Чацвер, 25.04.2024, 09:05

КУПАЛЛЕ

Галоўная »
КУПАЛЛЕ — старадаўняя абрадавая ўрачыстасць. Пад рознымі назвамі вядома ўсім індаеўрапейскім народам. У старажытнасці было прымеркавана да летняга сонцастаяння, святкавалася ў гонар сонца, якое ў гэты час дасягала свайго апагею. Адзначалася як свята найвышэйшага росквіту жыватворных сіл зямлі, у першую чаргу расліннасці, збажыны. Характарызавалася комплексам абрадаў, павер'яў, любоўнай і аграрнай варажбой. Святкавалася купалле ў ноч з 6 на 7 ліпеня. Яшчэ днём дзяўчаты ішлі на луг, у поле збіраць купальскія (святаянскія) зёлкі — багаткі, руту, браткі, папараць, васількі, купену і інш. Лічылася, што зёлкі, сабраныя на купалле, маюць асаблівую лекавую моц. Частку іх пакідалі ў хаце на лекі, на ўжытак у ежу, некаторыя (ім надавалася ахоўнае значэнне) утыркалі ў сцены будынка, частку выкарыстоўвалі на вянкі для купальскага гадання. Цэнтральнае месца сярод абрадаў і гульняў купалля займала купальскае вогнішча. Купальскія і падобныя ім агні, на думку А.Патабні, увасабляюць сонца, таму маюць сілу даваць ураджай і праганяюць смерць. Хлопцы загадзя рыхтаваліся раскладваць купальскі агонь. Для гэтага па ўсёй вёсцы, мястэчку збіралі старыя рэчы (паношаную вопратку, атопкі, старыя колы, клёпкі ад бочак, леташнюю кудзелю) і вывозілі на абранае для ўрачыстасці месца: узлесак, паляну, высокі рачны бераг, выган, узмежак пры жыце.

Ha купалле моладзь звычайна выпраўлялася з купальскімі песнямі, заклікала ўсіх ісці на гулянне. Пры агні гатавалі абрадавую вячэру: яечню, верашчаку, кулагу (страва з мукі), варэнікі. У старажытнасці купальскі агонь раскладвалі, тручы кавалкі дрэва адзін аб адзін. Адначасова ўздымалі на высокім шасце прамасленае запаленае кола, што, відаць, сімвалізавала сонца. Вакол купальскага агню моладзь вадзіла карагоды, пераскаквала цераз агонь, купалася ў рэчцы, качалася па pace (ачышчальная магія), варажыла на вянках, якія дзяўчаты і хлопцы пускалі на рачную плынь, загадваючы на будучага мужа і жонку, наогул замужжа. Нанач пад падушку клалі трыпутнік, сарваны на растайных дарогах, у надзеі прысніць суджанага. Пры агні спальваўся пучок ільну са словамі-заклінаннем: «Зарадзі, лён!» (прадуцыравальная магія).

Купальскія вераванні і легенды адлюстравалі міфалагічны аспект светапогляду старажытнага чалавека. Многія з іх сведчаць пра паэтычнае ўспрыняцце ім свету. У народзе верылі, што раз у год, якраз на купалле, а 12-й гадзіне ночы ў гушчары лесу зацвітае кветка папараці, здольная даць чалавеку, які сарве яе, празарлівасць. Паводле народных павер'яў, рэкі ў купальскую ноч свецяцца асаблівым, прывідным святлом, дрэвы атрымліваюць дар мовы і нават могуць пераходзіць з месца на месца. Разам з тым купалле — час разгулу змрочных сіл прыроды. Ведзьмы і ведзьмары нібыта імкнуцца адабраць у кароў малако, зрабіць заломы, шкоду ў жыце. Таму ў купальскую ноч рабілі розныя засцярогі, прыбягалі да ахоўнай магіі: кідалі ў жыта галавешкі з агнём, абтыкалі сцены хлява святаянскімі зёлкамі, у некаторых мясцовасцях праз купальскае вогнішча праганялі статак. Сведчаннем веры ў цудадзейную, ачышчальную моц купальскага агню было прасушэнне на ім сарочак хворага, паднашэнне да вогнішча малых дзяцей. Адна з праяў веры ў незвычайнасць купальскай ночы — перакананне, што сонца ў канцы яе ўзыходзіць іграючы: дзеліцца на кругі, якія разыходзяцца, мігцяць і сыходзяцца зноў. Некаторыя купальскія вераванні, прыкметы мелі практычны гаспадарчы сэнс. Лічылася, напрыклад, добрым знакам на купалле пачаць касьбу (прайсці хоць першы пракос).

Купальская традыцыя вельмі старажытная. Вытокі яе — у родавым грамадстве. Самыя раннія пісьмовыя помнікі ўсходніх славян адлюстравалі назву «купала». Купала згадваецца ў Цвярскім летапісе 1175 года. Як каляндарнае азначэнне часу ўпамінаецца купальскае свята ў старажытных беларускіх граматах XIV — XV ст. Хрысціянская рэлігія на працягу некалькіх стагоддзяў змагалася з купальскімі абрадамі і песнямі, імкнулася падмяніць гэту язычніцкую, паводле паходжання і характару, урачыстасць культам Іаана Прадцечы, святам у гонар яго, якое і стала адзначацца 24 чэрвеня старога стылю. Намаганні адэптаў хрысціянства (у яго заходніх і ўсходніх адрозненнях) прычыніліся да таго, што ў назве свята, песнях, якія яго суправаджаюць, з'явілася здвоенае імя «Іван Купала», імёны Іван, Ян у значэнні купальскага дня. Сама ж купальская традыцыя на Беларусі добра захавалася да пачатку ХХ ст., а ў асобных рэгіёнах, асабліва на Падзвінні, пашырана і цяпер. Гэта — сведчанне пра яе багацце, развітасць, непаўторнасць як з'явы культуры.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 12
Гасцей: 12
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.