Пятніца, 29.03.2024, 00:36

КАЛЯНДАРНА-АБРАДАВАЯ ПАЭЗІЯ

Галоўная »
КАЛЯНДАРНА-АБРАДАВАЯ ПАЭЗІЯ – від фальклору, які суправаджаў аграрныя святы і працу земляроба на працягу гаспадарчага года. Яе вытокі ў родавым грамадстве.

У самым старажытным пласце каляндарных абрадаў, павер'яў, песень праглядае культ сонца. Невыпадкова і найболыныя земляробчыя ўрачыстасці, святкаванні (упершую чаргу каляды, купалле) прыпадалі на зімовае летняе сонцастаянне. Назіранні старажытнага чалавека над кругазваротам сонца, зменамі ў прыродзе, біялагічнымі цыкламі раслінаў і жывёлаў склаліся ў сістэму поглядаў, якія выразіліся ў аграрнамагічных абрадах, павер'ях, каляндарных прыметах, прыказках, песнях. 3 развіццём грамадства каляндарна-абрадавая паэзія шырока адлюстроўвала працоўную дзейнасць земляроба, маральна-этычныя ўяўленні народа, яго характар, паэтычны погляд на свет, прыроду, чалавека.

Беларуская каляндарна-абрадавая творчасць як з'ява нацыянальна-адметная, са сваёй лексічна-вобразнай структурай, жанравай і ладава-інтанацыйнай спецыфікай склалася не пазней XIV – XVI стст. Паэзія беларускага земляробчага (ратайскага) календара ўключае звыш 20 жанравых і групавых песенных разнавіднасцяў. Яна буйна развілася, добра захавалася і складае своеасаблівы феномен беларускай нацыянальнай паэтычнапесеннай культуры. Вылучаюцца 4 вялікія цыклы гэтай паэзіі: веснавы, летні, восеньскі і зімовы. Кожная пара года, кожны сезонна-вытворчы перыяд у сялянскім календары мелі адпаведныя ім абрады, звычаі, павер'і, песеннае суправаджэнне. Агульнае ў іх – шырокая аграрная аснова, мэтавая ўстаноўка, асобныя матывы, што вынікалі з яе. Усе каляндарныя абрадава-песенныя комплексы былі прасякнутыя думай пра будучыню роду, клопатамі пра тое, каб у найспрыяльнейшы час засеяць ніву, захаваць ураджай ад стыхіяў, статак – ад памору і дзікіх звяроў. Аднак толькі гэтай, галоўнай, функцыяй змест не вычэрпваўся. Мела яна і гулліва-пацешлівае прызначэнне, немалую эстэтычную вартасць. Пры пераемнасці некаторых абрадавых элементаў, пераклічцы асобных матываў кожны песенна-каляндарны цыкл вызначаецца разнастайнасцю і своеасаблівай непаўторнасцю.

Зімовы перыяд у сялянскім календары меў падрыхтоўчы характар. Абрады і песні зімовага цыкла былі накіраваныя на тое, каб загадзя паўплываць на будучы ўраджай, захаваць азімы пасеў, рунь на палях. У зімовым перыядзе паэтычнага календара насычанасцю абрадамі, песнямі вылучаліся святкаванне беднай куцці, калядаў (25 снежня с.ст.), шчадрухі – багатай куцці ў пярэдадзень Новага года. Шмат увагі аддавалася аграрнай і любоўнай варажбе, розным гаспадарчым павер'ям і прыкметам. Паэтычнае ядро складалі калядкі і шчадроўкі, песні, што ўвабралі ў сябе побыт і помыслы земляроба і вызначаюцца метафарычнасцю і пластыкай вобразаў.

На мяжы зімовага і веснавога цыклаўразвіліся масленічныя, або запусныя, песні. Масленічныя абрады мелі прызначэнне наблізіць вясну, перадавалі гуллівы настрой удзельнікаў святкавання.

Веснавыя абрады і песні былі закліканыя асвячаць асабліва адказны перыяд у жыцці земляроба – пачатак палявых працаў, час веснавых усходаў, выгану скаціны на пашу. Прызыванне (гуканне) вясны, песні-вяснянкі, абрад валачобніцтва і валачобныя песні, пачатак ваджэння карагодаў, абрадавы выган статка на юр'еву расу (23 красавіка с.ст.), ушанаванне памяці продкаў на радаўніцу, сёмуха з культам расліннасці, русальны тыдзень, абрад куста, песні траецкія, русальныя, куставыя складалі змест веснавога каляндарна-абрадавага цыкла.

Летнія абрады і песні павінны былі зберагчы збажыну ў пару даспявання, паспрыяць паспяховаму збору ўраджаю. Абрады, звычаі, павер'і, легенды купалля нясуць на сабе адбітак глыбокай даўніны, маляўнічыя паводле зместу і формы. Купальскія і пятроўскія песні пранікнёна паэтызуюць хараство прыроды ў час яе найбольшага росквіту, ствараюць поўныя пяшчоты і першароднай чысціні дзявочыя вобразы. Невялікую групу ў летнім цыкле складаюць песні касецкія, або сенакосныя. Уласна летнімі, паводле сталай народнай традыцыі, лічацца жніўныя песні з іх разнавіднасцямі – зажынкавымі і дажынкавымі. Жніўныя песні непасрэдна перадаюць атмасферу самай гарачай пары года ў жыцці сялянскай сям'і – жніва, цяжкай, у мінулым паднявольнай працы, перажыванняў. Важны момант летняга цыкла – дажынкі і звязаныя з імі песні.

Восеньскі перыяд земляробчага календара быў бедны на абрады. Ён звязаны з уборкай ураджаю, рваннем і апрацоўкаю ільну, сяўбою азімых – заканчэннем палявых працаў. Сярод восеньскіх святаў вылучаліся пакровы, багач (суправаджаўся аграрным абрадам) і асабліва змітраўскія дзядыасяніны, прысвечаныя ўшанаванню памяці продкаў. Падчас трох сезонна-вытворчых перыядаў – веснавога, летняга і восеньскага – бытавалі талочныя песні (песні працоўнай узаемадапамогі). Разам з валачобнымі і восеньскімі яны складаюць нацыянальную спецыфіку паэзіі беларускага земляробчага календара.

Каляндарна-абрадавая паэзія многажанравая. Яна ўключае паэтычныя абрады, звычаі, заклінальныя, велічальныя, баладныя, лірычныя і жартоўныя песні, рацэі-прыгаворы, прыказкі, прымаўкі, легенды. У каляндарных прыказках і прымаўках знайшлі адлюстраванне назіранні над прыродаю, шматвяковая земляробчая практыка селяніна, філасофскія абагульненні. Многія з іх мелі практычны сэнс, насілі характар парадаў.

Каляндарна-абрадавая паэзія, асабліва велічальныя песні, шырока карыстаецца гіпербалай, беручы параўнанні з касмічнай і гаспадарчых сфераў. Яна мае свае адметныя сталыя эпітэты (вясна-красна, сонца ярае, раса мядовая, жыта каласістае і ядраністае, сярпы сталёвыя або залатыя, поле руннае, сяўня залатая, віно зеляно).

Старажытны пласт каляндарнай паэзіі вылучаецца сцісласцю формы, эканомнасцю слова і яго выяўленчай выразнасцю. Царква і касцёл стараліся ўздзейнічаць на старажытныя земляробчыя святы, абрады, звычаі, каляндарную песнятворчасць. Аднак уплыў хрысціянства закрануў іх толькі вонкава. Народная паэтычная стыхія толькі часткова ўспрыняла асобныя элементы хрысціянскай міфалогіі, перапрацаваўшы іх адпаведна стыхійна-матэрыялістычнаму бачанню свету.

Арэал пашырэння беларускай каляндарна-абрадавай паэзіі ў асноўным супадае з беларускім этнічным абшарам. Аднак не ўсе каляндарныя жанры раўнамерна пашыраныя. Рэгіёнам інтэнсіўнага бытавання каляндарна-абрадавай паэзіі з’яўляецца Паўночная і Цэнтральная Беларусь. Калядкі і шчадроўкі сканцэнтраваныя пераважна на Палессі, вяснянкі – на Паўднёва-Усходняй Беларусі.

Цягам мінулага стагоддзя каляндарныя абрады страцілі першапачатковую магічную функцыю, перайшлі ў звычаі, часткова забыліся, часцей зберагліся ў форме гульні, забавы. Строгая прымеркаванасць асобных песень парушылася. Некаторыя з іх трапілі ў іншыя цыклы, перайшлі ў дзіцячы фальклор.

Жывучасць каляндарна-абрадавай паэзіі абумоўленае яе багатымі векавечнымі традыцыямі ў Беларусі, класічнай мастацкай завершанасцю. Менавіта высокая мастацкая вартасць найлепшых здабыткаў каляндарнай паэзіі і мелодыяў вызначыла іх значэнне для прафесійнай культуры – літаратуры, музыкі, выяўленчага мастацтва.
Меню
https://akvatorn.ru почему следует купить ионизатор воды для дома.
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
https://akvatorn.ru почему следует купить ионизатор воды для дома.
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi
https://akvatorn.ru почему следует купить ионизатор воды для дома.

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.