Субота, 20.04.2024, 03:10

КОБРЫНСКІ ВАЕННА-ГІСТАРЫЧНЫ МУЗЕЙ імя А.В.Суворава

Галоўная »
КОБРЫНСКІ ВАЕННА-ГІСТАРЫЧНЫ МУЗЕЙ імя А.В.Суворава створаны паводле рашэння Брэсцкага абласнога Савета народных дэпутатаў ад 06.07.1946 г. «Аб арганізацыі Кобрынскага гісторыка-краязнаўчага музея імя Суворава», якое было прынята згодна з пастановай Бюро ЦК КП(б) Беларусі ад 18.06.1946 г.. У 1947 г. профіль музея зменены на ваенна-гістарычны. Для наведвальнікаў адкрыты 01.05.1948 г. Музеем кіравалі А.М. Мартынаў, Н.М. Пліско. З 2004 г. дырэктар А.В.Бабенка.

Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В.Суворава, Кобрын
"Сувораўскі дом"

Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В.Суворава, Кобрын
Галоўны будынак музея,
дзе размяшчаецца экспазіцыя "Сем стагоддзяў Кобрына
"

Музей заснаваны ў доме, які ў канцы XVIII ст. належаў рускаму палкаводцу А.В. Сувораву. У 1949 г. перад уваходам пастаўлены яго бронзавы бюст. У 1956 г. музею быў перададзены драўляны будынак, размешчаны паблізу дома, што дазволіла значна пашырыць экспазіцыю. У 1978 г. дом Суворава зачынены на рэстаўрацыю: адноўлена першапачатковая планіроўка будынка. 15.11.1980 г. адкрыта для наведвальнікаў першая экспазіцыя. Другі будынак музея быў знесены, а на яго месцы ў 1990 г. узведзены новы, які нагадвае сярэдневяковую крэпасць з высокай цэнтральнай вежай, земляным валам, магутнымі сценамі і баявымі галерэямі. 08.05.1995 г. у будынку адкрыта другая экспазіцыя музея.

Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В.Суворава, Кобрын
Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В.Суворава, Кобрын
Экспазіцыя "Сувораўскага дома"

Агульная экспазіцыйная плошча музея (2008) складае 861 м². Фонды музея налічваюць каля 51 тыс. адзінак захоўвання, з якіх каля 23 тысячы — прадметы асноўнага фонду.

Фонды падзяляюцца на 20 калекцый. Аснову экспазіцый складаюць калекцыі зброі, абмундзіравання і амуніцыі, нумізматыкі і фалерыстыкі. Найбольш цікавыя і рэдкія прадметы з гэтых калекцый: двухручны заходнееўрапейскі меч XVI ст., кнотавыя і калясцовыя пісталеты XVII— XVIII ст., польскія шаблі з усходнімі клінкамі XVII—XVIII ст., тульскія крамянёвыя пісталеты 1813 г., пісталет «маўзер» пачатку ХХ ст., кулямёт «максім» узору 1910 г. і нямецкі кулямёт MG узору 1915 г., пісталеты-кулямёты Шпагіна, Судаева, Шмайсера, Томпсана перыяду 2-й сусветнай вайны; рыцарскія даспехі XVI ст., мундзіры гусарскіх палкоў Расіі перыяду вайны 1812 г., абмундзіраванне савецкай і нямецкай армій перыяду 1941—45 гг.; старажытныя польскія манеты XVI—XVIII ст., знойдзеныя на тэрыторыі Кобрыншчыны ў складзе скарбаў, манеты Расіі часоў Аляксея Міхайлавіча, Пятра I і Кацярыны II. У складзе фондаў ёсць некалькі прадметаў, якія належалі расійскім імператарам.

У музеі дзейнічаюць 2 экспазіцыі: «Сувораўскі дом» і «Сем стагоддзяў Кобрына». Першая мае мемарыяльны характар і заснавана на сапраўдных прадметах XVIII ст., якія адлюстроўваюць жыццё і дзейнасць Суворава. У экспазіцыі акцэнт зроблены на асвятленні ваенных падзей, якія адбываліся на тэрыторыі сучаснай Беларусі з удзелам войск пад камандаваннем палкаводца. Значная ўвага ўдзелена перыядам знаходжання Суворава ў Кобрыне. Экспазіцыя мае 8 раздзелаў: дзяцінства Суворава, пачатак ваеннай службы; эпоха А.В. Суворава; пачатак баявой дзейнасці, Сямігадовая вайна 1756—63 гг., Барская канфедэрацыя 1768—72 гг., руска-турэцкая вайна 1768—74 гг.; талент Суворава як палкаводца, руска-турэцкая вайна 1787—91 гг., паўстанне Т.Касцюшкі; сувораўская «навука перамагаць», адстаўка Суворава; знаходжанне Суворава ў Кобрыне ў 1797 г., ссылка ў сяло Канчанскае; Італьянскі і Швейцарскі паходы 1799 г., знаходжанне ў Кобрыне ў 1800 г.; сувораўскія традыцыі ў арміі, Сувораў і маральнасць, памятныя сувораўскія месцы.

Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В.Суворава, Кобрын
Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В.Суворава, Кобрын
Кобрынскі ваенна-гістарычны музей імя А.В.Суворава, Кобрын
Фрагменты экспазіцыі "Сем стагоддзяў Кобрына"

У аснове экспазіцыі «Сем стагодцзяў Кобрына» — гісторыя горада ў кантэксце ваеннай гісторыі Беларусі ХІІІ—ХХ ст. Тут прадстаўлены матэрыялы, якія расказваюць пра шматвяковую гісторыю горада. У экспазіцыі 15 раздзелаў: узнікненне Кобрына, першае летапіснае ўпамінанне, Грунвальдская бітва (удзел Кобрынскага палка); Кобрын у складзе Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай; падзеі на Кобрыншчыне ў гады Паўночнай вайны 1700—21 гг., падзелы Рэчы Паспалітай; Айчынная вайна 1812 г., Кобрынскі бой 15.07.1812 г.; паўстанне 1863—64 гг., развіццё горада ў 2-й палавіне ХІХ ст.; руска-японская вайна 1904—05 гг., Першая сусветная вайна, акупацыя Кобрына; падзеі 1918—21 г.; у складзе Польскай дзяржавы, уз'яднанне з БССР; Вялікая Айчынная вайна; мемарыяльныя спісы загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, вайна ў Афганістане. Працягвае экспазіцыю адкрытая пляцоўка баявой тэхнікі, дзе экспануюцца артылерыйская гармата і ўзоры бранятэхнікі Савецкай Арміі.

Музей мае бібліятэку (22 тысяч тамоў), выставачную залу. У фае дзейнічае выстаўка-продаж твораў кобрынскіх мастакоў — жывапісу, графікі, вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, народных промыслаў.

Адрас: 225860, г.Кобрын, вул.Суворава, 14
Тэл.: +375-1642-237-94; +375-1642-256-94; +375-1642-259-11
Факс. +375-1642-237-94
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.