Нядзеля, 28.04.2024, 08:14

КОЛАСА ЯКУБА ЛІТАРАТУРНА-МЕМАРЫЯЛЬНЫ МУЗЕЙ

Галоўная »
КОЛАСА ЯКУБА ЛІТАРАТУРНА-МЕМАРЫЯЛЬНЫ МУЗЕЙ заснаваны ў Мінску паводле пастановы ЦК КПБ і Савета Міністраў БССР ад 16.09.1956 г. як Літаратурны музей Якуба Коласа. Адкрыты для наведвання 04.12.1959 г. Функцыяніраваў у сістэме Акадэміі навук Беларусі, з 1963 г. — Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь. У 1995 г. перайменаваны ў Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа. Размешчаны ў будынку, дзе з канца 1944 да 1956 гг. жыў з сям'ёй і працаваў пісьменнік. Музеем кіравалі сын пісьменніка Д.К. Міцкевіч, Г.А. Ткацэвіч. З 1987 г. дырэктар З.М. Камароўская.

Якуб Колас, Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа

Асноўны фонд музея (2008) налічвае больш за 30,5 тысяч адзінак захоўвання, навукова-дапаможны — 4164 адзінкі, у тым ліку рукапісаў — 2641 адзінак, кінафотадакументаў — 3933 адзінкі, друкаваных выданняў — 13 949 адзінак, прадметна-рэчыўных— 2100 адзінак. Дэманструюцца 2640 экспанатаў. Агульная плошча 210,7 м², экспазіцыйная плошча ландшафтнай зоны сядзібы 0,44 га.

Якуб Колас, Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа

Рукапісны фонд музея ўключае чарнавыя і чыставыя аўтографы твораў Я.Коласа, аўтабіяграфічныя запісы і ўспаміны, машынапісныя і рукапісныя копіі яго твораў. Фотадакументы прадстаўлены здымкамі Я.Коласа, яго родных, сяброў, мясцін, звязаных з жыццём і творчасцю пісьменніка, зробленымі ў 1902—56 гг., фотаздымкамі з дароўнымі подпісамі паэта. У фондзе фонадакументаў захоўваюцца запісы голасу Я.Коласа падчас урачыстых выступленняў у 1952—56 гг. Калекцыю друкаваных выданняў складаюць асабістая бібліятэка пісьменніка, выданні яго твораў, газеты, часопісы перыяду 1945—56 гг. Асаблівую цікавасць уяўляюць кнігі з уласнымі паметкамі і аўтарскімі праўкамі паэта.

Якуб Колас, Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа

У структуры музея 9 экспазіцыйных залаў. Пад выставачную залу прыстасаваны падвал будынка агульнай плошчай 30,5 м². Музейная экспазіцыя складаецца з літаратурнай (1-ы паверх дома) і мемарыяльнай (2-і паверх) частак. Літаратурная экспазіцыя размешчана ў 4 залах і займае пакоі, дзе пры жыцці Я.Коласа знаходзіліся спальні сем'яў яго сыноў, сталовая і малая гасціная. Першая зала прысвечана паэме «Новая зямля» і асвятляе перыяд жыцця паэта 1882—1918 гг. Біяграфія пісьменніка прадстаўлена дакументамі і фотаздымкамі, якія змешчаны на стылізаваных «лістках календара» модульных сістэм экспазіцыйнага абсталявання. Найбольш каштоўныя экспанаты: рукапісы ранніх вершаў паэта пачатку ХХ ст., першае выданне паэмы «Новая зямля» (1923), кішэнны гадзіннік Я.Коласа, падараваны ім брату Міхасю. Другая зала апавядае пра жыццё Я.Коласа ў 1920-я гг. Яе дамінанта — творчая гісторыя трылогіі «На ростанях». Найбольш цікавыя экспанаты: званок класнага настаўніка з Верхменскага народнага вучылішча (Смалявіцкі раён), дзе працаваў Якуб Колас у 1906 г., сшыткі фальклорных запісаў пісьменніка 1902—05 гг., скрыпка з уласных рэчаў сям'і паэта. Трэцяя зала прысвечана паэме «Сымон-музыка» і навуковай дзейнасці Я.Коласа ў сярэдзіне 1920-х — канцы 1930-х гг. Тут захоўваюцца копіі рукапісных старонак паэмы і яе першае выданне, членскі білет віцэ-прэзідэнта Акадэміі навук Беларусі, ілюстрацыі А.Лось да апавяданняў з цыкла «Казкі жыцця», тэлеграма Я.Коласа Я.Бязмену аб пошуку ўкрадзенага рукапісу паэмы «Сымон-музыка». Чацвёртая экспазіцыя расказвае пра жыццё паэта ў 2-й палавіне 1930-х гг. і ў гады Вялікай Айчыннай вайны. Сярод прадстаўленых экспанатаў 2 срэбныя чаркі, падораныя сям'ёй Я.Купалы Я.Коласу і яго жонцы Марыі Дзмітрыеўне на сярэбранае вяселле, сумачка са змяінай скуры, прывезеная пісьменнікам жонцы з Літвы ў 1939 г., фотаапарат «Zeiss» — падарунак сыну Данілу.

Якуб Колас, Літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа

Мемарыяльная экспазіцыя размешчана ў 5 пакоях. Захаваны прыжыццёвыя інтэр'еры сталовай, рабочага кабінета і спальні Я.Коласа. У фае мемарыяльнага аддзела ўстаноўлены экран для дэманстрацыі архіўных відэаматэрыялаў, звязаных з жыццём пісьменніка ў 1950-я гг. Сярод экспанатаў тэлевізар «Тэмп», рабочы стол паэта з яго асабістымі рэчамі.

Часткай агульнай экспазіцыі з'яўляецца сядзібны ландшафт, дзе захаваліся дрэвы, пасаджаныя Я.Коласам.

Галоўны накірунак дзейнасці музея — выставачная і прапагандысцка-масавая работа. З 1985 г. штогод музеем праводзяцца каля 10 выставак з уласных фондавых калекцый і больш за 30 літаратурных вечароў і свят, у тым ліку навуковая канферэнцыя «Каласавіны» да дня нараджэння Я.Коласа; фестываль юных музыкантаў «Сымон-музыка» на радзіме пісьменніка; дзіцячыя святы «Калядныя сустрэчы ў доме дзядзькі Якуба», «Гуканне вясны>», «Песняй вітаю я вас!» да Дня ведаў, «Казкі жыцця»; літаратурныя праекты «Нашчадкі славутых людзей», «Святло ў акне» (у рамках акцыі «Ноч музеяў»); літаратурныя чацвяргі, прысвечаныя юбілейным датам пісьменнікаў або землякоў, чыя творчасць звязана з асобай Я.Коласа. Музей мае філіял і заказнік у Стаўбцоўскім раёне.

Адрас: 220072, г.Мінск, вул.Акадэмічная, 5
Факс: +375-17-284-19-40
Тэл.: +375-17-284-15-84; +375-17-294-91-96
Сайт: yakubkolas.by
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [466]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [145]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 5
Гасцей: 5
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.