Чацвер, 28.03.2024, 20:44

КОПЫСЬ

Галоўная »
КОПЫСЬ — гарадскі пасёлак, цэнтр пасялковага савета (з 1938 г.) і прыстань на р.Дняпро. Упамінаецца ў 1059 г. у Ніканаўскім летапісе як горад Копысь у складзе Полацкага княства. У 1116 г. захоплены смаленскім князем Вячаславам. У сярэдзіне 12 ст. тут быў пункт збору гандлёвай пошліны смаленскіх князёў з тавараў, якія правозілі па Дняпры, карчмарскай даніны з заезных дамоў. З 2-й паловы 14 ст. у складзе Вялікага княства Літоўскага, з 1569 г. — Рэчы Паспалітай. У пачатку 16 ст. уласнасць князёў Астрожскіх, з 1594 г. — Радзівілаў. У 1695—1744 гг. уладанне прынцэс Нейбургскіх, потым зноў належаў Радзівілам. Паводле некаторых звестак, горад меў магдэбургскае права.

Копысь
Копысь
Герб і сцяг г.п.Копысь

3 1772 г. у складзе Расіі, казённая ўласнасць. 3 1777 г. цэнтр павета. У 1778 г. зацверджаны 1-ы генплан горада, у 1781 г. — герб: выява чорнага зайца ў зялёным полі. Паходжанне гэтага герба тлумачыцца тым, што ў наваколлі Копысі вадзілася даўней шмат чорных зайцоў. 3 1796 г. заштатны горад, у 1802 — 61 гг. зноў цэнтр павета, потым заштатны горад Горацкага павета. У Айчынную вайну 1812 г. разрабаваны французскімі войскамі. 12 лістапада 1812 г. тут пераправіўся з рускай арміяй цераз Дняпро М.І. Кутузаў. У 1821 г. адкрыта земскае народнае вучылішча. У 1825 г. 253 жылыя дамы (адзін цагляны, астатнія драўляныя), 2265 жыхароў, 6 цэркваў, 2 богаўгодныя ўстановы, 13 піцейных дамоў, 9 лавак, земскае народнае вучылішча. У 1829 г. 330 драўляных жылых дамоў і 1 цагляны, у 1842 г. — 355 драўляных, 1 цагляны, 5 цэркваў. У 1848 г. заснаваны піваварны завод, у 1874 г., 1876 і 1877 гг. — кафляныя заводы. У 1879 г. 384 жылыя дамы (з іх 2 мураваныя), 3164 жыхары (большасць насельніцтва складалі мяшчане і рамеснікі). Гораду належала 2281 дзесяціна зямлі, у тым ліку 843 дзесяціны лесу, 1150 — ворыва, 24 — сенакосу, 264 — пашавых угоддзяў. У горадзе было 7 праваслаўных цэркваў (адна мураваная і 6 драўляных), 2 каталіцкія касцёлы (цагляны і драўляны), 2 земскія народныя вучылішчы (жаночае і мужчынскае), паштовая станцыя, 3 заезныя дамы, тракцір, 7 кабакоў. Жыхары Копысі мелі 234 кані, 245 галоў буйной рагатай жывёлы. 3 1871 па 1881 г. у Копысі былі ўзяты 183 шлюбы. У 1883 г. у земскім (мужчынскім) народным вучылішчы вучыліся 48 хлопчыкаў (настаўнік З. Аўсянкін). Вучылішча знаходзілася ва ўласным будынку. Паводле перапісу 1897 г. у горадзе 3384 жыхары, у тым ліку мяшчан 2475, сялян 731, дваран 64, духавенства 18, купцоў 41 чалавек. Пісьменных сярод насельніцтва было 39,6 працэнта.

З даўніх часоў Копысь — адзін з найбольш старажытных цэнтраў мастацкага керамічнага рамяства, так званай «копыскай кафлі». Тут выраблялі ўсе віды дэталей для абліцоўкі печаў. У канцы 15—17 ст. копыскія майстры рабілі кафлю з рэльефным геаметрычным, раслінным і геральдычным (выявы конніка, арол з гербам Радзівілаў) арнаментамі. Шмат кафлі вывозілі на продаж за межы Беларусі. Вядома, што ў 2-й палавіне 17 ст. копыскія майстры Я. Андрэеў, С. Аляксееў, П. Будкееў, С. Грыгор'еў, В. Дарафееў, І. Максімаў, П. Фёдараў выраблялі шматколерную мастацкую кафлю і аздаблялі ёю палацы і храмы ў Маскоўскай дзяржаве. У канцы 19 — пачатку 20 ст. у Копысі працавала каля 20 заводаў.

У 1900 г. адкрыта Копыскае гарадское вучылішча, якое ў 1913 г. было пераўтворана ў вышэйшае пачатковае вучылішча. 3 дзяржаўнай казны на ўтрыманне вучылішча адпускалася каля 9 тыс. рублёў у год. У 1904 г. 3950 жыхароў. Дзейнічала Копыская арганізацыя РСДРП, якая ўваходзіла ў склад Палескага камітэта РСДРП. 11 ліпеня 1905 г. пад яе кіраўніцтвам у Копысі адбыліся палітычныя забастоўка і дэманстрацыя, у якіх удзельнічала каля 1500 рабочых горада і сялян навакольных вёсак.

У 1911 г. 5924 жыхары, 15 кафляных заводаў, 4 паравыя млыны, піваварны, крухмальны і вінакурны заводы, бальніца, аптэка, 7 праваслаўных цэркваў, сінагога, 3 яўрэйскія малітоўныя дамы, 2 земскія народныя вучылішчы, царкоўнапрыходская школа. У чэрвені 1911 г. адбылася забастоўка рабочых кафляных заводаў, якія патрабавалі павышэння зарплаты, паляпшэння ўмоў працы і быту.

У лістападзе 1917 г. устаноўлена Савецкая ўлада. У 1924 — 31 гг. цэнтр раёна, з 1931 г. у Аршанскім раёне, з 1938 г. гарадскі пасёлак. У 1940 г. каля 1200 двароў, каля 10 тыс. жыхароў, ільнозавод, 2 чарапічныя заводы, мэблевая фабрыка, машынна-трактарная станцыя, 2 млыны, сярэдняя, 2 пачатковыя і калгасная школы, кінатэатр, 3 клубы, бальніца, 3 сталовыя, 6 магазінаў.

Копысь
Краявід месца Копысь у канцы ХІХ ст.

Копысь
Праабражэнская царква ў Копысі.
Год пабудовы 1694. Здымак зроблены ў 1939 годзе


3 ліпеня 1941 г. да 27.06.1944 г. Копысь акупіравана нямецка-фашысцкімі захопнікамі. У студзені 1942 г. гітлераўцы расстралялі каля 250 мірных жыхароў пасёлка. Супраць акупантаў дзейнічалі 3 падпольныя групы (кіраўнікі — камсамолкі сёстры А.М. і З.М. Шавень, камуністы Я.А. Точын і Ц.Р. Марозаў).


Уваход у замкавы вал


Прастора ўнутры замкавага валу

У 2006 г. у Копысі 0,8 тыс. жыхароў. Дзейнічае керамічны цэх "Оршабудматэрыялы", міні-пякарня, лясніцтва. Сярэдняя школа, дзіцячы сад, Цэнтр пазашкольнай работы. Ёсць Дом культуры, бібліятэка, стадыён. Працуюць паліклініка, бальніца, аптэка. Размешчаны філіял раённага камбіната бытавога абслугоўвання, аддзяленне сувязі, прадпрыемствы гандлю. Брацкая магіла савецкіх воінаў, якія загінулі ў 1944 г. у баях супраць нямецка-фашысцкіх акупантаў. Магіла ахвяр фашызму. Помнік Герою Савецкага Саюза падпалкоўніку М.М. Трасцінскаму, пад камандаваннем якога 1152-і стралковыя палкі 344-й стралковай дывізіі вызваліў Копысь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. 2 археалагічныя помнікі — замчышча Пятроўскі вал і селішча Пасадскае.


Мост праз р.Дняпро, які злучае Копысь і Александрыю

Радзіма Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А.Р. Лукашэнкі.


Шыльда на будынку бальніцы ў Копысі
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 4
Гасцей: 4
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.