Субота, 20.04.2024, 14:16

ЛІДСКІ ГІСТОРЫКА-МАСТАЦКІ МУЗЕЙ

Галоўная »
ЛІДСКІ ГІСТОРЫКА-МАСТАЦКІ МУЗЕЙ створаны ў г.Ліда 28.05.1939 г. як музей Польскага краязнаўчага таварыства, з 22.01.1941 г. — абласны гісторыка-краязнаўчы, з 10.02.1959 г. адпаведна пастанове Савета Міністраў БССР — краязнаўчы музей. Адкрыты для наведвальнікаў 24.04.1959 г. Спачатку знаходзіўся ў культавым будынку г.Ліда, з 1999 г. у будынку салона сямейных урачыстасцей, дзе размяшчалася мастацкая галерэя «Лідзея». Паводле рашэння Лідскага гарвыканкома ад 27.01.2000 г. мастацкая галерэя і краязнаўчы музей былі аб'яднаны ў гісторыка-мастацкі музей. Музеем кіравалі П.Свірыдаў, Я.К.Шуціла, М.І.Іваноў, І.А.Бобрык, М.А.Хотылеў, Я.С.Брэйва, Э.В.Стахейка, І.Ф.Цімашэўскі, У.В.Кузняцоў, Р.М.Жалезны, В.В.Цыганец. З 2006 г. дырэктар Г.М.Драб.

Асноўны фонд (2008) налічвае 35 512 адзінкі захоўвання, навукова-дапаможны — 4929 адзінак. Агульная плошча музея 1820 м².

У фондзе 25 калекцый: археалогія, нумізматыка, балістыка, фалерыстыка, жывапіс, графіка, скульптура, дэкаратыўна-прыкладное і народнае мастацтва, дакументы, друкаваныя выданні, шкло, кераміка, сфрагістыка, зброя, адзенне, музычныя інструменты, мэбля, прылады працы і прыстасаванні, прадметы побыту, прыборы і апараты, механізмы і дэталі механізмаў, фотадакументы, кінафонадакументы, біялогія, геалогія, вексілалогія. Першымі музейнымі прадметамі былі газета «Наперад» (1941-44 гг.), лістоўкі ваеннага часу (перададзеныя былым рэдактарам газеты Ю.Драгуном). Сярод найбольш цікавых і каштоўных музейных прадметаў знаходкі, выяўленыя падчас археалагічных раскопак у Лідскім замку (меч з золенгераўскай сталі, шахматная фігурка, шпоры, фрагменты кухоннага і сталовага посуду), манеты 77-га пяхотнага палка г.Ліда, скарб з 622 манет канца XVIII ст., знойдзены падчас будаўніцтва музычнага вучылішча на месцы былога кляштара кармелітаў. У фондах захоўваюцца халодная і агнястрэльная зброя ХІХ ст., абломак сіхатэалінскага метэарыта, фотаздымкі і паштоўкі з відамі вуліц Ліды 1-й палавіны ХХ ст., асабістыя дакументы ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны. Мастацкая калекцыя прадстаўлена аўтарскімі работамі мастакоў шклозавода «Нёман» Г.Сідарэвіч, У.Мурахвера, Л.Мягковай, разьбяра па дрэве М.Рыжкевіча, творамі мастакоў Р.Грушы, У.Мельнікава, В.Сільвановіча, А.Судара, а таксама габеленамі Н.Вараксы, вырабамі з саломы Н.Ларыёнавай, С.Паплаўскай, В.Цыганец.

У сувязі з рэканструкцыяй музея з 2000 г. экспазіцыйныя плошчы для наведвання закрыты. Асноўная форма работы — мерапрыемствы, якія праводзяцца па-за музеем: «Дзень музея ў школе», вулічныя вернісажы, выстаўкі аднаго дня, мерапрыемствы ў Лідскім замку і інш. Падрыхтаваны часовыя выстаўкі на прадпрыемствах і ва ўстановах горада да юбілейных дат.

Адрас: 231300, г.Ліда, вул.Перамогі, 37-а
Тел.: +375 1561 266-85; +375 1561 3-22-94
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.