Чацвер, 25.04.2024, 18:00

КАЛІНКАВІЦКІ СТРОЙ

Галоўная »
КАЛІНКАВІЦКІ СТРОЙ – традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення на Усходнім Палессі. Бытаваў у XIX – 1-й паловы XX ст. пераважна ў Калінкавіцкім, Светлагорскім і Жлобінскім раёнах. Адметны дасканала распрацаванай і выверанай арнаментыкай натыкання і вышывак, своеасаблівымі, з мноствам пышных фальбонак, каўнярамі жаночых кашуляў, прыгожымі багата аздобленымі гарсэтамі.

калінкавіцкі строй
Калінкавіцкі строй. Жанчыны ў святочным адзенні.
Вёска Мармарычы Светлагорскага раёна


Аснову жаночага летняга гарнітура складалі кашуля, спадніца-андарак, фартух, гарсэт, галаўны ўбор. Кашулю шылі з трох полак саматканага белага палатна, з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным прышытым ці здымным каўняром з мноствам пышных фальбонак, падобным да каўняра заходнееўрапейскага свецкага касцюма XVI ст. Аздаблялі кашулю натыканнем (пераборы), вышыўкай на каўняры (процягам, пляцёнкай, крыжыкам, сакаленнем), рукавах (шырокая паласа арнаменту ў верхняй частцы рукава ў адных выпадках рэзка абрывалася, у другіх – паступова пераходзіла ў больш лёгкі, празрысты малюнак), плечавых устаўках, падоле, а таксама карункамі, мохрыкамі, нашыўкамі тканін. Спадніцу-андарак кроілі з чатырох полак саматканага сукна ў вертыкальныя пункцірныя рознаколерныя паскі на сакавіта-малінавым фоне і ў рознаколерныя паскі на цёмна-чырвоным фоне, якія ўтваралі буйную клетку. Да верху спадніцы, сабранага ў дробныя складкі, прышывалі спецыяльна вытканы пояс. Фартух шылі з дзвюх полак палатна, злучалі іх дэкаратыўным швом-расшыўкай. Белае поле фартуха натыкалася строгім арнаментам з прамавугольнікаў і квадратаў і тонка распрацаваным арнаментам гарызантальных палос. Гарсэт шылі з тонкага саматканага, злёгку прываленага сукна або фабрычных тканін – шарсцянкі, аксаміту, атласу, саціну чорнага (радзей цёмна-фіялетавага, цёмна-вішнёвага ці сіняга). Кроіўся прыталеным з баскай у форме чатырох кліноў або пышнай фальбоны, зашпіляўся спераду на гаплікі. Крыссё яго абапал засцёжкі аздаблялі нашыўкай тасьмы розных колераў, упрыгожвалі металічнымі і касцянымі гузікамі, машыннай ці ручной строчкай. Традыцыйнымі галаўнымі ўборамі дзяўчат былі вянкі, розныя паводле крою і аздаблення павязкі накшталт маленькіх ручнікоў – скіндачкі. Замужнія жанчыны насілі наміткі, хусткі, чапцы са скіндачкай, донца якіх вышывалася густым чырвоным арнаментам.

калінкавіцкі строй
Калінкавіцкі строй. Жанчыны ў святочным адзенні.
Вёска Залатуха Калінкавіцкага раёна


Аснову мужчынскага адзення складалі кашуля з поясам і нагавіцы. Тунікападобную кашулю шылі з белага кружэльнага палатна, аздаблялі паскамі геаметрычнага арнаменту на каўняры, пазусе, плячах, рукавах і падоле. Адзенне дапаўнялася галаўным уборам (магерка, аблавуха), скураной кайстрачкай-калітой, а таксама скураным чэхлікам для ножыка, грабеньчыка.


Аўтар: М.Ф. Раманюк
Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 1

vitalis
Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.