КАТРЫНКА, шарманка – механічны духавы музычны інструмент. Абедзве назвы паходзяць ад папулярнай французскай песенькі «Charmante Catherine», якая першапачаткова выконвалася на катрынцы ў Расіі (на Аршаншчыне вядомая таксама пад назвай «шарман»). Мела выгляд скрынкі з ручкай (пярэдняя сценка ўпрыгожвалася яркай карцінкай) шырынёй каля 1 м, вышынёй 0,8 м, глыбінёй 0,7 м. Унутры размяшчаліся гучальныя трубкі, спецыяльны механізм для размеркавання паветра, мяхі і некалькі валікаў з металічнымі шпількамі.
Катрынка Створаны інструмент у 1-й палове XVIII ст. у Італіі, у 2-й палове XVIII ст. пашырыўся ў Заходняй Еўропе, у XIX ст. – на землях Польшчы, Беларусі, Расіі і Украіны. Стала інструментам вандроўных музыкаў. Рэпертуар беларускіх катрыншчыкаў складаўся з 3-4 п'есаў («жорсткі» раманс «Разлука», вальс «Разбітае сэрца» і інш.). Часта катрыншчык падпяваў сваёй катрынцы. У канцы XIX – пачатку XX ст. інструмент стаў неад'емнай з'яваю гарадскога і местачковага побыту, любімай забавай гарадскіх нізоў і дзяцей. Найбольш прадпрымальныя катрыншчыкі спалучалі музыканцтва з варажбою пры дапамозе «вучонага» папугая. Катрынка канчаткова знікла ў канцы 1920-х гг.