Чацвер, 25.04.2024, 22:44

КАРАВАЙ

Галоўная »
КАРАВАЙ – 1) вясельнае абрадавае печыва. Сімвалізуе багацце, дабрабыт будучай сям'і, атаясамліваецца з маладымі, іх жыццём, лёсам і шчасцем. Даўней выконваў і функцыю матэрыялізаванага бога-продка. На большай частцы Беларусі вясельным караваем называюць усё абрадавае печыва ўключна з самым вялікім боханам, або галоўны, старшы, асноўны каравай. Хлеб і яго заменнікі (зерне, каша, дзяжа, каласы, салома) – абавязковыя кампаненты амаль усіх рытуалаў традыцыйнага вяселля. У народзе лічаць, што кожны чалавек можа мець каравай толькі адзін раз на вяселлі, таму калі замуж выходзіла ўдава або жаніўся ўдавец, ад каравая адмаўляліся.

каравай
Каравай

Каравай пяклі спецыяльна запрошаныя бацькамі маладых (радзей самімі маладымі) жанчыны – каравайніцы. У старажытныя часы ў прыгатаванні ўдзельнічалі ўсе члены радавой абшчыны, пазней – усе члены сельскай абшчыны.

Абрад каравая характэрны для ўсёй Беларусі, але найбольш разгорнута ён выконваўся на поўдні, дзе кожны этап прыгатавання суправаджаўся мноствам адпаведных рытуальных дзеянняў, цырымоніяў, песень, заклінанняў, зваротаў да звышнатуральных сілаў і з'яваў прыроды і пачынаўся з трохразовых формулаў-зваротаў, у якіх каравайніцы прасілі дазволу ў бацькоў, святога покуця, суседзяў, прыяцеляў, роду дабраславіць змалоць і прасеяць муку, расчыніць, замясіць цеста, пасадзіць каравай у печ і г.д. Прысутныя тройчы адказвалі: «Бог дабраславіць». Адпаведнымі формуламі-падзякамі заканчвалася кожнае дзеянне.

Каравай пяклі ў хаце маладога і маладой часцей за ўсё ў суботу напярэдадні вяселля або ў той дзень, калі маладыя паехалі да шлюбу. Спяваць у час яго прыгатавання і ўпрыгожвання запрашалі маладых дзяўчатаў; рыхтаваць дровы, печ і неабходныя прылады для выпечкі абрадавага хлеба – жанатых мужчынаў; саджаць каравай у печ – нежанатага хлопца, пажадана кучаравага (толькі не лысага). Запрашалі і суседзяў, бо лічылася, што чым больш людзей, гоману і весялосці, тым лепшым удасца каравай, а значыць, і будучае жыццё маладых. Дровы бралі з трох двароў і з трох розных пародаў дрэваў, якія лічацца ў гэтай мясцовасці «шчаслівымі», ваду – з трох крыніцаў, масла – ад кароваў першага ацёлу, мёд – ярых пчолаў, муку – з сырога зерня або сушанага не ў печы. Памяло, лапата, дзяжа, вілкі ды іншыя прылады павінны былі быць новымі. Дзяжу ставілі пасярод хаты на вывернутым кажусе, сыпалі ў яе муку і лілі ваду за адзін прыём. Рошчыну размешвала правай рукой у адзін бок па ходу сонца старэйшая каравайніца – звычайна хросная маці – або па чарзе ўсе каравайніцы. Мясілі далонямі, а не кулакамі, каб малады ніколі не падымаў рукі на маладую; рабілі яго густым, салодкім, прыгожым, часам без солі, дадавалі невялікую колькасць самаробнага напою (віна, саладухі, медавухі, соку), што азначала багацце і весялосць будучай пары. Каб караваем надзяліць увесь род, яго рабілі вялікім. Цеста для галоўнага каравая брала з дзяжы старэйшая каравайніца за адзін прыём. Каравай меў форму круглай булкі, якую ў маладой апаясвалі абручом, сплеценым з цеста ў выглядзе касы, што сімвалізавала яе дзявоцкасць, а ў маладога на каравай клалі просты абручык. Часам каравай у маладога рабілі ў выглядзе паўмесяца.

Галоўны каравай – абавязковы элемент асноўных момантаў вясельнай абраднасці. Яго ўносілі ў хату, калі зводзілі маладых і іх родных, ставілі ў хаце, клеці ў першую шлюбную ноч, на яго клалі завіванне нявесты, яе пояс і падвянечную кашулю маладога, падараваныя ім рэчы, грошы і г.д.

З рэшткі цеста каравайніцы выраблялі другасныя караваі. Іх называлі каравайчыкі, падручнікі, шышкі, гускі, баранкі, ясачкі, драмушкі, ялавіцы, пастушкі, пеўнікі, музыкі і іншыя і выкарыстоўвалі з пэўнымі мэтамі ў розныя моманты вяселля. Ахоўную ролю выконвалі падручнік, шышка, месяц, якія цягам усяго вяселля маладыя трымалі ў і руках, за пазухай; падзяку духам продкаў, дамавіку і сямейным духам азначалі пакладзеныя на кут, парог, прыпечак, паліцу каравайчыкі і г.д. Дзяўчаты, або гусарніцы, рабілі з цеста каравая розныя аздабленніі (гускі, шышкі, бочачкі з абручыкамі і г.д.) для асноўнага каравая і дробнае печыва для пачастунку дзецям. Памазаўшы галоўны каравай мёдам і пасыпаўшы сырам, саджалі яго ў печ. Лапатай, якой садзілі, тройчы стукалі ў паднябенне печы або ў столь хаты, калі ў гаспадара былі незамужнія дочкі, дакраналіся да іх галоваў, а затым выносілі лапату на двор і кідалі яе цераз хату, каб яна зламалася. Рэшткамі цеста на руках каравайніцы мазалі твар прысутным мужчынам, потым мылі рукі, а ваду вылівалі пад вішні, яблыні, на ток, у хлеў, «каб усё радзіла і пладзіла ». Старэйшая каравайніца са сватам насілі па хаце дзяжу, тройчы кружыліся з ёю, цалаваліся; дзяўчаты імкнуліся як хутчэй выкаціць дзяжу на вуліцу, каб выйсці замуж, а хлопцы перашкаджалі ім. Дастаўшы каравай з печы і тройчы з ім пакружыўшыся, клалі яго на века дзяжы, пакрытае белым абрусам і пасыпанае аўсом, жытам і хмелем.

Калі каравай астываў, пачыналася яго аздабленне. Пераважалі два віды ўпрыгожвання: фігуркамі, спечанымі з цеста, і галінкамі. На каравай маладой пасярэдзіне ставілі спечаную з цеста вялікую шышку або гуску, а вакол – маленькія шышачкі, гусачкі, зорачкі, кветачкі, абараначкі, васьмёркі, фігурку спавітага дзіцяці ды інш., а пасярэдзіне каравая маладога – найчасцей паўмесяц, часам – шышку або гусачка, вакол – бочачкі з абручыкамі, пеўня, курыцу і інш. Зверху ўпрыгожвалі зелянінай (лісцікамі, пучочкамі руты, мірты, мяты, каліны), ягадамі брусніцаў, вішні, каліны, арабіны, кветкамі з каляровай паперы. Аздабленне галінкамі адпавядала больш разгорнутаму абраду каравая. У ім фігуркі з цеста – не асноўнае аздабленне, іх і не відаць з-за галінак елкі, сасны, грушы, яблыні і ўпрыгожаных зверху фарбаванымі пучкамі каласоў аўса, арабіны, каліны, зялёнай амялы з белымі ягадкамі. На Палессі гэтыя ўпрыгожаныя рагацінкі называлі шышкамі. Каб шышкі з рагацінак не нахіляліся ў бакі, іх абвязвалі чырвоным ваўняным поясам з нанізанымі на яго абаранкамі, а зверху накрывалі каляровай або белай хусткай, сам каравай абвязвалі вышытым ручніком. Зверху да шышак часта прывязвалі адну або тры свечкі, якія запальвалі ў абрадавыя моманты вяселля. Прадметам аздаблення надавалася сімвалічнае і магічнае значэнне.

Аздоблены каравай бацька маладой (маладога) пачастункам выкупляў у каравайніцаў і ставіў яго ў засекі клеці на жыта. Едучы па маладую, малады забіраў свой каравай з клеці і вёз яго з сабою. На ім гарэлі свечкі і вісеў вяночак для маладой. Па прыездзе вясельнікаў сват маладога ўваходзіў у сенцы, высока падняўшы над галавой каравай маладога, і прасіў вынесці каравай маладой. Такім жа чынам яго сустракаў сват маладой, імкнучыся падняць свой каравай вышэй, што азначала перавагу аднаго з членаў будучай сям'і і адпаведна аднаго з родаў. Караваі маладых ставілі побач на века дзяжы, і сваты, падняўшы яго, утваралі своеасаблівую браму, пад якой праходзілі блізкія сваякі маладых ў хату. Гэты рытуал азначаў злучэнне маладых і парадненне іх родаў. У адных выпадках маладыя абменьваліся караваямі, у другіх – толькі шышкамі з іх, а ў некаторых – зусім не абменьваліся. Падзел каравая адбываўся згодна з выпрацаваным стагоддзямі рытуалам. Дзелячы яго, старэйшы сват (стараста) сярэдзіну аддаваў маладым, «падэшву» (ніз каравая) – музыкам, астатнюю частку дзяліў паміж роднымі ў залежнасці ад ступені сваяцтва: першымі кавалак атрымлівалі бацькі, затым хросныя бацькі, цёткі, дзядзькі і г.д. Рэшткі, акрамя аднаго кавалачка, які з векам выносілі ў клець, раздавалі староннім; яны імкнуліся атрымаць хоць невялікі кавалачак, каб пакласці яго ў насеннае збожжа, што павінна было стымуляваць багаты ўраджай, даць скаціне і хоць крышку з'есці самім. Ужыванне каравая звязвалася з павер'ем, што гэты акт садзейнічае ўрадлівасці палёў, пладавітасці скаціны, забяспечвае дастатак і шчасце. За атрыманую частку каравая кожны з прысутных чым-небудзь адорваў маладых. Звычайна падзелам каравая вяселле заканчвалася (у некаторых мясцовасцях яго дзялілі перад вясельным застоллем). Асноўныя элементы абраду захаваліся па ўсёй Беларусі да нашага часу;

каравай
Каравай

2) хлебны выраб, вялікі круглы бохан, спечаны да якой-небудзь урачыстасці (зажынкі, дажынкі, фэсты, ды інш.).
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.