Субота, 19.10.2019, 10:23

КАВАЛЬСКІЯ ІНСТРУМЕНТЫ


КАВАЛЬСКІЯ ІНСТРУМЕНТЫ – прылады і прыстасаванні, якія прымяняліся ў кавальстве і знаходзіліся ў кузні. Значная іх частка выраблялася самімі кавалямі.

Асноўныя кавальскія аперацыі выконваліся на кавадле (кавала, накавальня) — масіўнай жалезнай падстаўцы з гладкай паверхняй і паўкруглым конусным рогам (часам — двума), звычайна са спецыяльнымі адтулінамі з краю, куды ўстаўлялі маленькае кавадла для кавання дробных вырабаў (шпарак), сякач для рубкі прутоў ці дроту (муслік, шротка) ці гладзілку (брусок з паўкруглай выемкай для адкоўвання восей).

кавальскія інструменты, кавальства
Кавальскія інструменты: 1 - молат і малаткі,
2 - шпарак, 3 -  кавадла


Для коўкі ўжываліся малаткі: вялікі (аберучны) молат (кувалда, вагой 3 — 8 кг), сярэдні (аднаручак, 1 — 2 кг), малы (малаточак, 0,5 — 0,8 кг), абцугі (клешчы, абцэнгі) абушныя (для кавання сякер), крычныя (для адкоўвання жалезных зліткаў-крыц) і кавальскія, з плоскімі (часам фігурнымі) захопамі (губамі) для ўтрымання загатовак.

Да варштата ці вушака дзвярэй мацавалі вінтавыя ціскі вертыкальнага тыпу (шубстак, шрубштак) для мацавання вырабаў пры іх апрацоўцы. Цвікі адкоўвалі з дапамогай гваздзельні — металічнага бруса з прамавугольнымі калібравальнымі адтулінамі.

Для прабівання дзірак служыў прабойнік (друшляк, прабоіч) — тоўсты, завостраны на адным канцы сталёвы стрыжань (для халоднага металу), які замацоўвалі ў гнутай з дубу ці лазы ручцы (для гарачага металу).

Дзіркі ў тонкіх загатоўках і драўляных вырабах свідравалі дрылем — свярдзёлкам з дыскам-махавіком, які раскручваўся пры дапамозе рукаяткі з сырамятным ці вяровачным прыводам.

кавальскія інструменты, кавальства
Кавальскія інструменты: 1 - сякач для апрацоўкі гарачага металу,
2 - сякач для апрацоўкі халоднага металу,
3 - прабойнік для гарачага металу, 4 - прабойнік для халоднага металу,
5 - абцугі абушныя, 6 - абцугі губчастыя,
7 - гваздзельня, 8 - рожкі, 9 -  дрыль


У пачатку ХХ ст. ў некаторых кузнях з'явіліся спецыяльныя прылады для свідравання дзірак (бормашына). Для вырабу гаек служыў круглы сталёвы стрыжань з разьбой (вінтоўнік, метчык, мятчук), які ўстаўлялі ў трымальнік — металічную пласціну з дзіркамі i дзвюма рукаяткамі. Такая ж пласціна з разьбой у дзірках (вінтарэзка, шнайдэза, клубік, лерка) ужывалася для нарэзкі шрубаў.

Для заточкі інструментаў прымянялася тачыла — круглы плоскі камень з пясчаніку ў драўляным станку з карытам для вады (для замочвання каменя ў час работы), які прыводзіўся ў дзеянне пры дапамозе ручкі (корбы), замацаванай глуха ў цэнтры каменя і свабодна ў бакавінах станка; пры заточцы сякер ужывалася спецыяльная прылада (рожкі). У набор кавальскіх інструментаў уваходзілі таксама напільнікі, ключы, зубілы, прылады для паяння, бляхарных, сталярных і інш.работ.

У наш час традыцыйны камплект кавальскіх інструментаў папоўніўся прыладамі прамысловай вытворчасці; многія інструменты (дрыль, бормашына, тачыла) заменены адпаведнымі станкамі з электрапрыводам.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [251]
Каталог файлаў [99]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [153]
Адукацыя [20]
Спорт [761]
Здарэнні [186]
Грамадства [278]
Эканоміка [11]
Транспарт [84]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [14]
Каляндар
«  Кастрычнік 2019  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
 123456
78910111213
14151617181920
21222324252627
28293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Каталог TUT.BY Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.