Пятніца, 29.03.2024, 09:49

ІВАЦЭВІЧЫ

Галоўная »
ІВАЦЭВІЧЫгорад, цэнтр раёна Брэсцкай вобласці. На правым беразе р.Грыўда, за 135 км на паўночны ўсход ад Брэста. Чыгуначная і аўтобусная станцыі на лініі Брэст - Мінск. 26,2 тыс. жыхароў (2008).

Івацэвічы
Герб Івацэвічаў

Паводле даследаванняў гісторыка М.Любаўскага, паселішча існавала ў 13-15 ст., у пісьмовых крыніцах упершыню ўпамінаецца ў 1519 г. ў акце Літоўскай метрыкі аб перадачы гарадзенскім купцам за даўгі маёнтка Івацэвічы, уладання Юндзілаў. Маёнтак Івацэвіцкі двойчы згадваецца пры апісанні граніц пушчаў і пераходаў звярыных ВКЛ, складзеных у 1559 г. У лістападзе 1560 г. селянін Станіслаў Белавус спаліў тут лесапільню гаспадара. Сярод уладальнікаў маёнтка Юндзілы, Сапегі, Халецкія і інш. З 2-й паловы 16 ст. ў Слонімскім павеце Навагрудскага ваяводства ВКЛ. Каля 1750 г. пабудаваны мураваны касцёл Узвіжання Святога Крыжа, які ў 1866 г. аддадзены пад праваслаўную царкву, а ў 1922 г. вернуты католікам. У канцы 18 ст. ў маёнтку Івацэвічы пабудаваны бровар і смалакурня.

З 1795 г. ў складзе Расійскай імперыі, у Слонімскай, з 1796 г. ў Літоўскай, з 1802 г. ў Гродзенскай губернях. З пракладкай чыгункі Масква - Брэст (уведзена ў эксплуатацыю 29.11.1871) пачала працаваць чыгуначная станцыя, побач з маёнткам Івацэвічы ўзнікла невялікае пасяленне, якое з развіццём лесараспрацовак расло. У канцы 19 ст. працавалі бровар, цагельня (200 рабочых на пачатку 20 ст.), сукнавальня, вадзяны млын. У 1905 г. вёска і маёнтак у Боркінскай воласці Слонімскага павета, 97 жыхароў.

Івацэвічы
Касцёл Узвышэння Святога Крыжа

У 1-ю сусветную вайну акупіраваны германскімі войскамі, у 1919-20 гг. – войскамі Польшчы. Савецкая ўлада існавала ў ліпені-жніўні 1920 г. У 1921-39 гг. ў складзе Польшчы, мястэчка ў Косаўскім павеце Палескага ваяводства. У 1921 г. – в. Івацэвічы ў Боркі-Гічыцкай гміне, 14 двароў, 78 жыхароў; фальварак, 10 двароў, 151 жыхар; чыгуначная станцыя, 21 будынак, 144 жыхары. У 1920-я г. на чыгуначнай станцыі Івацэвічы жыло 1860 чалавек, знаходзіліся гміннае і паштова-тэлеграфнае праўленні. Маёнтак і лясы каля Івацэвіч належалі графу Юндзілу. У 1920 г. дзейнічалі лесазавод «Віс», амбулаторыя. У 1935 г. каля 1500 жыхароў. Дзейнічала падпольная ячэйка КСМЗБ. У 1929 г. на лесапільным заводзе Рамболь працавала 48 рабочых. У 1934 г. адбылася забастоўка, баставала 306 рабочых лесапільных заводаў. Іх падтрымалі 150 рабочых, якія працавалі на ўрэгуляванні р.Грыўда. З 1939 г. ў складзе БССР, з 1940 г. ў Косаўскім раёне Брэсцкай вобласці. У 1940 г. 600 двароў, 2415 жыхароў, МТС (у аднайменным былым маёнтку), лесазавод, спіртзавод, смалакурня, электрастанцыя, млын, крупарушка, абутковая арцель, 3 хлебапякарні, 7-гадовая школа, аддзяленне сувязі, бальніца, урачэбны ўчастак, дзіцячы сад. З 24.06.1941 г. да 12.07.1944 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У Вялікую Айчынную вайну загінулі 362 жыхары, з іх не вярнуліся з фронту 215. Значная колькасць ахвяр г.Івацэвічы – жыхары яўрэйскай нацыянальнасці, расстраляныя фашыстамі ў 1942 г. ва ўрочышчы Жвіроўня. Дзейнічала патрыятычная падпольная група (кіраўнік Ф. Бяляеў). Вызвалялі Івацэвічы часці 20-га стралковага корпуса 28-й арміі 1-га Беларускага фронту з удзелам партызан 8-й партызанскай брыгады Брэсцкага партызанскага злучэння. У баях за горад загінулі 162 савецкіх воінаў і партызан (пахаваны ў брацкіх магілах на гарадскіх могілках і ў скверы па вул. Савецкай). У 1948 г. на брацкай магіле пастаўлены абеліск, у 1956 г. помнік – скульптура воіна. У маі 1942 г. гітлераўцамі павешаны сакратар Яглевіцкай падпольнай камсамольскай арганізацыі партызанскі сувязны В.С. Клютко (пахаваны ў в.Яглевічы). У 1966 г. на месцы загубы В.С.Клютко пастаўлена стэла. М.В.Гойшык, падрыўнік партызанскай брыгады імя Ф.Э.Дзяржынскага, 24.04.1944 г. з мінай кінуўся пад эшалон з танкамі, гарматамі і жывой сілай ворага. Юны герой пахаваны на партызанскіх могілках ва ўрочышчы Гута-Міхалін, пасмяротна ўзнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 1 ступені. Імем М.В.Гойшыка названа вуліца ў Івацэвічах, ёсць пакой-музей М.В.Гойшыка. Пры вызваленні Івацэвіч загінуў адзін з арганізатараў і кіраўнікоў партызанскага руху на тэрыторыі Брэсцкай вобласці К.Таточка, імем якога таксама названа вуліца ў Івацэвічах.

Івацэвічы
Пункт геадэзічнай дугі Струвэ "Івацэвічы"

Івацэвічы
Івацэвічы
Былы палац Юндзілаў. Цяпер корпус івацэвіцкай бальніцы

З 20.09.1947 г. – гарадскі пасёлак, цэнтр Івацэвіцкага раёна. У 1959 г. – 5,2 тыс. жыхароў. У 1962-65 гг. у Бярозаўскім раёне. З 28.05.1966 г. – горад. У 1961 г. сярэдняя школа, школа рабочай моладзі. У 1971 г. – 8 тыс. жыхароў. У 1984 г. Дом Саветаў, гасцініца, універмаг, рэстаран. Прамысловасць горада была звязана з пераапрацоўкай драўніны і сельскагаспадарчай сыравіны: вытворчае дрэваапрацоўчае аб'яднанне, завод жалезабетонных вырабаў, спіртзавод, ільнозавод, маслазавод, хлебакамбінат, леспрамгас, камбінат бытавога абслугоўвання, раённае аб'яднанне сельгастэхнікі, метэастанцыя. Меліся 2 сярэднія школы, школа рабочай моладзі, музычная і дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, 5 дзіцячых дашкольных устаноў, кінатэатр, Дом культуры, 3 бібліятэкі, бальніца. Выдавалася газета «Кастрычнік»; дзейнічала зона адпачынку на р.Грыўда.

Івацэвічы
Касцёл Святых Пятра і Паўла

У 1995 г. 17 тыс. жыхароў, у 1997 г. – 19,7 тыс. Размешчаны прамысловыя прадпрыемствы: вытворчае аб'яднанне «Івацэвічыдрэў» спіртзавод, ільнозавод, прыборабудаўнічы і жалезабетонных вырабаў заводы, малаказавод, камбінаты кааператыўнай прамысловасці і бытавога абслугоўвання, 2 лясгасы, леспрамгас, райсельгастэхніка, станцыя тэхнічнага абслугоўвання, будаўнічыя арганізацыі, рамонтна-будаўнічы ўчастак, а таксама метэастанцыя, ліцэй, 3 сярэднія і музычная школы, дзіцяча-юнацкі клуб фізічнай падрыхтоўкі, 6 дзіцячых садоў, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, Дом дзіцячай творчасці, Дом культуры, 2 бібліятэкі, музей імя Мікалая Гойшыка, тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, кінатэатр, 30 магазінаў, бальніца, 4 паліклінікі, 8 аптэк, камбінат бытавога абслугоўвання, гасцініца, аддзяленне сувязі і інш. Выдаецца газета «Івацэвіцкі веснік», вядзецца раённае радыёвяшчанне. На двух брацкіх магілах помнікі воінам і партызанам Вялікай Айчыннай вайны. Каля Івацэвіч на шашы Брэст-Мінск помнік піянеру-герою Мікалаю Гойшыку. Абеліск на месцы пакарання смерцю нямецка-фашысцкімі акупантамі партызанскага сувязнога Віктара Клютко. Помнікі воінам-афганцам, Леніну. Праваслаўная царква. Рэшткі старой каталіцкай капліцы. Чыгунка падзяляе горад на паўночную – жылую і паўднёвую – прамысловую часткі. Забудова ажыццяўляецца па генплану 1968 г. На перакрыжаванні галоўных вуліц склаўся адміністрацыйна-грамадскі цэнтр. Жылыя дамы ў цэнтры пераважна мураваныя, шматпавярховыя. Астатняя забудова – драўляная, аднапавярховая.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.