Чацвер, 25.04.2024, 13:51

ІШКАЛДСКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ

Галоўная »
ІШКАЛДСКІ КАСЦЁЛ НАЙСВЯЦЕЙШАЙ ТРОЙЦЫ размяшчаецца на невялікім пагорку ў паўднёва-ўсходняй частцы вёскі Ішкалдзь Баранавіцкага раёна Брэсцкай вобласці. Пабудаваны ў другой палавіне 15 ст. (да 1472 г.) з цэглы. Перад храмам у канцы 20 ст. пастаўлены бутавы грот з Мадоннай.


У жыццяпісах віленскіх біскупаў адзначана, што староста віцебскі, смаленскі, любельскі і мцэнскі Мікалай Неміровіч пабудаваў у сваім маёнтку Ішкалдзь мураваны касцёл у 1472 г. і ахвяраваў яму свой маёнтак. У першай палавіне 16 ст. пры князі Мікалаі Радзівіле Чорным касцёл стаў кальвінскім зборам. У 1641 г. ўладальнікі вёскі Радзівілы аднавілі ў ім каталіцкае набажэнства. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 гг. пашкоджаны. Інвентар 1675 г. адзначае, што храм пабудаваны больш за 200 гадоў назад «цвінтар касцёла здаўна быў мурам абмураваны і валам асыпаны... Але рэфарматы (пратэстанты — А.К.), у руках якіх касцёл быў 50 гадоў, сцены цвінтарныя знішчылі». Апісанне 1782 г. называе касцёл старасвецкім, адзначае высокі дах, старадаўняе скляпенне, аднабаковае размяшчэнне вузкіх вокнаў. У 1866 г. набажэнствы ў храме былі забаронены. У 1868 г. пры ўладальніку маёнтка Вітгенштэйне храм пераасвячоны ў прыходскую Троіцкую царкву (пастаўлены іканастас, надбудаваны дзве цыбулепадобныя галоўкі, адасоблена пастаўлена драўляная званіца). Адлюстраваны на малюнку Напалеона Орды 1876 г. У 1898 г. пабудавана драўляная царкоўнапрыходская школа. У 1918 г. храм зноў вернуты католікам. У 1969 г. закрыты. У 1970-я гг. рэстаўрыраваны, вернуты парафіянам. У канцы 19 ст. побач з храмам стаяла драўляная чатырохслуповая званіца пад гонтавым дахам.


Храм — архітэктурна-гістарычны рарытэт позняй готыкі на Беларусі. Яго самабытная архаічная архітэктурна-стылёвая трактоўка і масіўная пластыка па структурнай і дэкаратыўнай аснове знаходзіцца ў агульным рэчышчы з абарончымі храмамі Заходняй Еўропы. Кампактны прамавугольны ў плане аб'ём (агульная даўжыня 26,4 м, шырыня 13,6 м) з пяціграннай апсідай і бакавой двухпавярховай сакрысціяй (наверсе размяшчалася скарбніца) з цыліндрычнай вежай накрыты высокім стромкім дахам (у другой палавіне 19 — пачатку 20 ст. па цэнтры меў цыбулепадобны купал на васьмігранным барабане, не захаваўся). Выцягнутая апсіда накрыта дахам з вальмамі над гранямі. Археалагічныя знаходкі старажытнай дахоўкі сведчаць аб першапачатковым пакрыцці дахаў чарапіцай з зялёнай палівай. Стылістыку храму надаюць вуглавыя пластычна абмаляваныя контрфорсы, глыбокія нішы якіх былі разлічаны на скульптуру. Асноўнае ўражанне стварае галоўны фасад, плоскасць якога завершана двухсхільным шчыпцом, умацаваным пластычнымі контрфорсамі і крапаванымі арачнымі нішамі, прарэзана архаічным стральчатым праёмам увахода, акаймаваным познагатычнай прамавугольнай ліштвай. Фасадныя нішы першапачаткова былі атынкаваныя і пабеленыя, што стварала маляўнічы ўзор на фоне чырвонай муроўкі. Дзверы галоўнага ўвахода — твор дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Яны ўпрыгожаны выразнымі па малюнку каванымі ўзорчатымі кратамі. Другі, больш вузкі арачны дзвярны праём размешчаны на паўднёвым фасадзе. Бакавыя фасады арытмічна расчлянёны вузкімі арачнымі аконнымі праёмамі. Першапачаткова неатынкаваныя фасады былі разлічаны на эфект фігурнай муроўкі ў выглядзе рамбічнага ўзору з цэглы-жалязняку. Сцены выкладзены з цэглы (26—27 х 12,5—13 х 6,5—7 см) на вапнава-пясчанай рошчыне ў тэхніцы балтыйскай муроўкі.


Чатыры магутныя васьмігранныя слупы падзяляюць інтэр'ер на тры нефы і нясуць на сабе гатычныя стральчатыя нервюрныя скляпенні. Бакавыя больш вузкія нефы перакрыты крыжовымі скляпеннямі і нагадваюць абходную галерэю. Малітоўная зала злучана з апсідай спічастай аркай (калі храм быў праваслаўнай царквой, апсіду вылучаў драўляны трох’ярусны іканастас з перламутравай афарбоўкай з залачэннем і 14-ю абразамі). Да заходняй сцяны сакрысціі далучаецца вітая лесвіца, якая вядзе на другі паверх і ў паддашша касцёла. Драўляны алтар выкананы ў стылі неаготыкі — трохчасткавая кампазіцыя ў выглядзе стральчатых арак, фланкіраваных вімпергамі; у цэнтральнай арцы размешчаны абраз,у бакавых — скульптурныя выявы святых. Алтар асвятляецца вітражамі. У заходняй частцы залы, над уваходам, размешчаны драўляныя паўкруглыя абмежаваныя філёнгавым з трыльяжным арнаментам парапетам хоры з невялікім арганам і фісгармоніяй позняй работы. На бакавой сцяне навешаны драўляны амбон. Пад апсідай скляпеністая крыпта (засыпана зямлёй).


Інтэр'ер на мяжы 15—16 ст. быў пакрыты фрэскавым роспісам, які ўжо ў 1782 г., паводле інвентарных звестак, прыйшоў у заняпад (магчыма, захаваўся пад пазнейшай тынкоўкай). У інвентары 1675 г. гаворыцца: «унутры самаго касцёла сцены старым намаляваннем аздоблены, але з-за агню ад непрыяцеля закураны». Інвентар 1782 г. пацвярджае, што «сцены, скляпенні, слупы былі калісьці аздоблены маляваннем розных асоб, фігур, кветак і г.д. Аднак на большай частцы сцерлася, запылілася, ад зацёку вады пазелянела...». У 1837 г. адзначана, што ўсё «маляванне» сцерлася.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 7
Гасцей: 7
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.