Аўторак, 23.04.2024, 18:14

КАМЯНЕЦ

Галоўная »
КАМЯНЕЦгорад, цэнтр Камянецкага раёна, за 39 км на поўнач ад Брэста, на беразе р.Лясная (прыток Заходняга Буга), за 28 км ад чыгуначнай станцыі Жабінка на лініі БаранавічыБрэст. На скрыжаванні аўтадарог Брэст – Камянюкі і КобрынВысокае, 8569 жыхароў (2005).


Паводле археалагічных даследаванняў, у 10-11 ст. тут існавала невялікае паселішча. Як паведамляе Іпацьеўскі летапіс, у 1276 г. па загадзе валынскага князя Уладзіміра Васількавіча «градаруб» (дойлід) Алекса разам з тутэйшымі жыхарамі заснаваў на р.Лясная ўмацаванае пасяленне. Назву Камянец атрымаў ад камяністай зямлі, дзе ўзводзілася збудаванне як паўночна-заходні фарпост рускіх зямель. Асновай яго абароны былі роў і вал з умацаваннямі, а таксама 30-мятровая мураваная вежа («Белая вежа»). Вежа знаходзілася ўнутры кальцавога вала і дамінавала над драўлянымі ўмацаваннямі. Рэшткі землянога вала і драўлянага замка канчаткова зніклі ў 1903 г. пад час правядзення земляных работ. У 1289 г. пасля смерці князя Уладзіміра Васількавіча князь Мсціслаў Давыдавіч паслаў свае засады ў Камянец, але горад аказаўся заняты драгічынскім князем Юрыем Львовічам. Пад пагрозай асады ён вымушаны быў пакінуць горад, але пры гэтым моцна яго спустошыў і разбурыў. З 1366 г. Камянец у складзе ВКЛ, належаў малодшаму сыну Гедзіміна Кейстуту. Добра ўмацаваны, размешчаны на вялікім гандлёвым шляху з Брэста ў Гродна і з Кракава ў Вільню, ён стаў даволі буйным гандлёвым цэнтрам. Гэта было месца адпачынку і палявання князёў. Горад тройчы падвяргаўся нападам крыжакоў. У 1375 г. яны зрабілі набег на ваколіцы Камянца, захапілі шмат палонных, жывёлы, а ў 1378 г. горад быў узяты штурмам і дашчэнту спалены. Нямала пацярпеў ён і ад міжусобіц. У 1383 г. князь Януш Мазавецкі выкарыстаў міжусобную барацьбу вялікага князя Ягайлы з Вітаўтам і захапіў горад. Але праз год Ягайла ўзяў Камянец штурмам. Заключыўшы мір з Ягайлам у 1384 г., Вітаўт далучыў горад да сваіх зямель, але ў 1390 г. мірны дагавор быў парушаны і войска Ягайлы зноў захапіла Камянец. Тут у 1409 г. Ягайла прымаў пасла папы рымскага. З 1413 г. Камянец стаў цэнтрам павета Трокскага, з 1520 г. – Падляшскага, з 1566 г. – Берасцейскага ваяводстваў Значнае развіццё атрымалі рамёствы і гандаль. У 1426 г. горад пацярпеў ад чумы. У 1503 або 1518 г. (розныя звесткі) атрымаў магдэбургскае права, а з 1524 г. меў герб: на блакітным полі выява срэбранай вежы. У тагачасным апісанні Камянца ўпамінаюцца вуліцы: Брэсцкая, Літоўская, Васкрасенская, Свіная, Пасечная, Сямёнаўская, Падбельская, Затыльная і інш. Паводле рэестра вайсковых падаткаў ВКЛ Камянец выстаўляў у час войнаў 50 коней і 50 коп грошай. У 16 ст. Камянец быў цэнтрам ключа, групы маёнткаў у Брэсцкім ваяводстве. У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай (1654-67) разбураны. Горад пачаў паступова траціць палітычнае і эканамічнае значэнне. У 17-18 ст. тут пабудаваны замкава-палацавыя комплексы, дзейнічала тэкстыльная мануфактура Радзівілаў.

Камянец
Будынак гімназіі

Камянец
Камянецкая вежа (Белая)

У 1673 г. ў Камянцы пабудаваны кляштар пры праваслаўнай Васкрасенскай царкве. У 1723 г. ўзведзены касцёл, пры якім дзейнічала школа. У 1789 г. ў ёй было 20 вучняў. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай з 1795 г. Камянец у складзе Расійскай імперыі, дробнае мястэчка ў Брэсцкім павеце Гродзенскай губерні. У 1795-1940 гг. меў назву Камянец-Літоўскі. У канцы 18 – пачатку 19 ст. належаў графу Вяльгорскаму, пазней мястэчка перайшло ва ўладанне генерал-лейтэнанта Гальберга. У чэрвені 1812 г. разрабавана французскімі войскамі. Летам 1820 г. ў маёнтку Камянец-Літоўскі адбываліся хваляванні сялян, 30.07.1820 г. сюды былі накіраваны войскі. Многія ўдзельнікі выступленняў былі арыштаваны і аддадзены пад суд. У 1851 г. ў час пажару згарэла шмат пабудоў. У 1885 г. мястэчка, цэнтр воласці, 3099 жыхароў, валасное праўленне, 2 праваслаўныя царквы, касцёл, багадзельня, школа, гарбарня, 3 заезныя двары, крамы, за 2 вярсты ў сядзібе Старышава – піўзавод. Паводле перапісу 1897 г. ў мястэчку 4,6 тыс. жыхароў, 2 царквы, касцёл, сінагога, 4 малітоўныя дамы, мужчынскае і жаночае народныя вучылішчы, лячэбніца, паштовая станцыя, хлебазапасны магазін, 8 ветраных млыноў, 2 маслабойні, цагельны завод, 5 кузняў, свечачны завод, 3 гарбарні, аптэка, 106 дробных гандлёвых крам, 11 піцейных дамоў, штогод праводзілася 9 кірмашоў. У красавіку 1906 г. ў мястэчку адбываліся забастоўкі рабочых на прадпрыемствах. У 1905 г. ў мужчынскім народным вучылішчы было 140 навучэнцаў, у жаночым – 90. У 1912-14 гг. пабудавана Сімяонаўская царква. У 1914 г. працавала 7 дробных прадпрыемстваў. У 1921-39 гг. у складзе Польшчы, мястэчка, цэнтр гміны ў Брэсцкім павеце Палескага ваяводства. У 1923 г. 322 двары, 2348 жыхароў, касцёл, царква, 3 лесапільні, вінакурня, цэх па апрацоўцы аўчын, 2 маслабойні, электрастанцыя (з 1931 г.), мылаварны завод (з 1939 г.).

Камянец
Касцёл Святых Апосталаў Пятра і Паўла

Камянец
Сінагога

Камянец
Царква Святога Сімеона

З 1939 г. ў БССР, з 15.01.1940 г. гарадскі пасёлак, цэнтр раёна ў Брэсцкай вобласці. У 1940 г. 4,5 тыс. жыхароў, 700 жылых пабудоў, дзейнічалі электрастанцыя, 3 цагельныя заводы, маслазавод, гарбарня, 4 млыны, 2 пачатковыя школы, бальніца, пошта. У Вялікую Айчынную вайну з 23.06.1941 г. да 22.07.1944 г. акупіраваны нямецка-фашыскімі захопнікамі, якія загубілі ў раёне і горадзе 5,4 тыс. чалавек. Дзейнічалі Камянецкая раённая антыфашысцкая арганізацыя (май 1942 – ліпень 1944), падпольныя камітэты КП(б)Б і ЛКСМБ. У час акупацыі створана яўрэйскае гета. Восенню 1942 г. ўсё насельніцтва гета было вывезена ў Высокае і знішчана. Вызвалены 22.07.1944 г. часцямі 28-й арміі 1-га Беларускага фронту ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944 г.

Камянец
Помнік заснавальніку Камянецкай крэпасці валынскаму князю Уладзіміру Васількавічу

У 1971 г. ў Камянцы 5,1 тыс. жыхароў. З 24.06.1983 г. Камянец – горад. Працуюць сырзавод, харчовы завод, камбінаты кааператыўнай прамысловасці і бытавога абслугоўвання. У горадзе гімназія, сярэдняя, музычная, дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, 2 дзіцячыя дашкольныя ўстановы, 2 дамы культуры, клуб, кінатэатр, 2 бібліятэкі, бальніца, паліклініка, філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея - "Камянецкая вежа". Брацкая магіла савецкіх воінаў і партызан, магіла савецкіх воінаў, актывістаў і мірных жыхароў. Помнікі архітэктуры: Камянецкая вежа 13 ст., Сімяонаўская царква (1914). Радзіма беларускага жывапісца Ф.У. Дарашэвіча.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1392]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.