Пятніца, 19.04.2024, 09:48

«КАМЯНЕЦКАЯ ВЕЖА»

Галоўная »
«КАМЯНЕЦКАЯ ВЕЖА» — філіял Брэсцкага абласнога краязнаўчага музея. Утвораны 21.04.1969 г. у г.Камянец рашэннем Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў працоўных, размешчаны ў вежы — унікальным помніку старажытнарускага абарончага дойлідства 2-й палавіны ХІІІ ст., якая была перададзена музею ў 1960 па ініцыятыве Брэсцкага абласнога выканаўчага камітэта.



Камянецкая вежа (Камянецкі стоўп, Белая вежа) пабудавана паміж 1276 і 1288 гг. па загаду валынскага князя Уладзіміра Васількавіча дойлідам Алексай як фарпост на заходніх рубяжах. Пра гэта захаваўся запіс у Іпацьеўскім летапісе: «Съезда же в нем столп камен высотою 17 сажней, подобен удивлению всем зрящим на нь». Вежа знаходзіцца на высокім узгорку, на левым беразе р.Лясная, на ускраіне сучаснага г.Камянец. У плане вежа круглая, звужаная да верху. Звонку мае простыя і строгія формы, вертыкальныя і гарызантальныя чляненні адсутнічаюць. Унутры вежа падзелена на 5 ярусаў (паверхаў), якія злучаліся паміж сабой вузкай (шырыня менш чым 1 м) драўлянай лесвіцай. Верхні ярус накрыты купальным скляпеннем. З 5-га яруса на верхнюю пляцоўку вядзе каменная лесвіца-ход, пракладзеная ўнутры сцяны. У сценах ніжніх 4 ярусаў зроблены вузкія шчылінападобнья байніцы (у 1-м ярусе — па 2, у 2-м і 3-м — па 3). У 4-м ярусе акрамя 2 байніц маецца арачны праём. Мяркуецца, што гэта старажытны ўваход у вежу — у выпадку аблогі трапіць унутр можна было толькі па прыстаўных драўляных лесвіцах. У 5-м ярусе вежы зроблены 4 байніцы, амбразуры якіх разыходзяцца не толькі унутр (як на ніжніх ярусах), але і на вонкавы бок. Вежа мае 14 зубцоў, якія акаляюць баявую пляцоўку, размешчаную над верхнім ярусам. Вежа складзена з брусковай цэглы (памеры цагліны 26,5 х 13,5 х 8 см) цёмна-чырвонага і жаўтаватага колеру. Тэхніка кладкі — балтыйская. Дэкаратыўнасць вежы надаюць пояс старажытна-славянскага парэбрыка, размешчаны ніжэй зубцоў, чаргаванне вялікіх спічастых вокнаў і дэкаратыўных ніш у верхнім ярусе, а таксама архівольт аркі над праёмам у 4-м ярусе. Вышыня вежы 29,4 м, вонкавы дыяметр 12,5 м, таўшчыня сцен 2,5 м. Вышыня падмурку вежы 2,3 м, дыяметр 16 м.

У 1899 г. акадэмік архітэктуры В.В. Суслаў даследаваў і вымераў вежу. Ён вызначыў яе архітэктуру як раннегатычную (са спалучэннем раманскіх і гатычных рыс) і склаў праект рэстаўрацыі вежы, які не парушаў яе старажытныя формы. Гэты праект быў здзейснены ў 1903—05 гг. Ад вежы адкінулі трохметровы пласт зямлі, зраўнавалі рэшткі старажытных валоў, a вакол самой вежы насыпалі новы кольцападобны земляны вал, які з унутранага боку абклалі камянямі, для забеспячэння дрэнажу праклалі 3 схаваныя каналы. Таксама замянілі каля 10 тысяч цаглін у ніжніх ярусах вежы і аднавілі пашкоджаныя зубцы. Рэстаўрацыйныя работы праводзіліся ў вежы таксама ў 1968—73 гг. і 1996-2003 гг.

04.09.2005 г. адбылося адкрыццё новай экспазіцыі філіяла, прымеркаванае да святкавання ў Камянцы Дня беларускай пісьменнасці. Экспазіцыя (2008) займае плошчу 313,2 м2, размяшчаецца на 5 ярусах вежы ў 5 залах. На 1-м ярусе — рэканструкцыя эпізода жыцця вежы ў канцы ХІІІ ст., прадстаўлены трыпціх «Будаўніцтва Камянецкай вежы» (мастак М.І. Гуршчанкоў). 2-і ярус прысвечаны археалагічнаму вывучэнню г.Камянец і Камянецкага раёна, тут дэманструюцца знаходкі з курганных могільнікаў дрыгавічоў Х ст. (скроневыя кольцы, шкляныя пацеркі, ганчарныя вырабы і інш.), з гарадзішча Камянец ХІІІ ст. (фрагменты ганчарнага посуду і вырабы з жалеза), малюнкі з адлюстраваннем пахавальных абрадаў, макет-план Камянца і Камянецкай вежы ў канцы ХІІ — пачатку XIV ст. Экспазіцыя залы на 3-м ярусе распавядае пра палітычнае, эканамічнае, культурнае жыццё Камянца ў складзе Вялікага княства Літоўскага ў XIV—XVII ст. Прадстаўленыя археалагічныя знаходкі сведчаць аб развіцці ў горадзе гандлю, рамёстваў, паляўнічых промыслаў. Сярод найбольш цікавых экспанатаў: бронзавы ромбашчытковы пярсцёнак канца XII ст., знойдзены на гарадзішчы Камянец; партрэтная кафля сярэдзіны XVI ст. — эпохі італьянскага Адраджэння, знаходка вельмі рэдкая для Беларусі; крыж-энкалпіён (для захоўвання машчэй святых) XII ст. Зала на 4-м ярусе вежы прысвечана развіццю абарончага дойлідства Беларусі ў канцы XIII — пачатку XVII ст., гісторыі іншых вежаў заходняга рэгіёну, пабудаваных у XIII—XIV ст., рэстаўрацыям Камянецкай вежы. 5-ы ярус распавядае пра ваенную гісторыю Камянца і Камянецкай вежы. Сцянны роспіс (мастак А.В. Пашкевіч) адлюстроўвае аблогу вежы крыжакамі ў 1378—79 гг., дэманструецца ўсходнеславянская і заходнееўрапейская зброя XIII—XIV ст. (мячы, дзіды, арбалеты, калчан са стрэламі для лука і арбалета), рыштунак і даспехі славянскага воіна і еўрапейскага рыцара канца XIV ст., і інш. На верхняй пляцоўцы вежы рэгулярна праводзяцца аглядныя экскурсіі «Архітэктурныя помнікі Камянца.

Адрас: 225050, г.Камянец, вул.Леніна, 3а
Тэл. +375-1631-225-64
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 9
Гасцей: 9
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.