ЛАБЕНШЧЫНA – гарадзішча (VII ст. да нашай эры – IV ст., нашай эры) штрыхаванай керамікі культуры за 0,35 – 0,4 км на захад ад в.Лабеншчына Мінскага раёна. Займае стрэлку доўгага мыса левага берага ручая Крыніца (левы прыток р.Свіслач), з поўдня, поўначы і паўночнага ўсходу абмежаванае глыбокімі ярамі, з захаду – поймай ручая. Пляцоўка авальная, памерам 68x42 м, з усходу ўмацаванае 3 валамі і 2 равамі, з паўночнага захаду – 2 валамі і 2 равамі. Пры раскопках выяўленыя рэшткі наземных жытлаў слупавой канструкцыі. Ад астатніх жытлаў засталіся агнішчы і слупавыя ямы. Знойдзеныя гаршкі мілаградскага тыпу, упрыгожаныя ямачнымі ўзорамі, і слоікападобныя пасудзіны з прамым, увагнутым або крыху адагнутым краем, пакрытыя штрыхамі, якія адносіліся да ранняга часу існавання гарадзішча (VII – I стст. да нашай эры). Сярод іншых знаходак – бронзавыя бляхі (адна ўпрыгожаная ажурным арнаментам у выглядзе стылізаванай выявы 2 галовак арла, павернутых адна да адной), посахападобныя шпількі, бронзавыя трапецападобныя падвескі, пярсцёнак, скроневае кольца, акулярападобная падвеска, гліняныя прасліцы.
Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.