«КАБЫЛА» – гульня-паказ і маска-персанаж у старажытным калядным абрадзе. Называлася таксама «кабылка», «конь», «вадзіць кабылу».
Абрад звязаны з традыцыяй земляробчых святкаванняў зімовага сонцазвароту. Мяркуюць, што пачатак бярэ з часоў язычніцтва. Найбольш пашыраная на Палессі, дзе захавалася і ў наш час як элемент
калядавання.
«Кабылу» рабілі з двух рэшатаў, якія замацоўвалі на канцах кія, спераду прыладжвалі галаву з вушамі, ззаду – хвост. Іншы варыянт: з пруткоў ці сцяблінаў лазы спляталі каркас, з палатна сшывалі галаву, якую напіхвалі саломай, грыву і хвост рабілі з пянькі. «Кабыла» мела выгляд чалавека на кані, вершніка. Паміж рэшатамі ці ў «рэбры» ўлазіў хлопец, якога накрывалі старой світкай ці посцілкай, каб не было бачна ягоных ног. У Гомельскім павеце месцамі яшчэ на галаву «Кабылкі» надзявалі
аброць і вешалі званочак.
«Кабыла» – своеасаблівая карнавальная гульня, вясёлы тэатралізаваны наказ, святочная забава – менавіта так яна ўспрымалася ўдзельнікамі і гледачамі. Часам яна вельмі нагадвала «Казу», але замест «дзеда» ў ёй дзеіў «цыган» у падраным каптане, з размаляваным сажаю тварам, з пугаю ў руцэ. Сцэнка складалася з «муштроўкі», «смерці» і «ўваскрасення» «Кабылкі».
Элементы гульні ўвайшлі таксама ў паказы народнага тэатра. Так, у народнай драме «Цар Максіміліян» разыгрывалася сцэна абмену коней. Самарэкамендацыя «цыгана», апавяданне пра ягоныя прыгоды зафіксаваныя ў наказах народнай драмы і
батлейкі.