Галоўная | Рэгістрацыя | Уваход | RSS | Чацвер, 01.06.2023, 06:03 | |||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||||
КОБРЫНСКІ СТРОЙГалоўная »КОБРЫНСКІ СТРОЙ — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення ў Заходнім Палессі. Бытаваў у ХІХ — пачатку ХХ ст. пераважна на тэрыторыі Жабінкаўскага і Кобрынскага раёнаў. Вызначаўся завершанасцю форм, віртуознай распрацоўкай арнаменту жаночага касцюма. ![]() Жаночы комплекс Комплекс летняга жаночага адзення складаўся з кашулі, спадніцы, фартуха. Кашулю шылі з даматканага льнянога палатна, кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, адкладным або стаячым каўняром, прамым рукавом, які заканчваўся фальбонкай або каўнерцам. Аздаблялі кашулю вышыўкай (процягам, крыжыкам), радзей узорыстым ткацтвам і маршчэннем тканіны. Дробнаўзорысты (геаметрычны або раслінны) чырвона-малінавы арнамент з невялікімі ўкрапінамі чорнага ці цёмна-сіняга збіраўся ў вузкія, аднолькавай шырыні шлячкі (нагадваюць тасёмкі), што ў падоўжным ці папярочным кірунку запаўнялі ўсю паверхню рукавоў. У блізкім да кашулі кампазіцыйна-арнаментальным вырашэнні афармляўся фартух, пашыты з 2 дэкаратыўна злучаных полак белай ільняной тканіны. ![]() Кобрынскі строй. Жанчыны ў святочных уборах. Вёска Дзівін Кобрынскага раёна ![]() Кобрынскі строй. Жанчыны ў святочных уборах. Вёска Варатынічы Кобрынскага раёна Адметнасць кобрынскага строю ў спосабе нашэння фартухоў (апраналі 2 фартухі так, каб асноўны арнамент ніжняга фартуха быў відзён з-пад верхняга). Спадніцы шылі з 4 полак узорыстай тканіны: ільняных — з серабрыста-белай, вытканай у тэхніцы шматнітовага ткацтва (у крыжы, акенцы, паскі); ваўняныя (андаракі) — з чырвонай, запоўненай вузенькімі лініямі-прасноўкамі. Радзей выраблялі андарак з чорнай або цёмна-сіняй тканіны з белымі, зялёнымі, сінімі, фіялетавымі прасноўкамі. Падпяразвалі спадніцу поясам з кутасамі, вытканым у разнаколерныя палосы. Зрэдку надзявалі гарсэт. ![]() Касцюм свахі Галаўныя ўборы — намітка, белая палатняная хустка, упрыгожаная «павай» (пяром або веерам з пер'яў), чапец, вянок. Асаблівую велічнасць і пластычную стройнасць касцюму надавала намітка, абматаная вакол твару і жывапісна задрапіраваная на спіне. Шыйнымі ўпрыгожаннямі былі пацеркі, стужкі, абразкі. ![]() Кобрынскі строй. Жанчына ў святочным адзенні з наміткай. Вёска Яўсімавічы Кобрынскага раёна Мужчынскае адзенне складалася з кашулі навыпуск, падпяразанай поясам, белых палатняных нагавіц, галаўнога ўбору — саламянага картуза, аздобленага ўзорыстай тасёмкай па верху і маляўнічай какардай, шапкі (круглай, чубатай). Верхняе адзенне мужчын і жанчын: світа (латушка, з вусам), пашытая з белага або шэрага валенага сукна і аздобленая на грудзях і бакавых клінах стракатымі пышнымі кутасамі і вышыўкай малінавымі, блакітнымі ніткамі воўны; куртка, кажух. Аўтар: М.Ф. Раманюк Крыніца: Этнаграфія Беларусі: энцыклапедыя / Беларуская Савецкая Энцыклапедыя; рэдкалегія: І.П. Шамякін (галоўны рэдактар) [і інш.]. - Мінск: БелСЭ, 1989. - 375 с. |
|