КАМІЗЭЛЬКА – частка мужчынскага гарнітура беларусаў (найчасцей святочнага) у канцы XIX – пачатку XX ст.; від безрукаўкі.
Перад шылі з тонкага саматканага сукна, паўсуконніка або з фабрычных тканінаў (карычневая, чорная, сіняя шарсцянка, корт), на палатнянай падшэўцы, прамога ці паўпрыталенага крою, спінку – з розных больш танных тканінаў. Апраналі камізэлькі паверх кашулі навыпуск, спераду зашпілялі на гузікі. Адметныя камізэлькі народных строяў Падняпроўя і Цэнтральнай Беларусі, шытыя з саматканкі ў карычнева-белую дробную клетку (
пухавіцкі строй) або ў частыя цёмна-сінія, цёмна-карычневыя, цёмна-зялёныя пасачкі (
магілёўскі строй). У наш час – састаўная частка класічнага касцюма-тройкі.