Нядзеля, 28.04.2024, 09:02

Купрэеў Мікола Сямёнавіч

Галоўная »
Купрэеў Мікола Сямёнавіч нарадзіўся 25.05.1937 года ў вёсцы Ямнае Рагачоўскага раёна Гомельскай вобласці. Пасля вайны сям'я пераехала на Брэстчыну. У 1957 г. М.Купрэеў скончыў Івацэвіцкую сярэднюю школу, а затым факультэт беларускай і рускай мовы і літаратуры Брэсцкага педагагічнага інстытута (1962). Працаваў у школах Івацэвіцкага і Ляхавіцкага раёнаў, у рэдакцыі ляхавіцкай раённай газеты «Будаўнік камунізму». Нейкі час лёс пісьменніка быў цесна звязаны з Ганцаўшчынай, дзе ён працаваў настаўнікам у Чудзінскай і Малькавіцкай сярэдніх школах. У 1994 г. яго прынялі ў Саюз пісьменнікаў. Апошнія гады жыцця М.Купрэеў быў звязаны з Берасцейскім Палессем, думкамі ж заўсёды вяртаўся ў роднае Ямнае – калыску сваёй паэтычнай і вандроўнай душы.

Літаратурную працу М.Купрэеў пачаў у 1957 г. З канца 1980-х гг. яго вершы, паэмы, балады пачалі ўсё часцей з'яўляцца ў перыёдыцы. Першая кніга паэзіі "Непазбежнасць" выйшла ў 1967 г. Яна, у асноўным, складаецца з балад і элегій, і таму ў ёй пераважаюць ціхія, самотныя інтанацыі. Але ў такой ціхай споведзі аўтара заўсёды адчуваюцца тыя грымотныя падзеі, якія пакінулі след на зямлі і ў сэрцы паэта. М.Купрэеў вельмі рэдка звяртаўся да гімнаў, а калі пісаў іх, то прысвячаў роднаму полю, лесу… Хараство прыроды, любаванне ёю і адначасова боль за родны край перадае не адзін верш паэта: "Камень", "Лістападная балада", "Журавы не пралятаюць міма", "Вясна", "Цішыня", "Лясныя сполахі"… Вершы М.Купрэева часта вызначаюцца казачнасцю, выкарыстаннем фальклорных матываў і стыляў. Адсюль і любоў да верлібра, балады, элегіі, прытчы. Яго стыхія - ціхія лясныя вёсачкі, дзе яшчэ жывуць народныя песні і легенды. Характэрнымі рысамі паэзіі М. Купрэева з'яўляюцца філасофская глыбіня, спалучэнне метафарычнасці з рэальнасцю, асацыятыўны падтэкст і ў той жа час прастата выказвання. Другі зборнік вершаў аўтар выдаў амаль праз 30 гадоў ("Правінцыйныя фантазіі", 1995). Ён перадае цесную сувязь чалавека з радзімай, з яе гісторыяй. Менавіта такое яднанне выклікае ў лірычнага героя жаданне жыць, дапамагае пераадолець адзіноту. Паэт пастаянна звяртаецца да вобраза дарогі, героі ж яго вершаў - вечныя вандроўнікі. Часам галоўным героем твора з'яўляецца сам аўтар, яго біяграфія. Асабліва біяграфічнай з'яўляецца паэма М.Купрэева "З сястрой і Уладзімірам Караткевічам на Рагачоўшчыне". Сустракаюцца ў М.Купрэева і творы пра каханне. І заўсёды гэта чыстае і прыгожае пачуццё, якое валодае ўсёператваральнай сілай.

М.Купрэеў звяртаўся не толькі да вершаваных форм, пісаў таксама і прозу. У 1995 г. была надрукавана яго аповесць "Дзіцячыя гульні пасля вайны", у 1996 г. – "Імгненне светлае", у 1997 г. – "На вуліцы Карла Маркса з Паэтам". Гэта своеасаблівая трылогія напісана на гістарычную тэматыку. Аб'ядноўвае аповесці ўспамін пра трагедыю вайны, цяжкія пасляваенныя гады, роздум аб далейшым жыцці.

Лёс паэта не заўсёды быў міласцівым да яго, але М.Купрэеў заставаўся верным абранаму шляху, свайму адметнаму погляду на жыццё. Яго паэзія, як і сам аўтар, свабодная ад догмаў і штампаў, нечаканая і арыгінальная.

Памёр 19.09.2004 г.


Творы М.Купрэева
  • Правінцыйныя фантазіі: вершы, паэма / Мікола Купрэеў. - Мінск : Мастацкая літаратура, 1995. - 94 с., 1 л. партр.
  • Дзіцячыя гульні пасля вайны: (аповесць-успамін) / Мікола Купрэеў // Крыніца. 1995. № 8. С. 21-64.
  • Імгненне светлае: (аповесць) / Мікола Купрэеў // Крыніца. 1996. № 5/6. С. 28-54.
  • На вуліцы Карла Маркса з Паэтам: (аповесць) / Мікола Купрэеў // Крыніца. 1997. № 12. С. 47-69.
  • На улице Карла Маркса с Поэтом : повесть / Микола Купреев; пер. с бел. М. Герчика // Нёман. 1998. № 11/12. С. 13-54.


Аб жыцці і творчасці пісьменніка
  • Купрэеў Мікола // Бел. энцыкл.: у 18 т. Мінск, 1999. Т. 9. С. 39.
  • Купрэеў Мікола // Беларускія пісьменнікі: біябібліягр. слоўн.: у 6 т. / пад рэд. А.В.Мальдзіса. Мінск, 1995. Т. 6. С. 628-629.
  • Саламаха, У. Пра што раскажа вучням / Уладзімір Саламаха // Званыя і выбраныя: кн. літ. публіцыстыкі і рэцэнзій / Уладзімір Саламаха. Мінск, 1999. С. 56-60.
  • Сахарчук, В. Вяртанне вечнага вандроўніка / Васіль Сахарчук // Полымя. 1998. № 1. С. 254-262.
  • Мікола Купрэеў / Алесь Каско [і інш.] // Крыніца. 1994. № 11. С. 29-51. Матэрыялы аб жыцці і творчасці пісьменніка.

Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [466]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [145]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.