Чацвер, 28.03.2024, 21:55

КОБРЫН

Галоўная »
КОБРЫНгорад, цэнтр Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці, прыстань на р.Мухавец, чыгуначная станцыя на лініі БрэстГомель. За 52 км на усход ад Брэста, 295 км ад Мінска. Транспартныя сувязі па аўтадарогах на Брэст, Ковель, Маларыту, Мінск, Пінск. Насельніцтва 51 300 чалавек (2009).


Згодна з паданнем, Кобрын заснаваны ў 11-12 ст. нашчадкам кіеўскага князя Ізяслава на месцы рыбацкага паселішча на востраве пры ўпадзенні р.Кобрынка ў Мухавец. Упершыню ўпамінаецца пад 1287 г. у Іпацьеўскім летапісе як уласнасць валынскага князя Уладзіміра Васількавіча (унук галіцка-валынскага князя Рамана Мсціславіча), які завяшчаў г. Кобрын і с. Гарадзец сваёй жонцы Вользе Раманаўне. У гэты час горад знаходзіўся ў складзе Галіцка-Валынскага княства, у 1-й палове 14 ст. – у ВКЛ. Паводле пісьмовых крыніц, у 1366 г. былі пацверджаны правы вялікага князя ВКЛ Альгерда на Кобрын і навакольныя землі; пазней горад перайшоў да яго сына Фёдара. Пасля смерці князя Фёдара ў выніку падзелу яго ўладанняў паміж сынамі (Раманам, Гуркай і Сангушкам) утварылася Кобрынскае княства (1404). На працягу 15 ст. княства існавала ў ВКЛ як самастойная адміністрацыйна-тэрытарыяльная і судовая акруга; падзялялася на Кобрынскую і Прушанскую (Пружанскую) воласці.

Родапачынальнікам князёў Кобрынскіх стаў князь Раман Фёдаравіч. Першы раз князь упамінаецца ў 1387 г., калі ручаўся каралю Уладзіславу II Ягайлу за Алехну Дзмітрыевіча. Ён узначальваў новагародцаў у 1393 г. пад час іх паходаў на ўладанні маскоўскага князя, а ў 1394 г. – на Пскоў. У тым жа годзе ў каралеўскіх скарбовых рэестрах запісаны выдатак «за латы, накаленнікі, шлем і г.д. для князя Рамана». У 1404 г. вялікі князь Вітаўт пацвердзіў правы Рамана на дзедзічнае ўладанне Кобрынам, Грушавам, Несухожам і Міланавічамі. У 1411-17 гг. Раман быў пры двары караля, дзе пасля і памёр. Пасля смерці Рамана Кобрын атрымаў у спадчыну яго сын Сямён Раманавіч – шчыры прыхільнік вялікага князя Свідрыгайлы ў вайне з Ягайлам. Калі ў 1431 г. кароль пайшоў на Луцк, дзе знаходзіўся Свідрыгайла, Сямён Раманавіч першы закрыў шлях Ягайлу. Паводле сведчання польскага гісторыка 15 ст. Яна Длугаша, каралеўскі ваявода Грыцько Кірдзіевіч у час сечы з князем Сямёнам разбіў ушчэнт яго атрад, а самога князя «трупам палажыў». Але апошняе не адпавядае рэчаіснасці, бо Сямён Раманавіч, як вынікае з пісьмовых крыніц, жыў да 1460 г.

У 1465 г. княгіня Ульяна (дачка Сямёна Гальшанскага і пляменніца трэцяй жонкі Вітаўта; памерла каля 1500 г.) з сынам Іванам са сваіх уладанняў адпісалі на царкву Святога Спаса-Кобрынскага манастыра млын на р.Шэўня з сажалкай і зямлёй, а ігумену Варлааму – 10 сакаў мёду, святару і дзякану – па 3 сакі і 2 капы грошаў. Іван Сямёнавіч стаў апошнім мужчынскім прадстаўніком роду князёў Кобрынскіх. Ён быў адзіны з гэтага роду, хто не ўдзельнічаў у палітычным жыцці ВКЛ. У 1469 г. князь Іван Сямёнавіч запісаў на свайго слугу Сеньку Сярговіча, які валодаў царквой святога Міколы палову «дворышча Таратопскага». У 1473 г. разам са сваёй жонкай Фядорай, дачкой пана Івана Рагацінскага, фундаваў царкву ў гонар Божага Нараджэння ў Дабучыне (Пружаны). Пасля смерці князя Івана Сямёнавіча (каля 1490) вялікі князь ВКЛ і кароль Польшчы Казімір IV Ягелончык пакінуў Кобрынскае княства ва ўладанні яго ўдавы, якая ў 1492 г. выйшла замуж за Юрыя Паца, намесніка кіеўскага (памёр у 1506). У 1491 г., выконваючы волю памерлага князя Івана Сямёнавіча, княгіня Фядора Іванаўна адпісала ўладанне Корчыцы Спаскаму манастыру. Каля 1507 г. прыняла каталіцкую веру пад імем Соф'я (памерла ў 1512).

04.06.1507 г. грамата вялікага князя ВКЛ і караля Польшчы Аляксандра пацвердзіла правы княгіні Фядоры Іванаўны на валоданне Кобрынам і маёмасцю, атрыманую ад свайго першага мужа. У 1508 г. яна перадала Кобрын ва ўладанне сястры князя Івана Сямёнавіча Ганне Сямёнаўне і яе мужу Венцлаву (Вацлаву) Станіслававічу Косцевічу згодна з іх просьбай. Пасля смерці Ганны Сямёнаўны і ў сувязі са згасаннем роду князёў Кобрынскіх княства было скасавана, а яго тэрыторыю вялікі князь ВКЛ і кароль Польшчы Жыгімонт I Стары 06.04.1519 г. перадаў у пажыццёвае ўладанне ў якасці староства маршалку ВКЛ В. Косцевічу. З 1519 г. Кобрын – цэнтр аднайменнага староства, у 1520-66 гг. – Кобрынскага павета Падляшскага ваяводства, з 1566 г. ў складзе Берасцейскага павета. Пасля смерці В. Косцевіча ў 1532 г. правы на Кобрынскае староства ад Жыгімонта I Старога атрымала каралева Бона Сфорца (паводле іншых звестак, яна валодала Кобрынам у 1549-56). У Кобрыне існаваў касцёл святога Іероніма з багадзельняй (паводле даследаванняў Э. Малішэўскага, заснаваны ў 1500). З гэтага часу юрыдычна аформілася Кобрынская эканомія – феадальнае зямельнае ўладанне, падпарадкаванае каралю. Паводле «Ардынацыі аб каралеўскіх прыбытках» 1589 г. канчаткова выдзелілася ў выніку падзелу паміж дзяржаўным і каралеўскім скарбам. Кобрынская эканомія ў 16-17 ст. надавалася ва ўтрыманне членам каралеўскай сям'і жаночага полу. Паводле рэвізіі 1563 г., якая была састаўлена каралеўскім рэвізорам Дз. Сапегаю, Кобрынская эканомія налічвала каля 77 тыс. дзесяцін зямлі, падзялялася на воласці (6 у 1563) і войтаўствы. На яе тэрыторыі знаходзіліся гарады Кобрын, Дабучын (Пружаны), мястэчка Гарадзец. У 1563 г. ў Кобрыне дзейнічалі касцёл, 3 праваслаўныя царквы (Прачысценская, Петрапаўлаўская і Мікалаеўская), праваслаўны Спаскі манастыр. У 1589 г. ўладальніца Кобрына Ганна Ягелонка надала яму магдэбургскае права (дзейнічала да 1766) і герб: шчыт з выявамі святой Ганны і Маці Божай з дзіцем; была пабудавана ратуша.

Паводле інвентароў 16 ст., умацаванні горада складаліся з драўляных Верхняга (былога ўмацаванага дзядзінца ў месцы сутокаў Кобрынкі і Мухаўца) і Ніжняга (былога пасада 14-15 ст.) замкаў (існавалі з 14 ст.). Верхні замак меў форму амаль што правільнага круга, па перыметру быў абнесены валам і ровам-каналам. Паводле інвентару 1597 г., замак уяўляў сабою абарончы комплекс з сценамі-гароднямі, сярод якіх знаходзіліся 8 вежаў. Ніжнія часткі гародняў (а іх налічвалася 32) не запаўняліся зямлёю, а выкарыстоўваліся як каморы. У верхніх частках былі зроблены баявыя галерэі з байніцамі, крытыя дахам. Вежы знаходзіліся амаль на аднолькавай адлегласці адна ад другой (дзве з іх адначасова з'яўляліся брамамі). На вежах размяшчаліся верхнія баявыя памяшканні і дазорныя пляцоўкі, завершаныя гонтавымі гатрамі. Брама, якая выходзіла да моста цераз роў што раздзяляў замкі, мела больш складаную ярусную кампазіцыю (з 4 памяшканнямі ў ярусах). Мост быў на палях з лазняй пасярод і ўпіраўся ў вежу-браму Верхняга замка. Размешчаны ў ёй пад'ёмны механізм падымаў перад брамай апошні пралёт моста. Злева ад брамы знаходзіўся дом для варты. Ніжні замак прымыкаў да Верхняга і размяшчаўся паміж Кобрынкай і Мухаўцом; меў у плане выгляд няправільнага прамавугольніка. Ахоўваўся 5 вежамі, гароднямі і парканам. У адной з вежаў размяшчаўся млын. Ніжні замак быў менш умацаваным і выкарыстоўваўся пераважна як комплекс двара староства. Некаторыя вежы гэтага замка прызначаліся для гаспадарчых і вытворчых мэт. Злева ад гарадской брамы на тэрыторыі Ніжняга замка знаходзіліся жылы дом старосты, сад. Сярод гаспадарчых пабудоў замка, паводле інвентара 1596 г., меліся лямус, каморы, піўніца (каля яе другі сад). Побач з кобрынскімі замкамі размяшчаўся фальварак з жылымі і гаспадарчымі памяшканнямі. Горад развіваўся на процілеглым ад Ніжняга замка беразе Кобрынкі, у 1597 г. складаўся з 2 частак: асноўнай тэрыторыі («места») і Замухавецкага прадмесця; налічваў 550 сядзібных пляцаў (335 у «месцы» і 115 на тэрыторыі прадмесця). Цэнтрам Кобрына з'яўлялася рынкавая плошча з ратушай і 32 пляцамі забудовы. З гарадскіх вуліц, названых у інвентары 1597 г., самай вялікай была вуліца Пінская, якая цягнулася ад рынка на усход, мела рэгулярную планіроўку і ўключала па 78 пляцаў у кожным з процілеглых бакоў забудовы. Тут таксама размяшчалася касцёльная плябанія. Іншыя вуліцы Кобрына налічвалі: Чаравачыцкая – 60 двароў (тут знаходзілася Петрапаўлаўская царква), Ратманская – 42 двары, Балотная (аднабаковая) – 31 двор, Брэсцкая – 65 дваровых пляцаў, Астрамечаўская – 50 пляцаў (размяшчалася Мікалаеўская царква), «вуліца над Кобрынкай» (цягнулася ад рынка) – 4 двары. Яшчэ на адной «вуліцы над Кобрынкай», якая, верагодна, з'яўлялася працягам першай уздоўж ракі, знаходзіліся 10 пляцаў, Прачысценская царква і багадзельня, Брэсцкая і Астрамечаўская вуліцы размяшчаліся на тэрыторыі прадмесця.

Пасля падпісання Брэсцкай уніі 1596 г. кобрынскі Спаскі манастыр стаў уніяцкім, належаў ордэну базыльянаў, меў свайго архімандрыта, некаторы час падпарадкоўваўся непасрэдна літоўскаму правінцыялу (у 1713 г.  архімандрыя адноўлена). Пры манастыры ў 1626 г. была заснавана базыльянская школа. У верасні 1626 г. ў манастыры меркавалася склікаць царкоўны сабор з мэтаю прымірэння праваслаўных і грэка-католікаў Рэчы Паспалітай. Непрыняцце гэтай ідэі рымскай курыяй і кіраўніцтвам праваслаўнай царквы прывяло да таго, што ў Кобрыне адбыўся толькі сабор грэка-каталіцкага вышэйшага і сярэдняга кліра на чале з уніяцкім мітрапалітам І.В. Руцкім. У сярэдзіне 17 ст. Кобрын налічваў каля 1700 жыхароў і 500 дамоў. Горад значна пацярпеў у час народна-вызваленчай і антыфеадальнай вайны 1648-51 гг. У 1648 г. Кобрынам авалодалі сялянска-казацкія атрады, якія пад кіраўніцтвам Гладкага разбілі полк драгунаў стольніка ВКЛ В. Гансеўскага. У 1757 г. агульнае дзяржаўства на Брэсцкую і Кобрынскую эканоміі тэрмінам на 6 гадоў атрымаў Ежы Флемінг. Замест падзелу на воласці і войтаўства адбыўся падзел эканоміі на губерні і ключы, да якіх дапісваліся яшчэ асобныя вёскі, фальваркі і інш. Узнікла Кобрынская губерня з 8 ключоў (у яе складзе былі Кобрын, 9 сёл і 2 фальваркі). Ваенныя дзеянні, агульны гаспадарчы заняпад прывялі да скасавання ў 1766 г. самакіравання, але Кобрынская эканомія захавалася (да 1795 г.). З 1768 г. яе рэарганізацыяй займаўся А. Тызенгаўз, аднак скарачэнне колькасці насельніцтва, прыцягненне значных сіл на будаўніцтва Каралеўскага (Дняпроўска-Бугскага) канала, агульнае палітычнае пагаршэнне сітуацыі ў краіне не далі станоўчых вынікаў. У 1784 г. Кобрын наведаў апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. З 1791 г. горад – цэнтр Кобрынскага павета Брэсцкага ваяводства. 17.09.1794 г. на тэрыторыі Кобрынскага павета каля в. Крупчыцы (цяпер Жабінкаўскі раён), адбыўся адзін з самых значных баёў паміж паўстанцамі пад камандаваннем К. Серакоўскага і рускімі войскамі пад кіраўніцтвам А.В.Суворава (прынялі ўдзел да 20 тыс. чалавек).

Кобрын
Шпіталь на малюнку Напалеона Орды

У 1790-я г. Кобрын налічваў больш за 2 тыс. жыхароў, 300 дамоў. Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай (1795) у складзе Расійскай імперыі, павятовы горад Слонімскай, з 1797 г. – Літоўскай, з 1801 г. – Гродзенскай губерняў. Кобрын і маёнтак Кобрынскі ключ з сядзібай у 1795 г. падараваны Кацярынай II Сувораву. Пасля смерці фельдмаршала маёмасць была распрададзена яго нашчадкамі. З 1808 г. сядзіба знаходзілася ва ўладанні Г. Гельвіча, потым – у Шацільскіх, з 1852 г. – у Аляксандра Міцкевіча, брата паэта Адама Міцкевіча. Пазней частка маёнтка належала Л.А. Зялінскаму; у 1890 г. 245 дзесяцін зямлі Кобрынскага ключа валодала М. Скаўронская, 196 дзес. зямлі – Г. Міцкевіч. У канцы 18 – пачатку 19 ст. ў горадзе знаходзіліся 3 царквы, драўляныя касцёлы. У Айчынную вайну 1812 г. ў Кобрыне і наваколлі 15(27).7.1812 г. адбыўся бой паміж рускімі дывізіямі К.В. Ламберта і Я.І. Чапліца 3-й Заходняй арміі А.П. Тармасава і атрадам саксонскага корпуса Ж.-Л.Рэнье з перамогай рускіх войск (у 1912 устаноўлены помнік у гонар перамогі). У выніку ваенных дзеянняў 1812 г. ў Кобрыне згарэлі 548 дамоў з 630. У 1813 г. ў горадзе быў раскватараваны Іркуцкі гусарскі полк, у якім служыў карнет А.С. Грыбаедаў. У 1825 г. налічвалася 1954 жыхары, 4 мураваныя і 457 драўляных дамоў. У 1828 г., паводле Указа імператара Мікалая I, у Спаскім манастыры адкрылася духоўнае вучылішча. Пасля 1839 г. манастыр быў зачынены, а яго маёнткі перададзены ў казну. На гарадской тэрыторыі яму належалі (да 1842) драўляны дом фальварка з амбарам і 3 юрыдыкі з 17 пляцамі. На тэрыторыі юрыдык размяшчаліся манастыр, дом шпітальны і прыходскае вучылішча. На ўскраіне горада па дарозе на Пінск знаходзілася Кобрынская плябанія, план, рэестр і дакументы якой згарэлі ў час пажару касцёла 1835 г. Паводле інвентара плябаніі 1830 г., яна налічвала 32 дзесяцін, 1050 сажняў зямлі, 4 гаспадаркі, 27 сялян. У 1843 г. ў Кобрыне праводзіліся 2 ярмаркі: Петрапаўлаўская і Успенская. У1846 г. было завершана будаўніцтва шашы Масква–Варшава, якая прайшла праз горад. У сувязі з гэтым гараджане вызваляліся ад пастояў войска; яны выконвалі такую павіннасць толькі ў час ваенных паходаў і праходжання розных вайсковых атрадаў (да 1850). Праз горад таксама праходзіў гандлёвы шлях на Ашмяны і Вілейку. У 1848 г. ў Кобрыне было 550 двароў, 1673 жыхары, працавалі бальніца (на 15 ложкаў), 5 прадпрыемстваў па вырабе свечак, металічны завод. У 1864 г. – часовая ваенная і гарадская бальніцы (размяшчаліся ў наёмных прыстасаваных будынках), 2 багадзельні, прыходскае вучылішча (16 вучняў), павятовае духоўнае вучылішча (81 вучань); у горадзе і павеце налічвалася 104 043 жыхары, 6 урачоў. У 1882 г. праз горад пракладзена Палеская чыгунка (прайшла па паўночнай ускраіне). У 1886 г. дзейнічалі царква, касцёл (мураваны, пабудаваны ў 1846 на месцы згарэлага ў 1812), сінагога. У 1887 г. 8120 жыхароў у 1890 г. працавалі 6 крам, гасцініца, пошта, 3 карчмы, меліся царква і сінагога. У 1897 г. Кобрын – горад, 10 355 жыхароў, каля 30 прадпрыемстваў; чыгуначная станцыя, 9 двароў, 84 жыхары. Побач з горадам, каля р. Мухавец, знаходзілася юрыдыка Кобрынская (пасад Стрыгаўскай воласці), 8 двароў, 57 жыхароў. Сярод прадпрыемстваў у 1896 г. дзейнічалі: 4 гільзавыя, папяросныя фабрыкі (98 рабочых), 12 мукамольных заводаў (17 рабочых), 2 маслабойныя прадпрыемствы (6 рабочых), 3 гарбарні (6 рабочых), 6 цагельняў (17 рабочых), 3 прадпрыемствы па вырабе свечак (3 рабочыя). У 1897–1905 гг. працавала Кобрынскае вінакурнае прадпрыемства, з 1898 г. – 3 друкарні. У час рэвалюцыі 1905-07 гг. у Кобрыне дзейнічаў камітэт Усерасійскага саюза чыгуначнікаў. У 1914 г. працавалі 25 дробных прадпрыемстваў (72 рабочыя). З 1915 г. Кобрын быў акупіраваны войскамі кайзераўскай Германіі, з 1919 г. – польскімі войскамі. 30.07.1920 г. вызвалены Чырвонай Арміяй, да 13.09.1920 г. дзейнічаў павятовы ваенна-рэвізійны камітэт (на доме, дзе размяшчаўся рэўком, у 1959 г. устаноўлена мемарыяльная дошка).

Кобрын
Кобрын на паштоўцы пачатку ХХ стагоддзя

Кобрын
Банк

Кобрын
Касцёл Спачыну Насйсвяцейшай Панны Марыі

З 1921 г. Кобрын у складзе Польшчы, цэнтр аднайменных гміны і павета Палескага ваяводства. Дзейнічаў павятовы камітэт КПЗБ, адбыліся дэманстрацыі рабочых і сялян у 1925, 1931 і 1936 гг., рэвалюцыйнае выступленне сялян Кобрынскага павета ў жніўні 1933 г. На будынку № 6 па вуліцы Савецкай, у якім у 1920-я г. размяшчалася явачная кватэра КПЗБ, у 1959 г. ўстаноўлена мемарыяльная дошка. У 1921 г. ў Кобрыне 878 будынкаў, 8208 жыхароў; у 1931 г. – 1342 будынкі, 10 101 жыхар. У 1922-23 гг. на тэрыторыі Кобрынскага павета працавалі 88 дзяржаўных школ (усе з выкладаннем на польскай мове, 5728 вучняў) і 3 прыватныя школы (1 польская і 2 яўрэйскія).


Паштовая станцыя


Петра-Паўлаўская царква

З верасня 1939 г. ў складзе БССР, з 15.01.1940 г. – цэнтр Кобрынскага раёна Брэсцкай вобласці. У 1940 г. Кобрын – горад, 11 020 жыхароў, 1323 жылыя будынкі. Дзейнічалі гарсавет, партыйныя ўстановы, электрастанцыя, друкарня райгазеты «Труд», лесапільны завод (120 рабочых), паравы млын (15 рабочых), 4 маторныя млыны з маслабойкамі (53 рабочых), 2 майстэрні па вырабе валёнак, 2 мылаварні, 3 ваўначоскі, 4 цагельні (17 рабочых), вяровачная майстэрня, 5 ліманадных заводаў, 14 хлебапякарняў, жывёлабойня (27 рабочых). Працавалі Дом сацыяльнай культуры, бібліятэка, пошта, тэлеграф, сярэдняя (у 1939 г. – гімназія, 1121 вучань) і 4 пачатковыя школы (у 1939 г. – народныя школы, 1828 вучняў), 2 кінатэатры, 2 аптэкі, бальніца, 2 амбулаторыі, лазня, 26 гандлёвых кропак, 2 гасцініцы. У 1940 г. арганізаваны 10 арцелей, у тым ліку лясная, кравецкая, слясарная, гарбарная і г.д.

Кобрын
Сабор Аляксандра Неўскага

Кобрын
Мікалаеўская царква

У Вялікую Айчынную вайну Кобрын і раён з 23.6.1941 г. да 20.7.1944 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія загубілі толькі ў горадзе каля 6900 чалавек. На тэрыторыі Кобрына і раёна ў гады вайны дзейнічалі падпольныя райкамы КП(б)Б (лістапад 1943-19.07.1944 гг.) ІЛКСМБ (01.09.1943-19.07.1944 гг.), партызанскай брыгады імя Сталіна, імя Чапаева, «Савецкая Беларусь», асобныя партызанскія атрады імя Катоўскага, «Сокалы», група «Іскра». Вызвалены ў ходзе Люблін-Брэсцкай аперацыі 1944 г.; 12 вайсковым часцям нададзены найменні «Кобрынскіх».

Кобрын
Сінагога

Кобрын
Спаскі манастыр, жылы корпус

З 1946 г. працуе Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В. Суворава. Паводле перапісаў насельніцтва Кобрын налічваў у 1959 г. 13 686 жыхароў, у 1970 г. 24 900 жыхароў. З 07.03.1963 г. Кобрын з'яўляецца горадам абласнога падпарадкавання. У 1996 г. было 51,6 тыс. жыхароў. У горадзе працуюць інструментальны і аўтарамонтны заводы, прадзільна-ткацкая і швейная фабрыкі, ільнозавод, хлебазавод, масласырзавод, кансервавы завод, птушкафабрыка, мэблевая фабрыка, «Сельгастэхніка», друкарня, 8 сярэдніх, базавая і музычная школы, 2 спартыўныя, школа-інтэрнат, 2 бібліятэкі, 2 кінатэатры, Дом культуры, бальніца. Выдаюцца газеты «Кобрынскі веснік» (раней называлася «Камуністычная праца») і «Кобрынінфарм».

Кобрын
Царква Евангелістаў хрысціян-баптыстаў

На тэрыторыі Кобрына знаходзяцца: помнікі гісторыі – брацкая магіла 174 савецкіх воінаў (помнік устаноўлены ў 1959 у скверы імя В.П. Пуганава); брацкая магіла 30 савецкіх воінаў і партызан (помнік устаноўлены ў 1957); 4 брацкія магілы савецкіх воінаў на могілках (пахаваны каля 40 воінаў); абеліск у гонар 200-годдзя пачатку будаўніцтва Дняпроўска-Бугскага канала (устаноўлены ў 1975); абеліск на месцы загубы мірных жыхароў (устаноўлены ў 1975); магіла ахвяр фашызму (абеліск устаноўлены ў 1967); помнік у гонар 40-й гадавіны перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне; помнік перамогі ў 1812 г. (адноўлены ў 1951); помнік падпольшчыкам (устаноўлены ў 1974); помнік А.В. Сувораву (устаноўлены ў 1964); помнікі архітэктуры – Мікалаеўская царква (пабудавана з дрэва ў 1750 за межамі горада, перанесена на тэрыторыю Кобрына ў 1839, часткова перабудавана ў 1860-я г.); касцёл Спачыну Найсвяцейшай Дзевы Марыі (1843); Петрапаўлаўская царква (пачатак 20 ст.); будынак паштовай станцыі (пабудаваны ў 1846); сабор Аляксандра Неўскага (1868); Спаскі манастыр (15-18 ст.); сядзібны дом Суворава (1794); гарадскі парк імя Суворава; будынак былой сінагогі (пабудаваны ў 2-й палове 19 ст.).

Кобрын
Аквапарк

У г.Кобрын нарадзіўся герой Савецкага Саюза У.М. Кірмановіч (у гады Вялікай Айчыннай вайны быў камандзірам знішчальнай проціватанкавай батарэі).
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.