Чацвер, 28.03.2024, 17:54

ЛАТЫШЫ

Галоўная »
ЛАТЫШЫ – нацыя, асноўная частка насельніцтва Латвійскай Рэспублікі. Гавораць на латышскай мове. Жывуць таксама за мяжой (у тым ліку – у нашай краіне). У этнагенэзе латышоў удзельнічалі балцкія і фіна-вугорскія плямёны. У 1-й палове 1-га тысячагоддзя нашай эры аформіліся этнічныя аб'яднанні, што пазней утварылі латышскую народнасць: куршы, латгалы, земгалы, селы, лівы. Нацыя сфармавалася ў XIX ст.

Этнакультурныя сувязі беларускага i латышскага народаў маюць даўнія традыцыі, асабліва ў памежных раёнах. На тэрыторыі, дзе жылі латгалы, знаходзіўся старажытны горад Герцыке, які належаў Полацкаму княству, там былі групы і ўсходне-славянскага насельніцтва. У XIII ст. жыхары Полацкай зямлі разам з латгаламі і інш. плямёнамі змагаліся супраць нямецкіх рыцараў, што ўварваліся ў Прыбалтыку (гэта адлюстравана ў рамане Леаніда Дайнекі «Меч князя Вячкі»).

Перасяленне латышоў на ўсходнія і паўночна-ўсходнія беларускія землі пачалося ў XVIII ст. Найбольш інтэнсіўна працэс ішоў у 1860 – 1880-я гг. (у 1870 г. у Беларусі было 800-900 латышскіх перасяленцаў, у 1877 – 1883 гг. у Віцебскай губерні яны складалі 51,5 % усіх перасяленцаў). Асядалі і ўтваралі вёскі (Магілёўшчына), хутары і невялікія пасёлкі (Віцебшчына). У 1897 г. шматлікія групы латышоў жылі ў Віцебскім (каля 4 тысяч чалавек), Полацкім (каля 1,7 тысяч), Аршанскім да 3,7 тысяч) і Быхаўскім (каля 1 тысячы) паветах.

Пераважная большасць вернікаў-латышоў у Беларусі былі лютэране, частка — католікі і праваслаўныя. У пачатку XXст. у Лёзне дзейнічала латышскае праваслаўнае брацтва. У час Першай сусветнай вайны колькасць латышоў у Беларусі павялічылася (больш за 20 тысяч чалавек), пасля грамадзянскай вайны зменшылася. Паводле перапісу 1926 г. у БССР латышоў было 14 тысяч чалавек, этнічныя групы па 600 — 800 чалавек існавалі ў Магілёўскай і Бабруйскай акругах. У 1920-я гг. пры ЦК КП(б)Б існавала Латышскае бюро. Працавалі латышскія школы, рабочыя клубы (Віцебск), секцыі пры клубах, хаты-чытальні. Культурна-асветнай працай кіравала Латышская секцыя Народнага камісарыята асветы БССР. На латышскай мове выходзіла літаратура, Мінская радыёстанцыя штотыднёва транслявала перадачы. У раёнах кампактнага пражывання латышскага насельніцтва ў 1920 — 1930-я гг. існавалі нацыянальныя сельсаветы (Быхаўскі, Лёзненскі, Глускі, Клімавіцкі, Ушацкі раёны). На аснове латышскіх калоніяў былі створаныя нацыянальныя калгасы (13 у 1934 г.), а таксама інтэрнацыянальныя калгасы з пераважнай большасцю латышскага насельніцтва.

Побыт латышоў у Беларусі меў спецыфічныя рысы: хутарскі тып рассялення, некаторыя элементы адзення, абрады, рэлігію.

Вывучэннем гісторыі латышскага перасяленчага руху, матэрыяльнай і духоўнай культуры латышоў у Беларусі займалася латышская камісія Інбелкульта, з 1929 г. латышскі сектар АН БССР, з чэрвеня 1933 г. латышская секцыя Інстытута нацменшасцяў АН БССР (старшыня К.Шкільтэр). У 1929 г. апублікавана «Праграма даследавання латышскіх калоній», што прадугледжвала збіранне і вывучэнне этнаграфічных і фальклорных матэрыялаў. У 1929 — 1930 гг. былі наладжаны экспедыцыі ў раёны кампактнага пражывання латышоў на Віцебшчыне і Полаччыне. На аснове матэрыялаў Шкільтэрам апублікаваны працы «Латышскія калоніі на Беларусі» (1931), «Латышскі селянін на Беларусі да і пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі» (1935). Супрацоўнікі латышскай секцыі распрацоўвалі пытанні этнагенезу латышоў, вывучалі іх мову ў Беларусі. У манаграфіі Шкільтэра «Латгальскае нацыянальнае пытанне» (1934) асвятляліся пэўныя аспекты фармавання латышскай нацыі.

У Беларусі шэраг населеных пунктаў мае найменні, звязаныя з назваю суседняга народа (вёскі Латышова Ушацкага, Латышы Мёрскага, Латышчына Чэрыкаўскага раёнаў ды інш.).

Важнай рэаліяй беларуска-латышскіх кантактаў у 1-й палове XX ст. з'яўлялася існаванне ў Латвіі, галоўным чынам у Латгаліі і Земгаліі, беларускай этнічнай групы (у 1920 г. — 79,5 тысяч чалавек, у 1925 г. — 38 тысяч). У 1927 г. мелі да 40 пачатковых | школаў, гімназіі (Даўгаўпілс, Лудза, Рыга), настаўніцкія курсы і клуб «Беларуская хата» (Рыга), выходзіла газета «Голас беларуса», дзейнічалі культурна-прасветнае таварыства I «Бацькаўшчына», Беларускае тэатральнае таварыства, Таварыства беларускіх настаўнікаў, Беларускі народны тэатр, Беларускае выдавецтва ў Латвіі, Беларускі аддзел пры Міністэрстве асветы Латвіі і інш.

У 1930-1940-х гг. колькасць латышоў у Беларусі значна паменшылася. Пасля Вялікай Айчыннай вайны адбываецца міграцыя часткі латышоў з БССР у Латвійскую ССР, ідзе пастаяннае перасяленне пэўнай колькасці латышоў у Беларусь з Латвіі. У той жа час шмат беларусаў (асабліва з паўночна-заходняй Беларусі) пераязджае на вучобу і жыхарства ў Латвію (сярод іх мастак Вячка Целеш, пісьменнік Станіслаў Валодзька, перакладчыца Ніна Янсанэ, журналісты Лявон Шакавец, Сяргей Кузняцоў і Таццяна Касуха, прадпрымальнік Янка Кабановіч ды іншыя).

На пачатак XXI ст. у Латвіі беларусаў — блізу 100 тысяч чалавек.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1380]
Здарэнні [462]
Грамадства [465]
Эканоміка [36]
Транспарт [141]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Сакавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
    123
45678910
11121314151617
18192021222324
25262728293031
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.