КОШ — 1) плеценая ёмістасць розных памераў для захоўвання і транспарціроўкі сыпкіх і штучных рэчываў, пераважна харчовых прадуктаў. Кашы рознай формы рабілі з лазы, сасновай, радзей дубовай дранкі, каранёў хваёвых дрэў, ліпавай і бярозавай кары, саломы, рагозу. Паводле функцыянальных асаблівасцей кош можна ўмоўна падзяліць на посуд для патрэб паўсядзённага ўжытку, для захоўвання мясных прадуктаў (саж), ёмістасці пад збожжа (
кораб, шыян, саламянік), посуд для пераносу грузаў на плячах (кашэль,
вярэнька) і на кашы і палукашы (палукашкі) на
воз. У першай групе найбольш пашыраны былі кашы паўкруглай формы, плеценыя з лазовых прутоў. Кашы выкарыстоўвалі для збірання і пераносу гародніны, бульбы, садавіны, грыбоў, пры рабоце ў полі і інш. На поўначы Беларусі з той жа мэтай выкарыстоўвалі кашы з плоскім дном, плеценыя з сасновай дранкі шырынёй 3 — 7 см, таўшчынёй 2 — 5 мм. Больш зграбна і мудрагеліста плялі лазовыя кашы, што мелі форму ўсечанай піраміды ці конуса. Іх дэкор часцей за ўсё ўтваралі рытмічныя спалучэнні розных матэрыялаў, акораных і неакораных прутоў (белае і шэрае пляценне), заплеценых рознымі спосабамі. Такія кашы звычайна выкарыстоўвалі для дастаўкі
ежы ў поле, святочных наведванняў,
кірмашовых свят, збірання ягад, лекавых траў і інш.
Кашы з яблыкаміКашы другой групы ў большасці мелі такую ж паўкруглую (паўшаравідную) форму, што і звычайны кошык, аднак закрываліся зверху паўкруглымі дзверцамі. Сустракаліся кашы конусападобныя, звужаныя кнізу, у якіх захоўвалі саланіну. Звычайна іх абгортвалі палатном,
абрусам і падвешвалі да
бэлькі ў
каморы ці на
гарышчы (Заходняя і Цэнтральная Беларусь). На Палессі саж нярэдка выкарыстоўвалі для захоўвання жывой рыбы. Ёмістасці пад збожжа, крупы, муку рабілі звычайна з пучкоў саломы, укладваючы іх адзін на адзін па спіралі і пераплятаючы лазою ці мачалам. Іх часта выкарыстоўвалі замест
кадаўбаў. Збожжа ў іх добра вентылявалася.
КашыКашы-саламянікі формай часцей нагадвалі ганчарны посуд: збаны, гаршкі, макітры, місы і інш. Аб'ём вагаўся ад некалькіх літраў да 1 м³. Кашы для пераносу грузу на плячах рабілі з лазы, дранкі; яны мелі падоўжаную ці цыліндрычную форму (для зручнасці ўладкавання іх на спіне) і адпаведныя ручкі. Нярэдка кашы з грузам падвязвалі за спіной кавалкам палатна ці абрусам.
Найбольшыя памеры мелі кашы вазовыя (сярэдні памер 2х1х0,7 м), прызначаныя для транспарціроўкі бульбы, гародніны і інш. Іх плялі з тоўстых гнуткіх дубцоў у стылі перакрыжаванай (крыжовай) тэхнікі; мелі форму расшыранай кверху скрыні з акруглымі тарцовымі бакамі. Для перавозкі сыпкіх і невялікіх штучных грузаў часта выкарыстоўвалі заплеценыя з трох бакоў палукашы, якія ставілі на воз пры адсутнасці шчыльнага кузава.
У наш час у гаспадарчай практыцы шырока ўжываюцца кашы пад бульбу, гародніну, садавіну (часта плеценыя з тонкага дроту); іншыя тыпы плеценых ёмістасцей амаль выйшлі з ужытку.
2) Скрынка ў млыне над жорнамі, у якую засыпаюць збожжа для памолу.