Субота, 28.11.2020, 23:07

ІНТЭР'ЕР ХАТЫ

Галоўная »
ІНТЭР'ЕР ХАТЫ – унутраная прастора жылога памяшкання. Уключае канструкцыю і аб'ёмныя формы ўнутранага памяшкання, ягоную структуру, мэбліроўку, асвятленне, расстаноўку рэчаў у хаце. Разнастайныя прадметы ўжытку, начынне, падсобны інвентар, мэбля, тканіны, харчовыя прыпасы займалі ў сістэме інтэр'ера сваё месца, утвараючы паміж сабою і ў адносінах да асобных частак хаты функцыянальную і кампазіцыйную ўзаемасувязь.

Рэканструкцыі інтэр'ера паводле археалагічных, пісьмовых, этнаграфічных крыніцаў належыць важнае значэнне пры вывучэнні гаспадарчага укладу, культуры і паўсядзённага побыту беларусаў са старажытных часоў. Да 1860 – 1870-х гг. вясковыя хаты большасцю былі курнымі, з 2-3 невялікімі валакавымі вакенцамі (высякалі ў двух суседніх вянцах), якія на ноч звычайна зачынялі знутры драўлянымі засаўкамі. Дзверы (сярэдні памер 145 x 100 см) рабілі з колатых і апрацаваных стругам цясінаў, яны паварочваліся ў драўляных гнёздах. Справа або злева ад увахода размяшчалася глінабітная курная печ без коміна. Каля печы знаходзіўся качарэжнік, дзе быў састаўлены пячны інвентар: качарга, вілкі, чапяла, лапата ды інш. У некаторых месцах вусце печы выходзіла ў сенцы, дзе рабілі гаспадарчы закутак і куды выносілі пячны інвентар, частку посуду і іншыя рэчы хатняга ўжытку. Над вусцем печы (пад столлю) замацоўваўся ашэстак (перасоўка), на якім сушылі адзенне, тканіну, зёлкі. У верхніх вянцах зруба, часцей у столі, бліжэй да сярэдзіны хаты рабілі адтуліну (верхнік) для дыму. Супраць печы каля увахода размяшчаўся гаспадарчы куток («бабін кут», мыцельнік), дзе каля дзвярэй стаяла кадушка з вадою (вадзянка), а на лаве – драўляныя вёдры, даёнка, карцы, сальніца, бельчык і інш. На сцяне вісела кухонная паліца з посудам, побач – лыжачнік (драўляная планка з гнёздамі для лыжак і апалонікаў), каля дзвярэй на круках – паўсядзённая верхняя вопратка (світа, бурнос, кажух, курта). Каля вугла печы, звернутага ўнутр памяшкання, знаходзіўся канёвы стоўб (конь), што служыў апорай для спальнага памосту. Частку памяшкання ад печы да тарцовай (кутняй) сцяны займаў спальны памост – пол. На ім ляжалі напханы сенам ці саломай сяннік, падушкі, посцілкі; часам памост падзяляўся на дзве часткі ўзорным тканым полагам. Вышэй на ўзроўні лежака печы быў больш вузкі пол (або палаці). Пад столлю ўздоўж сценаў мацавалі па дзве паралельныя тонкія жэрдкі – грады, на якіх сушылі лучыну, ляжалі прылады ткацтва, кудзелі воўны і лёну, маткі прадзіва і нітак, талек рознай велічыні, лыка на лапці, загатоўкі з дрэва, аўчыны і інш. Месца пад памостам (падполле) часам перагароджвалі на два адсекі, дзе захоўваліся гародніна, некаторыя прадметы ўжытку. Уздоўж вокнаў (амаль на ўсю даўжыню сценаў) ставілі лавы.

На скрыжаванні лаваў, на покуці часам ставілі хлебную дзяжу сімвал дастатку і дабрабыту. Покуць (красны кут) – найбольш шаноўнае месца ў хаце, асвечанае ўстойлівай традыцыяй духоўнага жыцця. Яна выконвала важную ролю ў паўсядзённых звычаях і абрадах. На покуці развешвалі абразы, убраныя ўзорнымі ручнікамі (набожнікамі), пучкі асвечаных жытнёвых каласоў і кветак, да столі над сталом падвешваўся павук. Нярэдка абразы змяшчалі ў бажніцу. Найбольш устойлівая сувязь у структуры інтэр'ера – размяшчэнне покуці па дыяганалі ад печы. Гэты звычай адпавядаў народным уяўленням пра структуру сусвету. На покуці стаяў засланы абрусам стол, на ім звычайна пакідалі хлеб, соль, прыкрытыя ручніком ці абрусам. За абедам уся сям'я садзілася за стол, на покуці займаў месца гаспадар, каля яго па старшынстве іншыя сямейнікі.

Апрача лаваў і палічак шырока ўжываліся ўслоны, зэдлікі, табурэцікі, дзіцячыя стойкі, хадуны, розных канструкцыяў калыскі і інш. Падлога ў хатах была глінабітная ці земляная і драўляная сустракалася. Часам драўляную падлогу насцілалі толькі каля кутняй сцяны. Узімку сялянская хата ператваралася ў рамесную майстэрню. У доўгія вечары пры святле лучніка, светача ці каганца тут рабілі лыжкі і посуд, плялі лапці і розныя ёмістасці, пралі, ткалі, шылі адзенне, вышывалі. Пры кутняй сцяне ці бліжэй да парога паміж покуццю і «бабіным кутом» ставілі кросны.

Пасля адмены прыгоннага права адбыліся прыкметныя змены ў народным побыце і культуры, што адбілася і на арганізацыі сялянскага жылля. Курныя печы паўсюдна замянілі на «чыстыя», ці «белыя», з дымаходам, нярэдка з камінкам, на якім па вечарах палілі асмол ці лучыну. Павялічыліся памеры вокнаў з зашклёнымі рамамі. Падлогу насцілалі цёсам ці дошкамі. Скляпеністая столь саступіла месца сучаснай гарызантальнай. Замест спальнага пола (ці разам з ім) выкарыстоўвалі драўляныя ложкі. Паступова зніклі палаці. Пры кутняй сцяне ставілі куфар, які замяніў сабой традыцыйны кубел. Значную ролю ў мастацкім аздабленні хатняга інтэр'ера адыгрывалі прадметы ўзорнага ткацтва (посцілкі, дываны, абрусы, ручнікі). Сцены хатаў нярэдка склюдавалі (абчэсвалі бярвёны склюдам) знутры, што давала магчымасць больш поўна выявіць натуральную фактуру дрэва і яго дэкаратыўныя ўласцівасці.

Мэбляванне і размяшчэнне разнастайных прадметаў ужытку ў хаце ў многім залежалі ад памераў і структуры жылля і яго суадносінаў з падсобнымі памяшканнямі – сенцамі, каморай, клеццю, варыўняй. У пяцісценцы (тыпу хата + хата + сенцы) печ і гаспадарчы кут аддзялілі ад параднага памяшкання, дзе заставаліся традыцыйная покуць, шафа ці куфар з чыстым адзеннем і бялізнай, стаялі ложкі, услоны, крэслы.

Арганізацыя інтэр'ера ў трохкамерным жыллі (тыпу хата + сенцы + хата) ішла як па шляху функцыянальнага размежавання на больш чыстае і звычайнае будзённае памяшканні, так і ў выніку сямейных падзелаў, калі побач праз сенцы прыкладна ў аднолькавых умовах жылі дзве самастойныя сям'і. Ва ўсіх выпадках інтэр'ер у значнай ступені адлюстроўваў сацыяльнае становішча гаспадароў, іх сямейныя традыцыі, індывідуальныя густы.

У наш час інтэр'ер сялянскай хаты прыкметна змяніўся. Аднак індустрыйныя метады будаўніцтва, прамысловая тыпізацыя канструкцыяў і абсталявання не пазбаўляюць народнае жыллё індывідуальнага хараства і мастацкай выразнасці. Інтэр'ер сучаснага жылля злучае дасягненні культуры і вытворчасці, якія спалучаюцца з выпрабаванымі ў мінулым спосабамі мэблявання і убранства, заснаванымі на самадзейным мастацтве і традыцыях мясцовых промыслаў.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [251]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [163]
Адукацыя [20]
Спорт [925]
Здарэнні [243]
Грамадства [311]
Эканоміка [13]
Транспарт [95]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [17]
Каляндар
«  Лістапад 2020  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
30
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.