Пятніца, 29.03.2024, 14:19

КІРАЎСК

Галоўная »
КІРАЎСКгорад, цэнтр раёна, за 25 км ад чыгуначнай станцыі Бярэзіна на лініі Мінск — Гомель, 87 км ад Магілёва, на аўтадарозе МагілёўБабруйск, на паўднёвым захадзе р.Ала (прыток Бярэзіны). 8,6 тысяч чалавек (2007).

Кіраўск
Герб горада

Па пісьмовых крыніцах вядомы з 17 ст. Пачатак яму паклала в.Старцы — цэнтр Качэрыцкай воласці Бабруйскага павета Мінскага ваяводства, шляхецкая ўласнасць. Непадалёку былі с.Качэрыцы (вядома з 16 ст., у 1621 г. 20 двароў, царква) і аднайменны маёнтак, гаспадар якога валодаў 220 га зямлі. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі. У 1844 г. в. Старцы (920 двароў, 175 жыхароў) у складзе маёнтка Качэрычы. У 1845 г. заснаваны шклозавод (32 рабочыя). У 1847 г. 45 двароў, 245 жыхароў. У 1882 г. пачала дзейнічаць вінакурня. У 1897 г. 72 двары, 541 жыхар, хлебазапасны магазін, піцейны дом, заезны дом. У 1907 г. 93 двары, 609 жыхароў. У 1909 г. адкрыта Старцаўская земская школа (народнае вучылішча), для якой у 1913 г. пабудавана ўласнае памяшканне.

У студзені 1918 г. акупіраваны войскамі польскага корпуса генерала Доўбар-Мусніцкага, з мая 1918 г. германскімі войскамі. Для барацьбы супраць акупантаў быў арганізаваны партызанскі атрад (кіраўнік К.П. Арлоўскі). У пачатку верасня 1918 г. пачаў дзейнічаць рэвалюцыйны камітэт (Т.Н. Барадуленка, браты І.М. і К.М. Русанавы, К.П. Арлоўскі, А.М. Рабцэвіч, Л.Д. Іваноў). Рэўком дапамагаў Чырвонай Арміі харчамі, абмундзіраваннем, перадаў 153-му пяхотнаму палку 200 галоў буйной рагатай жывёлы і накіраваў 150 добраахвотнікаў з ліку рэвалюцыйнай моладзі. 28.11.1918 г. вёска вызвалена ад акупантаў. У пачатку 1920-х г. створана 4-гадовая школа (у 1923 г. 190 вучняў з вёсак Старцы, Стараселле, Селішча, Кукіна, Хамічы). З 1921 г. дзейнічаў вадзяны млын, у 1922 г. адкрыта хата-чытальня, у 1923 г. — урачэбны ўчастак. У 1926 г. да вёскі далучаны вялікі ўчастак былой памешчыцкай зямлі, пачало дзейнічаць паштовае аддзяленне. У маі 1928 г. створана сельскагаспадарчая арцель. На месцы былых хутароў непадалёку ад в.Старцы ў 1934 г. заснаваны пасёлак Кіраўск. 12.02.1935 г. пастановай Цэнтральнага Выканаўчага Камітэта і Савета Народных камісараў БССР арганізаваны Кіраўскі раён (названы ў гонар С.М. Кірава). Раённым цэнтрам стала в.Старцы, якая 20.04.1939 г. перайменавана ў в.Кірава, а Старцаўскі с/с — у Кіраўскі. З 15.01.1938 г. раён у Магілёўскай вобласці. 15.11.1955 г. в.Кірава злілася з пас.Кіраўск. У 1936 г. пабудаваны амбулаторыя, аптэка, хлебапякарня, пачала дзейнічаць МТС (у 1937 г. 51 трактар). У 1937 г. пасёлак радыёфікаваны, 7-гадовая школа пераўтворана ў сярэднюю. У гэты час у школе настаўнічаў П.Панчанка — будучы народны паэт Беларусі.

У Вялікую Айчынную вайну 30.06.1941 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія загубілі ў Кіраўску і раёне 1495 чалавек. Летам 1941 г. была створана антыфашысцкая група (кіраўнік Ц.С. Каржоў). У красавіку 1942 г. значная частка падпольшчыкаў склала ядро партызанскага атрада імя С.М. Кірава (камандзір С.І. Свірыд). 26.06.1944 г., развіваючы наступленне на захад, воіны 95-й танкавай брыгады (камандзір А.І. Кузняцоў) пры падтрымцы авіяцыі вызвалілі пасёлак. 29.06.1944 г. каля пасёлка адбіла 14 варожых контратак рота пад камандаваннем А.І. Чарныша (удастоены звання Героя Савецкага Саюза). Каля будынка бальніцы пахаваны 77 савецкіх воінаў, якія памерлі ў чэрвені-ліпені 1944 г. ад ран у палявым шпіталі.

З 20.09.1944 г. ў складзе Бабруйскай вобласці, з 08.01.1954 г. зноў у Магілёўскай вобласці. 15.11.1955 г. вёскі Кірава і Стараселле ўвайшлі ў склад пасёлка Кіраўск, які 17.11.1959 г. стаў гарадскім пасёлкам. У хуткім часе пасля вызвалення аднавіліся тэлеграфная і тэлефонная сувязь, пачалі дзейнічаць радыёвузел, МТС (рэарганізавана 31.03.1958 г.), лесапільня, млын, арцель «Зара». У 1949 г. з Бабруйска праведзена лінія электраперадач, якая паклала пачатак электрыфікацыі раёна, пачалося будаўніцтва ільнозавода, у 1954 г. ўступіў у строй агароднінасушыльны завод, у 1957 г. маслазавод і міжкалгасная будаўнічая арганізацыя. Паводле перапісу 1959 г. 2980 жыхароў. У 1971 г. 4,7 тысяч жыхароў. У 1977 г. ў склад гарадскога пасёлка ўключана в.Селішча. У горадзе размешчаны прадпрыемствы харчовай (кансервавы завод, філіял Магілёўскага малочнага камбіната), дрэваапрацоўчай, лёгкай (ААТ «Кіраўск-Лён») галін прамысловасці, дарожныя, рамонтныя, гандлёвыя і будаўнічыя арганізацыі, камітэт кааперацынай прамысловасці. Дзейнічае раённая племянная станцыя. У Кіраўску дзейнічаюць ПТВ сельскагаспадарчай вытворчасці, 2 сярэднія і дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, школа мастацтваў, 3 дзіцячыя сады. Працуюць 2 бібліятэкі, Дом культуры, цэнтр пазашкольнай работы, стадыён, клубы ДТСААФ, тэрытарыяльны цэнтр сацыльнага абслугоўвання насельніцтва, бальніца, паліклініка, 2 аптэкі, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Працуюць камбінат бытавога абслугоўвання, гасцініца, аддзяленне сувязі, пункт калектыўнага карыстання і інш.

Першы генеральны план забудовы распрацаваны ў 1972 г. Магілёўскім філіялам Белдзяржпраекта. Новы генеральны план распрацаваны ў 1980 г. Беларускім навукова-даследчым праектным інстытутам горадабудаўніцтва. Рост гарадскога пасёлка абумоўлены развіццём прамысловасці, пашырэннем функцый арганізацыйна-гаспадарчага цэнтра раёна і памераў культурна-бытавога абслугоўвання насельніцтва. Аснову планіровачнай структуры складаюць вул.Гагарына (частка аўтадарогі Магілёў — Бабруйск), якая праходзіць праз гарадскі пасёлак з паўночнага ўсходу на паўднёвы захад, і вул.Валадарскага (частка аўтадарогі на г.п. Клічаў), забудаваныя 2—5-павярховымі мураванымі дамамі. На поўначы размяшчаецца цэнтральная частка пасёлка з дробнаквартальнай прамавугольнай сеткай вуліц і пераважна аднапавярховай драўлянай забудовай. На паўночным захадзе вул.Кірава, дзе ўзведзены мураваныя грамадскія будынкі, прадпрыемствы гандлю і культурна-бытавога абслугоўвання насельніцтва.

На перакрыжаванні вуліц Кірава і Першамайскай цэнтральная плошча. Прамысловыя прадпрыемствы разгрупаваны ў розных частках пасёлка на паўднёвым захадзе і паўночным усходзе. На поўнач зоны адпачынку «Бераснёўка» і «Перасоленка». Паводле генплана 1998 г. горад развіваецца ў паўночным і ўсходнім напрамках, прадугледжана ператварэнне часткі вуліцы Кірава ў пешаходную зону з бульварамі, вядзецца індывідуальная забудова сядзібнага тыпу па вуліцах Будаўнікоў, Паўночнай, Навасёлаў, Ф.Скарыны і інш., рэканструкцыя і добраўпарадкаванне вуліц Пушкіна, Савецкай і інш., пабудаваны лячэбны корпус раённай бальніцы, будынкі Беларусбанка, цэнтра сацыяльнай абароны насельніцтва, Пакроўская царква. Помнік садова-паркавага мастацтва — парк, у якім пасля рэканструкцыі (2000-я г.) абсталяваны дзіцячыя пляцоўкі, фантан і інш. Выдаецца раённая газета «Кіравец» (з 18.03.1935 г.), вядзецца раённае радыёвяшчанне.

Кіраўск
Свята-Пакроўская царква

З 04.06.2001 г. горад. У 2001 г. зацверджаны сучасны герб Кіраўска: у блакітным полі на зялёнай зямлі стаіць залаты сноп жыта з сярэбранай перавяззю. У 2002 г. 8,8 тысяч жыхароў.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.