Аўторак, 16.04.2024, 20:41

КУПАЛЫ ЯНКІ ЛІТАРАТУРНАГА МУЗЕЯ ФІЛІЯЛ «АКОПЫ»

Галоўная »
КУПАЛЫ ЯНКІ ЛІТАРАТУРНАГА МУЗЕЯ ФІЛІЯЛ «АКОПЫ» заснаваны 05.09.1989 г. паводле загаду Міністэрства культуры Беларусі ў Лагойскім раёне з цэнтрам у в.Харужынцы. Адкрыты для наведвальнікаў 29.08.1992 г. у гонар 110-й гадавіны з дня нараджэння народнага паэта Беларусі Я.Купалы. Агульная плошча тэрыторыі філіяла 6,64 га. Складаецца з літаратурна-мастацкай (в.Харужынцы) і мемарыяльнай (былы хутар Акопы) частак.



Хутар Акопы з 1909 г. арандавала маці Я.Купалы Б.І.Луцэвіч (дзявочае прозвішча Валасевіч) у памешчыкаў Жалігоўскіх. Сюды штогод на канікулы прыязджаў Я.Купала ў час вучобы ў Пецярбургу (1909—13 гг.), пазней з Вільні і Мінска. Пасля 1917 г. сядзіба Акопы перайшла ва ўласнасць маці паэта, якая жыла тут да 1926 г.. Менавіта хутар і навакольныя сядзібы Карпілаўка, Малыя Бясяды сталі для песняра месцам літаратурных сустрэч, дыскусій, спасціжэння культурна-гістарычных традыцый края. У гэты перыяд у поўнай меры раскрыўся геній Я.Купалы — лірыка, драматурга-філосафа, перакладчыка, публіцыста-аналітыка. Каля 200 — 300 вершаваных радкоў у дзень пісаў паэт амаль без адзінай праўкі. Створана больш за сотню вершаў, паэмы «Бандароўна», «Магіла льва», «Яна і я», «Гарыслава», драматычныя творы «Паўлінка», «Прымакі», «Раскіданае гняздо», «Тутэйшыя», «Сон на кургане», зроблены пераклад «Слова аб паходзе Ігаравым» і інш. Зараз на месцы былой сядзібы Акопы адноўлены падмуркі хаты і гаспадарчых пабудоў, сімвалічны зруб студні на тых месцах, дзе яны размяшчаліся ў пачатку ХХ ст.



У 1982 г. на валуне, дзе любіў адпачываць паэт, устаноўлены мемарыяльны знак са словамі купалаўскага верша «З кутка жаданняў»:
Песню стварыці ясну, як неба,
У кожнай з ёй хаце быць мілым гасцём —
Гэтакіх толькі скарбаў мне трэба,
Гэткім я толькі жыву пачуццём.


У в.Харужынцы пад філіял музея ўзведзена тыповая драўляная пабудова пачатку ХХ ст. Будынак знаходзіцца на месцы былога хутара Міхалішкі, дзе жылі прататып персанажаў знакамітай «Паўлінкі». У 5 залах (анфіладнае размяшчэнне) знаходзіцца літаратурна-мастацкая экспазіцыя (156 м2). Яе канцэпцыю ў 1989 г. распрацаваў мастак Э.Агуновіч, над стварэннем працавалі мастакі А. Грачоў і У. Пратасеня. Прадстаўлена больш за 300 экспанатаў, сярод якіх дакументы, фотаздымкі, успаміны пра Я.Купалу, рукапісы і кнігі паэта, архіўныя матэрыялы пра купалаўскія мясціны на Лагойшчыне і Міншчыне, работы мастакоў Э.Агуновіча, В.Александровіча, М.Басалыгі, А.Волкава, А.Кашкурэвіча, М.Купавы, Г.Паплаўскага, У.Савіча, В.Шаранговіча.



На падыходзе да будынка філіяла музея ў 1992 г. пастаўлены помнік «Малады Купала» (скульптары А.Заспіцкі і Г.Мурамцаў), зроблены адкрытая эстрада для масавых мерапрыемстваў і крыніца-свідравіна з артэзіянскай вадой. З трох бакоў філіял абкружаны дрэвамі-кулісамі. На тэрыторыі музея раз у два гады традыцыйна праводзяцца злёты-семінары маладых паэтаў Міншчыны.

Адрас: 223124, в.Харужынцы Лагойскі раён
Тэл.: +375-1774-523-69
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1388]
Здарэнні [464]
Грамадства [467]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 8
Гасцей: 8
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.