Панядзелак, 23.10.2017, 12:39

ІВЯНЕЦКІ КАСЦЁЛ АРХАНГЕЛА МІХАІЛА І КЛЯШТАР ФРАНЦЫСКАНЦАЎ


ІВЯНЕЦКІ КАСЦЁЛ АРХАНГЕЛА МІХАІЛА І КЛЯШТАР ФРАНЦЫСКАНЦАЎ размяшчаецца на правым беразе ракі Волма ў цэнтры гарадскога пасёлка Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобласці. Пабудаваны ў 18 ст. з цэглы. Комплекс былога кляштара манахаў-францысканцаў акрамя касцёла ўключае жылы корпус і фрагмент агароджы з вуглавой вежай і цэнтральнай брамай.


У 1606 г. Ян Давойна паставіў у Івянцы драўляны двухвежавы касцёл. У 1702 г. мінскі стольнік Тэадор Ваньковіч даў манахам-францысканцам фундуш на будаўніцтва кляштара. У 1704 г. пад кіраўніцтвам мясцовага майстра А.Чаховіча і намаганнямі айца Альбярціна ўзведзены драўляны касцёл (згарэў у 1709 г.). У 1745 г. пабудаваны новы храм па фундацыі ўладальніка мястэчка Я.Салагуба. Праз 100 гадоў касцёл пацярпеў ад пажару. У 1856—60 гг. архітэктар В.Бяляўскі і мастак Я.Кураткевіч правялі яго рэстаўрацыю. Паводле загаду міністра Цімашава ад 28.11.1868 г. касцёл пераабсталяваны пад Троіцкую праваслаўную царкву (у крыпце пад храмам створаны прастол у імя святога архангела Міхаіла). У 1918 г. будынак вернуты католікам. У 1948 г. касцёл закрыты. Рэстаўрыраваўся ў 1980—90-я гг. (архітэктар І.Маскалёў). У 1990 г. вернуты вернікам.

Кaсцёл — помнік архітэктуры ракако. Стыль увасобіўся ў складанай арганізацыі галоўнага ўсходняга фасада — асноўнага архітэктурна-пластычнага акцэнту будынка. Пластычнасць дасягаецца высунутымі наперад дэталямі, хвалістымі карнізамі, бакавымі пяціяруснымі вежамі і фігурным шчытом паміж імі. Аналагічныя фігурныя шчыты завяршаюць прамавугольную апсіду і скругленыя крылы трансепта. Над парталам галоўнага ўвахода — характэрны па малюнку атэктанічны шматлопасцевы арачны праём, фланкіраваны паўкалонамі. Бакавыя дэкаратыўна спрошчаныя фасады апяразаны шырокім прафіляваным карнізам, расчлянёны пілястрамі ў прасценках лучковых аконных праёмаў.

Неф касцёла перакрыты цыліндрычным скляпеннем з распалубкамі і падпружнымі аркамі. Крылы трансепта і алтар адкрываюцца ў асноўнае памяшканне шырокімі арачнымі праёмамі. Ракайльны акцэнт у афармленне інтэр'ера ўнесены хвалістым парапетам «арганнага праспекта», размешчанага на двух слупах пры ўваходзе, а ў канцы залы — тры стукавыя алтары са шматлікімі калонамі, архітэктурнай і дэкаратыўнай пластыкай. Непаўторны каларыт стваралі пазалочаныя ракайльныя капітэлі.

3 заходняга боку ад касцёла размешчаны Г-падобны двухпавярховы жылы корпус, сцены якога расчлянёны лучковымі аконнымі праёмамі ў простых ліштвах і шырокімі пілястрамі ў прасценках. Манаскія келлі аб'яднаны скляпеністай галерэяй. Вертыкальны рух касцёла гарманічна стрымлівае працяглая гарызанталь мураванай сцяны-агароджы з гранёнай шатровай вежай і барочнай руставанай брамай, фігурны франтон якой аналагічны шчыту храма на фасадзе.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [249]
Каталог файлаў [96]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [136]
Адукацыя [13]
Спорт [464]
Здарэнні [116]
Грамадства [233]
Эканоміка [10]
Транспарт [66]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [9]
Каляндар
«  Кастрычнік 2017  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
      1
2345678
9101112131415
16171819202122
23242526272829
3031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.