Серада, 23.08.2017, 16:39

ІЎЕЎСКІ КАСЦЁЛ СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА І ПАЎЛА


ІЎЕЎСКІ КАСЦЁЛ СВЯТЫХ АПОСТАЛАЎ ПЯТРА І ПАЎЛА размяшчаецца ў цэнтры гарадскога пасёлка Іўе Гродзенскай вобласці. Пабудаваны ў 18 ст. з цэглы. Да мураванага касцёла далучаўся жылы корпус (захаваліся заходняе і часткова ўсходняе крылы). Кляштар аддзелены ад былога мястэчка насыпам, які меў абарончае значэнне.


Першапачатковы аднанефавы касцёл узведзены ў 1499 г. па фундацыі троцкага ваяводы Пятра Яновіча, пры ім існаваў драўляны кляштар. Касцёл пашыраны ў 1631 г. пры Мікалаі Кішку, які заснаваў пры храме з дазволу віленскага біскупа Абрама Войны кляштар бернардзінцаў, мураваны корпус якога далучаўся да паўночнага фасада касцёла. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 гг. касцёл спалены. Новы храм асвячоны ў 1787 г. У 1858 г. кляштар скасаваны і прыстасаваны пад прыходскае вучылішча.


Архітэктура кaсцёл а мае рысы готыкі, рэнесансу, барока і ракако. Двухсхільны дах асноўнага аб'ёму пераходзіць у гранёнае пакрыццё больш нізкай пяціграннай апсіды з буйнымі контрфорсамі па вуглах (рудыменты готыкі, сцены храма і апсіды ўзведзены ў тэхніцы гатычнай муроўкі). Лагічным працягам гэтай ступеньчатасці з'яўляецца вышынны франтальны фасад. Яго пластычная распрацоўка адлюстроўвае розныя этапы будаўніцтва: простая і строгая з выразнай пілястравай крапоўкай сцяны і яе падзелам карнізам на два ярусы — рэнесанс пачатку 17 ст.; вытанчаныя і насычаныя вертыкальна выцягнутыя вежы з фігурнымі ківорыямі ў завяршэнні і фігурны шчыт паміж імі — ракако сярэдзіны 18 ст. Цэнтральны ўваход вырашаны лучковым праёмам, над якім высокае паўцыркульнае акно хораў. Гладкія бакавыя сцены прарэзаны паўцыркульнымі аконнымі праёмамі і апяразаны тонкапрафіляваным карнізам. У 19 ст. да паўночнай сцяны касцёла прыбудавана капліца.


Унутраная прастора чатырмя магутнымі слупамі падзелена на тры крыжова-скляпеністыя нефы, у цэнтральны з якіх выступае хвалістая галерэя хораў. Пластыка-дэкаратыўным упрыгожаннем інтэр'ера з'яўляюцца шэсць алтароў (другая палавіна 18 ст.). Галоўны з іх — архітэктанічная калонна-пілястравая кампазіцыя, завершаная акругла-выгнутым крапаваным антаблементам з лучковым франтонам і скульптурнымі паліхромнымі выявамі анёлаў, святых апосталаў Пятра і Паўла, Укрыжавання. Скульптурай і арнаментальнай разьбой дэкарыраваны бакавыя драўляныя алтары. У пачатку 20 ст. сцены і скляпенні размаляваны ў карычнева-чырвонай і шэра-блакітнай гаме. Абразы канца 18 ст. «Укрыжаванне з прадстаячымі» і «Тройца Новазапаветная».


Архітэктура двухпавярховага жылога корпуса, які ўтварае прамавугольны ўнутраны двор з паўночнага боку касцёла, захоўвае рысы ранняга барока. Галерэяй, якая аб'ядноўвае келлі, корпус злучаны з апсідай. Мастацка-дэкаратыўная рэліквія будынка — печ 17 ст., пакрытая тэракотавай кафляй з раслінным і геаметрычным арнаментам.

Крыніца: Кулагін А. М. Каталіцкія храмы Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін;
фатограф А. Л. Дыбоўскі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2008. — 488 с.: іл.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [249]
Каталог файлаў [96]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [136]
Адукацыя [12]
Спорт [441]
Здарэнні [109]
Грамадства [227]
Эканоміка [10]
Транспарт [66]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [7]
Каляндар
«  Жнівень 2017  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.