Аўторак, 23.04.2024, 11:02

КАВАЛЬСТВА

Галоўная »
КАВАЛЬСТВА – вытворчасць вырабаў гаспадарчага і дэкаратыўна-ўжытковага прызначэння з жалеза шляхам яго гарачага ці халоднага кавання. На тэрыторыі Беларусі вядомае з часоў жалезнага веку. Жалеза здабывалі з балотнай руды ў невялікіх паўшарападобных печах (домніцах), з атрыманых загатовак (крыц) выкоўвалі наканечнікі дзідаў, нажы, долаты, конскую збрую, упрыгожанні і інш. Пашырылася ў XI – XIII стст. З жалеза выкоўвалі рэчы гаспадарчага і побытавага прызначэння: сякеры, долаты, нажы, нажніцы, цвікі, крэсівы, замкі, ключы, спражкі, фібулы, свярдзёлкі, зубілы, шпоры, дзіды і інш. Кавальствам звычайна займаліся гарадскія рамеснікі, якія валодалі таксама загартоўкай, цэментацыяй, зваркай.

кавальства, балкон
Кавальства. Агароджа балкона. 19 ст. Гродна

У XVI ст. узніклі першыя кавальскія цэхі (Слуцк, Полацк, Магілёў, Віцебск і інш.), якія аб'ядноўваліся з іншымі (у асноўным – з слясарнымі) ці выдзяляліся ў самастойныя. Статуты кавальскіх цэхаў рэгламентавалі характар працы кавалёў: акоўванне транспартных сродкаў, падкоўванне коней, выраб сякераў, крукоў, шлемаў, якараў, ланцугоў, кратаў, а таксама розных рэчаў мастацкага характару. Асаблівага развіцця кавальства дасягнула ў XVII – XVIII стст. У Віцебску, Полацку, Мінску, Магілёве, Пінску, Гродне працавалі дзесяткі кавалёў розных спецыяльнасцяў: нажоўшчыкаў, мечнікаў, замочнікаў, кацельшчыкаў і інш. Пераважная большасць гарадскіх майстроў вырабляла агароджы, балконы, лесвічныя парэнчы, алтарныя перагародкі, крыжы, флюгеры і інш. Многія беларускія майстры працавалі ў Маскоўскай дзяржаве.

кавальства
Кавальства. Крыж. Канец 19 ст. Вёска Каралеўцы Вілейскага раёна

У XIX ст. з развіццём прамысловасці кавальства ў гарадах заняпала, адначасова ўзрастала яго роля ў вёсцы, дзе яно задавальняла ў асноўным побытавыя і гаспадарчыя патрэбы навакольнага насельніцтва. Для працы будавалі асобнае памяшканне – кузню, у якой былі горан і неабходныя кавальскія інструменты. Жалеза выкарыстоўвалася у выглядзе заводскага фасоннага пракату (шыннае, падкоўнае і інш.) ці рознага жалезнага лому. У асноўным рабілася акоўка транспартных сродкаў (калёсаў, брычак, вазкоў, саней) і выраб металічных дэталяў да іх, падкоўванне коней, выраб сельскагаспадарчага інвентару (сярпы, сашнікі, матыкі, драпашкі), слясарнага і сталярнага інструменту (сякеры, свярдзёлкі, долаты, скоблі, стругі), прыладаў хатняга ўжытку (секачы, бязмены, крэсівы, качэргі, вілкі, багры), дэталяў аснашчэння жылля і мэблі (завесы, клямкі, замкі, крукі, зашчэпкі, краты) і інш.

кавальства
Кавальства. Агароджа. Фрагмент. Канец 19 ст. Канец 19 ст. Добруш

Для выкоўвання патрэбнага вырабу жалезную загатоўку дачырвана награвалі ў горне (для надання металу пластычнасці) і, паклаўшы на кавадла, ударамі малатка выкоўвалі з яе патрэбную форму. У залежнасці ад прызначэння вырабаў іх тэрмічна апрацоўвалі – цэментавалі (насычалі паверхневы слой вугляродам, што надавала вырабам – павышаны гарт – цвёрдасць і трываласць), загартоўвалі (награвалі і хутка ахалоджвалі ў вадзе для надання цвёрдасці, пругкасці) і адпускалі (награвалі і паступова ахалоджвалі, што змякчала дзеянне загартоўкі, змяншала крохкасць і павышала пластычнасць). Асноўным спосабам нераздымнага злучэння загатовак ці асобных частак у адзінае цэлае (напрыклад, зламанай восі) была кавальская зварка. Яна ўжывалася і для спалучэння жалеза са сталлю (пры вырабе сярпоў, нажоў, сякераў, зубілаў і інш. Для нераздымнага злучэння частак ужывалі таксама кляпанне: у прабітыя ці прасвідраваныя адтуліны ўстаўлялі металічны стрыжань (заклёпку), крыху даўжэйшы за агульную таўшчыню злучаемых частак, яго канцы расклёпвалі, надзейна змацоўваючы дэталі. Злучэнне хамуцікам прымянялася зазвычай пры вырабе рэчаў дэкаратыўна-ўжытковага характару: дзве дэталі (напрыклад, звенні агароджы) у месцы стыкоўкі абкручвалі металічнай скобкай (часам – два-тры разы), якую ўдарамі малатка абціскалі вакол загатовак. Раздымныя злучэнні рабілі з дапамогай шрубаў.

кавальства
Кавальства. Ручка. Канец 19 ст.
Заслаўскі гісторыка-культурны музей-запаведнік


кавальства
Кавальства. Дзвярная рашотка Міхайлаўскага касцёла.
Другая палавіна 17 ст. Вёска Міхалішкі Астравецкага раёна


Існавалі іншыя спосабы кавальскай апрацоўкі вырабаў: усадка павелічэнне папярочнага сячэння загатоўкі па ўсёй даўжыні з адначасовым яе скарачэннем (малатком білі па канцы разагрэтай загатоўкі, пастаўленай другім канцом на кавадла); высадка патаўшчэнне пэўнай часткі загатоўкі (выконваецца такім жа чынам, але награваецца не па ўсёй даўжыні, а ў адпаведным месцы); тарсіраванне – скручванне гранёнага стрыжня вакол восі для ўтварэння вінтападобнай загатоўкі; рассяканне загатоўкі зубілам з наступным адгінаннем адгалінаванняў да пэўнай формы і інш. Разнастайнае спалучэнне тэхналагічных прыёмаў дазваляла ствараць не толькі утылітарныя, але і дэкаратыўна-мастацкія вырабы складанай канструкцыі і малюнку. Напрыклад, асноўны від дэкору каваных агароджаў, варотаў, балконаў – спалучэнні S- і С-падобных завіткоў, скручванне жалезных прутоў вакол падоўжнай восі, арнаментальныя матывы ў выглядзе разетак, бегункоў, меандру, картушаў; накладкі на мэблі і дзвярах аздаблялі прасечкай, гравіроўкай, насечкай у выглядзе геаметрычных узораў; дробныя каваныя вырабы дэкарыравалі ўзорамі з кропак, ямак, крыжыкаў, зорачак, выбітых адпаведнымі штампамі. У наш час кавальства пачало пашырацца для аздаблення грамадскіх інтэр’ераў, рэстаўрацыі старой забудовы, а таксама для вырабу рыштунку рыцарскіх клубаў.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1392]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 6
Гасцей: 6
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.