КУПАЛЫ ЯНКІ ЛІТАРАТУРНАГА МУЗЕЯ ФІЛІЯЛ «ВЯЗЫНКА» заснаваны паводле пастановы ЦК КП(б)Б і СНК
БССР ад 04.08.1945 г. «Аб ушанаванні памяці народнага паэта Беларусі Янкі Купалы» ў в.Вязынка Маладзечанскага раёна. Адкрыты для наведвальнікаў 20.06.1948 г. Размяшчаецца ў хаце, дзе нарадзіўся Я.Купала, 30.06.1946 г. устаноўлена мемарыяльная дошка. У 1971—72 гг. паводле архіўных дакументаў і ўспамінаў старажылаў Вязынкі праведзена рэстаўрацыя філіяла. С 1972 г. уваходзіць у
Купалаўскі мемарыяльны запаведнік «Вязынка».
Агульная плошча будынкаў філіяла (хата, свіран, хатка дваровых) 232,6 м², пад экспазіцыяй — 185,2 м². Экспазіцыя складаецца з мемарыяльнай і гісторыка-літаратурнай частак.
У мемарыяльнай узноўлены
інтэр'ер сялянскай хаты канца ХІХ ст. (печ, мэбля,
калыска, хадунок, посуд), экспануюцца асабістыя рэчы бацькоў Я.Купалы. У другой палавіне хаты, дзе некалі жыў брат паэта Міхал, размешчана гісторыка-літаратурная частка экспазіцыі (абноўлена ў 2002 г.). Тут зберагаюцца аўтабіяграфічныя матэрыялы, рукапісы, кнігі, копіі архіўных дакументаў, фотаздымкі, графічныя работы мастакоў Э.Агуновіча, Я.Раманоўскага, В.Шаранговіча, якія расказваюць пра сям'ю Луцэвічаў, дзіцячыя і юнацкія гады і пачатак літаратурнай дзейнасці Я.Купалы. Асаблівасць гэтай экспазіцыі ў тым, што тут прадстаўлены радавод Луцэвічаў да XVII ст., адноўлены дзедам паэта Ануфрыем, і герб «Навіна», які належаў роду Луцэвічаў.
У будынку свірана ў адной палавіне створана сезонная экспазіцыя «Народныя святы ў творчасці Янкі Купалы», дзе знайшлі адлюстраванне народныя
звычаі і
абрады, апісаныя паэтам і ўвасобленыя ў творах народных майстроў (разьба па дрэве, ткацтва, графічныя работы,
вышыўка, салома- і лоза- пляценне, шыццё,
габелены і інш.). У другой палавіне адноўленага збудавання размешчаны этнаграфічныя прадметы:
кросны,
куфры, прылады для апрацоўкі
лёну, скрыні для захавання збожжа, мукі і іншыя прылады працы і рэчы хатняга ўжытку.

Адрас: 222322, в.Вязынка, Маладзечанскі раён
Тэл.: +375-17-503-03-40