КРЭСІВА — красала, металічная прылада для высякання агню з крэменю. Вядома з эпохі жалезнага веку. На тэрыторыі Беларусі найбольш старажытнае крэсіва датуецца познім этапам
зарубінецкай культуры (II — V ст. н.э.). Яно зроблена з нераўнамерна навугляроджанага металу з наступнай тэрмаапрацоўкай (гартаваннем).
Крэмень, крэсіва і цэра Выкарыстоўваліся розныя тыпы крэсіва: лірападобныя (Х — ХІІ ст.), двухлязовыя падоўжана-авальнай формы (ХІІ — ХІІІ ст.) і двухлязовыя авальныя (ХІІІ —XIV ст.). Крэсіва бытавала на працягу многіх стагоддзяў. Высечаная з крэменю іскра падпальвала цэру (мяккую, пушыстую, накшталт ваты, масу з вываранага, вымачанага і высушанага дрэўнага грыба). Крэмень, крэсіва, цэру звычайна насілі з левага боку пояса ў магалейках — адмысловых скураных
капшуках. Са з'яўленнем у ХІХ ст. запалак сфера бытавання крэсіва пачала звужацца, спачатку — у
горадзе, затым на сяле, дзе пэўны час сяляне выраблялі запалкі саматужным спосабам. У перыяд нямецка-фашысцкай акупацыі беларусам давялося зноў вярнуцца да здабывання агню крэсівам. Ім карысталіся і партызаны.
Калачападобныя і двухлязовыя авальныя крэсівы Магалейка для крэсіва. 19 ст. Выраблялі крэсіва мясцовыя
кавалі са старых напільнікаў і іншых утыльных стальных вырабаў. Замест цэры ўжывалі лямпавы кнот ці скручаную тканіну, запраўленую ў бляшаную трубку.