Субота, 20.04.2024, 00:47

КАНАЛ

Галоўная »
КАНАЛ (ад лац. canalis труба, жолаб) — штучнае рэчышча (вадавод), прызначанае для суднаходства, лесасплаву, меліярацыі, водазабеспячэння і інш.

На Беларусі каналы пачалі будаваць у XVIII ст. ў сувязі з развіццём гандлю і павелічэннем грузавых перавозак. З будаўніцтвам і гаспадарчым выкарыстаннем каналаў звязана працоўная дзейнасць многіх груп насельніцтва.

Агінскі канал (даўжыня 54 км), пракапаны ў 1767 - 83 гг., злучыў Прыпяць і Нёман праз Ясельду і Шчару. У ХІХ ст. ён адыгрываў значную ролю для транзітнай транспарціроўкі грузаў на суднах і лесасплаву з Палесся да прыбалтыйскіх портаў. У 1797 - 1805 гг. здзейснены новы праект злучэння Балтыйскага мора з Чорным.

Бярэзінская водная сістэма, якая ўключала шэраг каналаў, каналізаваных рэк і азёраў, злучыла Бярэзіну (прыток Дняпра) з Улой (прыток Заходняй Дзвіны). Скразное суднаходства па гэтай воднай артэрыі з прычыны яе абмялення спынілася ў 1830-я г., аднак лесасплаў да Рыгі ажыццяўляўся да пачатку ХХ ст.

У 1775-84 гг. пракапаны Мухавецкі (Каралеўскі, з 1846 г. назва Дняпроўска-Бугскі) канал паміж Мухаўцом і Пінай; у 1830-40-я г. праведзены гідратэхнічныя работы па яго паглыбленню. Да 1867 г. па гэтым водным шляху ад Пінска да Брэста пабудаваны 21 разборная плаціна і 2 водазабеспячальныя каналы.

Па тэрыторыі Беларусі праходзіць частка Аўгустоўскага канала (22 км). Ён пабудаваны ў 1824–39 г., злучыў басейны Нёмана і Віслы праз Чорную Ганчу, Нету, Бебжу. У канцы ХІХ — пачатку ХХ ст. ён служыў для малой навігацыі і лесасплаву.

Побач з магістральнымі суднаходнымі будаваліся каналы мясцовага значэння: абходныя, дэрывацыйныя (для выраўноўвання рэк). У 1873-84 гг. Заходняя экспедыцыя па асушэнні балот Палесся пад кіраўніцтвам I.I.Жылінскага праклала разгалінаваную сетку асушальных каналаў даўжынёю больш за 4,6 тыс. км, якімі карысталіся і для лесасплаву, перавозкі людзей і грузаў.

Развіццё чыгуначнага транспарту ў 2-й палове ХІХ ст. прыпыніла будаўніцтва суднаходных каналаў. Некаторыя водныя сістэмы паступова прыходзілі ў заняпад. Па рэканструяваным у пасляваенныя гады Дняпроўска-Бугскім канале (даўжыня 196 км, штучная частка шляху 105 км, 10 гідравузлоў, 14 вадавыпускаў, 5 земляных плацін і 3 перапады) перавозяць мінеральную сыравіну, будаўнічыя матэрыялы.

У 1974-78 гг. у Лунінецкім раёне пабудаваны Мікашэвіцкі канал (даўжыня 7 км), які злучыў Прыпяць з портам Мікашэвічы на рацэ Волхва. У 1976 г. здадзены ў эксплуатацыю злучальны канал Вілейска-Мінскай воднай сістэмы паміж p.Вiліяй і Свіслаччу (даўжыня 62 км), у выніку чаго падняты ўзровень вады ў Свіслачы, палепшана водазабеспячэнне Мінска. Сляпянская водная сістэма ў Мінску — прыклад удалага выкарыстання каналаў ў сучаснай ландшафтнай архітэктуры.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.