ЛАЗЬБЕНЬ – лубяны посуд з векам (часам з мяккім палатняным дном) і почапкай для складвання мядовых скрылёў у час медазбору. Называўся таксама лабзень, лубачка.
У некаторых мясцовасцях лазьбень выступаў у якасці адзінкі падатковага абкладання (сяляне Слонімскага староства ў XVI — XVII ст. за карыстанне бортнымі дрэвамі ў скарбовым лесе плацілі 25 грошаў з лазьбеня). У наш час некаторыя пчаляры карыстаюцца лазьбенем пры падборцы мёду.