Чацвер, 25.04.2024, 16:27

КРАСНАПОЛЬСКІ СТРОЙ

Галоўная »
КРАСНАПОЛЬСКІ СТРОЙ — традыцыйны комплекс беларускага народнага адзення Падняпроўя. Бытаваў у XIX — сярэдзіне XX ст. пераважна ў Краснапольскім, Касцюковіцкім, Клімавіцкім, Хоцімскім, Чачэрскім, Чэрыкаўскім раёнах. У ім найбольш яскрава адбіўся працэс узаемаўзбагачэння і ўзаемапранікнення рускага, беларускага і ўкраінскага народнага адзення. Для краснапольскага строю характэрна вялікая разнастайнасць форм адзення, багатае кампазіцыйнымі варыянтамі і арнаментальнымі матывамі мастацкае афармленне, у якім важнае значэнне, акрамя вышыўкі і ўзорыстага ткацтва, мела карункапляценне, аплікацыя.

краснапольскі строй
Краснапольскі строй. Аздабленне рукава жаночай кашулі. Вышыўка.
Вёска Рудня-Барталамееўская Чачэрскага раёна. Канец 19 ст.
Вёска Беразнякі Краснапольскага раёна. Пачтак 20 ст.

У жаночым гарнітуры пашыраны 4 комплексы: кашуля, расхінная панёва, гарсэт, намітка; кашуля, андарак з дзесяткай (спадніца з прышытым ліфам-гарсэтам у асобных варыянтах нагадвала сарафан на лямках), 1-полкавы суконны фартух, хустка; кашуля, андарак, 4-полкавы льняны фартух, хустка; кашуля або блуза, кроеная з гесткай, крамная спадніца з прышыўным ліфам, 1-полкавы фартух, хустка. Кашулю кроілі з прамымі плечавымі ўстаўкамі, прышытымі па ўтку, з вялікім адкладным каўняром, аздобленым па краях паскам вязаных белых карункаў або паркалёвых брыжоў. Шырокі рукаў злучаўся з плечавой устаўкай узорыстым паскам мярэжкі з чырвона-чорным геаметрычным арнаментам (капейкі). Вышыты чырвонымі, чырвона-чорнымі баваўнянымі ніткамі арнамент 8-пялёсткавых разетак, ромбаў, квадратаў кампанаваўся радамі, у шахматным парадку або размяшчаўся ў ячэйках-сотах, якія ўтвараліся перасячэннем дыяганальных або гарызантальных і вертыкальных палос. Густа нашыты на рукавы ўзор вылучаецца багаццем арнаментальных варыяцый, тонкасцю ўзораў, гармоніяй і агульнай пластыкай і аздабленнем іншых частак касцюма. Фартухі аздаблялі ўзорыстым ткацтвам, вышыўкай, аплікацыяй; панёву, андарак натыкалі клятчастым вохрыста-чырвоным арнаментам. Андарак і ліф-гарсэт часам кроілі з розных тканін: ніз з клятчастай даматканкі, ліф — з крамнай узорыстай і гладка-фарбаванай тканіны. Спадніцу шылі з ільнянога аднатоннага, клятчастага, паласатага, белага, бела-сіняга палатна. Падпяразвалі вузкім поясам, канцы якога аздаблялі дэкар. кутасамі, нізкамі разнаколернага бісеру. Галаўныя ўборы жанчын — намітка, чапец (вязаны з белых нітак або шыты з чырвоных крамных тканін), хустка. Насілі пацеркі, шыйныя бісерныя паскі, абразкі.

краснапольскі строй
Краснапольскі строй. Жанчына ў святочным касцюме.
Вёска Залессе Чачэрскага раёна. Пачатак 20 ст.


краснапольскі строй
Краснапольскі строй. Жанчыны ў летнім адзенні. пачатак 20 ст.
Вёска Рудня-Барталамееўская Чачэрскага раёна


Мужчынскія кашулі кроілі з плечавымі ўстаўкамі (палікамі) або тунікападобныя; у іх вышывалі манішку, падол, каўнер і каўнерцы, падпяразвалі поясам. Нагавіцы шылі з палатна, шэрагаці карычневага сукна. Вопратку (світу, шубу, кажух, куртку, сак) аздаблялі нашыўкамі і аблямоўкамі фабрычных (чырвоных, сініх) тканін, аплікацыяй шнуром.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.