэгістраваны Гродзенскім гарвыканкамам як установа культуры. Музеем у розныя гады кіравалі Ю.Ядкоўскі, Бяльковіч, І.Васілевіч, Э.Г.Разенталь, М.І.Собаль, Я.Ф.Васькова, А.Л.Салаўёва. З 2003 г. дырэктар Ю.В.Кітурка.

Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей

Гісторыя музея пачынаецца ў час польска-савецкай вайны 1919-20 гг., калі г.Гродна быў акупіраваны польскімі войскамі. 12.03.1920 г. Камісія апекі над помнікамі мастацтва і культуры пры Гродзенскім павятовым упраўленні прыняла рашэнне пра збор матэрыялаў для стварэння музея. Адказным за камплектаванне музейных збораў прызначылі краязнаўца Ю.Ядкоўскага. У ліпені 1920 г., калі горад быў вызвалены Чырвонай Арміяй, Гродзенскі ваенна-рэвалюцыйны камітэт выдаў зварот пра збор помнікаў даўніны і мастацтва, а ў жніўні выдзеліў будынак для будучага музея. Аднак у верасні 1920 г. Гродна зноў трапіла пад уладу Польшчы. У верасні 1921 г. Камісія апекі над помнікамі мастацтва і культуры арганізавала першую выстаўку са сваіх збораў, а ў чэрвені 1922 г. прыняла рашэнне аб адкрыцці ў Гродне дзяржаўнага музея. Экспазіцыя размясцілася ў 3 залах і на лесвічнай пляцоўцы ў будынку староства, наведвальнікі маглі ўбачыць матэрыялы археалагічных раскопак Ю.Ядкоўскага, калекцыі паясоў і пісанак, супрасльскіх і гродзенскіх выданняў 15 — 17 ст., карцін 17 — 19 ст. У 1924 г. пачаўся пераезд музея ў Стары замак, але ў сувязі з рамонтам памяшканняў працэс расцягнуўся. Толькі ў 1931 г. экспазіцыя ў Старым замку, якая займала 5 залаў, прыняла першых наведвальнікаў. Музей арганізаваў археалагічныя раскопкі на Замкавай гары ў Гродне, правёў шэраг выставак гродзенскіх, віленскіх, варшаўскіх і беластоцкіх мастакоў. У 1924 г. гарадская Рада атрымала ў падарунак прыродазнаўчыя калекцыі С.Жыўны і вырашыла адкрыць музей прыроды, які адчыніў дзверы ў 1926 г. Экспазіцыя ўключала залы энтамалогіі, арніталогіі, жывёльнага свету, мінералаў.

Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей

У 1940 г. пастановай СНК БССР музей пераведзены ў падначаленне Наркамата асветы БССР, а музей прыроды стаў яго прыродазнаўчым аддзелам. 13.04.1941 г. адкрылася абноўленая экспазіцыя ў Старым замку, якая ўключала аддзелы гісторыі краю і нумізматыкі. Былі адведзены залы для паказу этнаграфічных матэрыялаў і твораў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, калекцый жывапісу еўрапейскіх мастакоў, у т.л. італьянскіх і фламандскіх. У гады фашысцкай акупацыі музей не дзейнічаў. Нямецка-фашысцкія захопнікі разрабавалі або знішчылі значную частку музейных калекцый.

Восенню 1944 г. пастановай СНК БССР быў утвораны Гродзенскі абласны краязнаўчы музей з прыродазнаўчым філіялам. Пастановай СНК БССР ад 02.08.1945 г. ён быў пераўтвораны ў Гродзенскі дзяржаўны гісторыка-археалагічны музей з прыродазнаўчым і літаратурным філіяламі. Выканкам Гродзенскага гарсавета перадаў на баланс музея Стары замак. 05.02.1947 г. адкрыўся для наведвання прыродазнаўчы філіял, 24.07.1949 г. — экспазіцыя гісторыка-археалагічнага аддзела ў правым крыле Старога замка (залы 1 — 3). Пастановай ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР ад 19.09.1967 г. Замкавая гара з усімі архітэктурнымі і археалагічнымі помнікамі аб'яўлена гісторыка-археалагічным запаведнікам.

На працягу пасляваеннай гісторыі музея створаны 6 генеральных экспазіцый аддзелаў гісторыі і прыроды краю (21 зала), адкрыты філіялы «Барысаглебская царква 12 ст.», Музей Максіма Багдановіча (01.01.1995 г. нададзены статус самастойнага музея) і Музей народнай славы. Археалагічныя экспедыцыі музея ўвялі ў навуковы абарот такія помнікі, як летапісны Турэйск, гарадзішча Індура і інш. Праект рэстаўрацыі помнікаў Замкавай гары, у т.л. Старога замка, распачаты ў 1986 г., унёс карэктывы ў дзейнасць музея. Распараджэннем Гродзенскага аблвыканкама ад 03.12.1990 г. музею перададзены Новы замак (цэнтральны корпус і левае крыло). На новых плошчах створаны 4 раздзелы экспазіцыі. Адначасова музей у поўным аб'ёме захаваў сваю экспазіцыю ў Старым замку і пачаў яе абнаўленне. 18.05.1994 адкрыўся філіял — Музей гісторыі Гарадніцы, які размясціўся ў адрэстаўрыраваным жылым доме рамесніка 2-й палавіны 18 ст. і акрамя экспазіцыі ўключае рэканструкцыю інтэр'ера кухні гараджаніна-рамесніка і выставачную залу, дзе праводзяцца выстаўкі твораў народных майстроў.

Асноўны фонд музея (2008) складаюць 168 208 адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 22 748 адзінак. У пастаяннай экспазіцыі прадстаўлена каля 6 тыс. прадметаў. Дзейнічаюць філіял «Музей гісторыі Гарадніцы» і музейны аб'ект «Ніжняя царква — помнік дойлідства 12 стагоддзя», 5 выставачных залаў. Экспазіцыя размешчана ў 29 залах агульнай плошчай 2309 м² і ўключае раздзелы: у Старым замку — «Старажытныя помнікі Панямоння», «Гродна, адкрыты археолагамі», «Гісторыя і культура краю ў 13 — 19 ст.», «Гродзенская даўніна», «Ад Першай да Другой сусветнай вайны», «Гродзеншчына ў гады Вялікай Айчыннай вайны», «Прырода краю»; у Новым замку — «Новы замак. Падзеі і лёс», «Выратаваныя каштоўнасці», «Цудоўны свет прыроды. Насельнікі сушы і акіянаў», «Зброя мінулых стагоддзяў»; у Музеі гісторыі Гарадніцы — «Забудова Гарадніцы і каралеўскія мануфактуры».

У складзе музейных збораў багатыя этнаграфічныя калекцыі, калекцыі дакументаў, флоры і фауны Беларусі, марскіх ракавін, жывёльнага свету розных кантынентаў. Фонд рэдкай кнігі і старадрукаў налічвае больш за 23 тыс. кніг і з'яўляецца адным з буйнейшых у краіне. У ліку яго найбольш каштоўных экспанатаў 3 інкунабулы (кнігі, надрукаваныя да 1501 г. ) і 26 палеатыпаў 1-й палавіны 16 ст. Археалагічныя калекцыі складаюцца з матэрыялаў раскопак стаянак, паселішч, могільнікаў, сярэдневяковых гарадоў і абарончых збудаванняў Гродзеншчыны (больш за 30 тыс. прадметаў). Нумізматычная калекцыя ўключае больш за 30 тыс. манет Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, Венгрыі, Швецыі, Нідэрландаў, Прусіі, Іспаніі 16 — 18 ст., Расіі 18 — пачатку 20 ст.; больш за 20 манетных і манетна-рэчавых скарбаў; ордэны і медалі 19 — 20 ст. У мастацкіх калекцыях абразы 18 — пачатку 20 ст., заходнееўрапейская графіка 17—20 ст., шкло 18—20 ст., меднае ліццё і літургічны посуд 18—19 ст., творы сучаснага беларускага мастацтва.

Музей праводзіць выставачную дзейнасць, прадстаўляючы наведвальнікам не толькі ўласныя калекцыі, але і выстаўкі з Мінска, Масквы, Санкт-Пецярбурга, Стакгольма, Варшавы, Гданьска, Любліна, Сопата, Беластока. На працягу 2007 г. праведзены 40 выставак, у т.л. 26 у музеі і 14 за яго межамі. Навукова-асветніцкая дзейнасць уключае распрацаваныя ў музеі праграмы дадатковай адукацыі «Музей школе», «Сямейны наведвальнік», «Музей дзецям». Для школ горада створана эксперыментальная праграма «Гродназнаўства» (для вучняў 1 — 8-х класаў), мэтай якой з'яўляецца знаёмства з гісторыяй і культурай Гродна ад старажытных часоў да сучаснасці, фарміраванне духоўнага светапогляду грамадзян-патрыётаў, якія не толькі ганарацца гісторыка-культурнай спадчынай роднага горада, але і берагуць яе.

Музей з'яўляецца навукова-метадычным цэнтрам для дзяржаўных і грамадскіх музеяў Гродзенскай вобласці, базай для музейнай практыкі студэнтаў гістарычнага і філалагічнага факультэтаў Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта імя Я.Купалы. Выдаюцца зборнікі «Краязнаўчыя запіскі», складзеныя з навуковых артыкулаў супрацоўнікаў музея (з 1990 г.), апублікаваны гісторыка-архітэктурны нарыс «Гродзенскія замкі», «Каталог выданняў 15— 16 ст. з фондаў Гродзенскага дзяржаўнага гісторыка-археалагічнага музея». Выпускаецца сувенірная прадукцыя (кішэнныя, настольныя і насценныя календары з выявамі экспанатаў і будынкаў музея і інш.).

Адрас: 230023, г.Гродна, вул.Замкавая, 20
Тэл.: +376-152-74-39-14; +375-152-152-74-33-60
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.