Субота, 20.04.2024, 11:23

ЛЯХАВІЧЫ

Галоўная »
ЛЯХАВІЧЫ – горад раённага падпарадкавання, цэнтр Ляхавіцкага раёна Брэсцкай вобласці на р.Ведзьма (прыток р.Шчара). За 225 км на паўночны ўсход ад Брэста. Чыгуначная станцыя на лініі БаранавічыЛунінец; аўтастанцыя на шашы Баранавічы – Русінавічы. 11 тысяч жыхароў (2009).

Ляхавічы
Герб

Вядомы з 15 ст. як цэнтр Ляхавіцкай воласці, велікакняжацкае ўладанне, якое атрымалі ў «держанье» Гаштольды. У 1492 г. вялікі князь ВКЛ і кароль польскі Казімір дазволіў праводзіць у Ляхавічах кірмаш і трымаць корчмы. У 1533 г. Ляхавічы – горад і замак, цэнтр воласці, уладанне А.М. Гаштольда, які ў 1535 г. заснаваў тут касцёл. У 1537 г. горад з замкам у ліку іншых маёнткаў С.А. Гаштольд запісаў у пажыццёвае валоданне сваёй жонцы Барбары Радзівіл. У 1547 г. Барбара Радзівіл пабралася шлюбам з Жыгімонтам Аўгустам, сынам вялікага князя літоўскага і караля польскага Жыгімонта I Старога і яго жонкі Боны Сфорца. У 1548 г. Жыгімонт Аўгуст стаў вялікім князем ВКЛ і каралём Польшчы пад імем Жыгімонта II Аўгуста. Пасля смерці Б. Радзівіл з 1551 г. Ляхавічы з'яўляліся цэнтрам воласці-дзяржавы Навагрудскага павета ВКЛ, асабістай уласнасцю караля Жыгімонта II Аўгуста. У 1550-я г. Ляхавічы і воласць знаходзіліся ў часовым валоданні (у «заставе») у Г.Г. Валовіча, у 1506–66 гг. – у залогу за 3 тыс. коп грошай у пана І.А. Солтана, з 1566 г. – у У.С.Забалоцкага і яго жонкі (пажыццёва, за 6 тыс. коп грошай). У 1546 г. ў Ляхавічах нарадзіўся Фёдар Міхайлавіч Еўлашоўскі (памёр пасля 1616 г.), грамадскі дзеяч, пісьменнік-мемуарыст. Яго бацька быў святаром Ляхавіцкай царквы святога Юр'я.

У 1572 г. Ляхавічы і некаторыя іншыя асабістыя гаспадарскія (каралеўскія) маёнткі былі абменены на маёнтак Свіслач Ваўкавыскага павета Яна Ераніма Хадкевіча і такім чынам трапілі ва ўладанне апошняга. У 1579 г. гетман ВКЛ Ян Караль Хадкевіч (сын Я.Е. Хадкевіча) побач з пасяленнем, на левым беразе р.Ведзьма, пабудаваў замест старога драўлянага магутны бастыённы замак. Так званая Ляхавіцкая фартэцыя лічылася самай моцнай сярод падобных збудаванняў на тэрыторыі Рэчы Паспалітай. Пад аховаю замка ў 17 ст. значна вырасла і само мястэчка; у 1636 г. ў ім было 215 дымоў, мытны пункт, дзе купцы з усходніх раёнаў Беларусі, якія накіроўваліся з таварам у Польшчу, плацілі мыта. Акрамя асноўнага ядра паселішча – «места», якое дзялілася на пасады і было абнесена ўмацаваннямі ў сярэдзіне 17 ст. па-за межамі фартэцыі размяшчаліся слабоды. Падчас ваенных дзеянняў іх жыхароў рабавалі і забівалі ў першую чаргу. Я.К. Хадкевіч, вядомы палкаводзец, хутка пачаў называць сябе ў дакументах «графам на Ляхавічах». Зімой 1595–96 гг. Ляхавіцкі замак безпаспяхова спрабавалі штурмаваць казацкія загоны С.Налівайкі і М.Шавулы. У 1621 г., пасля смерці Я.К. Хадкевіча, Ляхавічы адышлі ў спадчыну яго дачцэ Ганне, жонцы Яна Станіслававіча Сапегі, а з 1625 г. належалі роду Сапегаў. У перыяд антыфеадальнай вайны 1648–51 гг. тры разы паўстаўшыя сяляне і казакі безпаспяхова асаджалі замак. Мястэчка Ляхавічы пры гэтым было разбурана. У гады вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-67 гг., у жніўні 1655 г. войскі князя А.М. Трубяцкога зноў разбурылі наваколлі Ляхавіч. У сакавіку 1660 г. адбылася другая аблога Ляхавіцкага замка войскамі князя І.А. Хаванскага, якая доўжылася некалькі месяцаў. Замкавы гарнізон на чале з камендантам С.Юдзіцкім здолеў адбіць усе атакі непрыяцеля, але Ляхавічы і наваколле былі зруйнаваны (у 1673 г. засталося 17 двароў). У 1661 г. сойм Рэчы Паспалітай вызваліў жыхароў «места» Ляхавічы і яго воласці ад падаткаў на 9 гадоў. Гетман ВКЛ Павел Сапега, уладальнік мястэчка, атрымаў дазвол мець гарнізон у 200 чалавек пяхоты за кошт дзяржавы. Адначасова ў 1661 г. пастановай сойма Ляхавічы былі вызначаны месцам збору сойміка Мазырскага павета, занятага рускімі войскамі. У Паўночную вайну 1700–21 гг. мястэчка і замак зноў апынуліся ў зоне ваенных дзеянняў. У 1706 г. пасля паўгадавой аблогі гарнізон замка здаў яго войскам Карла XII. Шведы разбурылі замкавыя ўмацаванні, фарны касцёл, амаль поўнасцю спалілі мястэчка. У 1709 г. замак і яго рускі гарнізон двойчы апыналіся ў аблозе войск польскага караля Станіслава Ляшчынскага і ўкраінскага гетмана Мазепы. У 1760 г. дачка Е.Ф. Сапегі Мар'яна прадала Ляхавічы і навакольныя землі князю Міхаілу Юзафу Масальскаму. Мястэчка паступова адбудоўвалася, на ахвяраванні Масальскага быў адноўлены касцёл (у 1870 г. пераабсталяваны пад царкву). У 1760 г. на месцы разбуранага Ляхавіцкага замка М.Ю. Масальскі пабудаваў палац, выгляд якога вядомы па малюнку, выкананым невядомым мастаком напярэдадні 1-й сусветнай вайны (палац Масальскіх не захаваўся). У 1775 г., згодна са спецыяльнай пастановай сойма Рэчы Паспалітай, які ўлічваў важнае стратэгічнае значэнне Ляхавіч і замка, мястэчка і аднайменнае графства перадаваліся ва ўладанне дзяржаве, а яго жыхары вызваляліся ад падаткаў на 10 гадоў. У 1789–90 гг. Ляхавічы заставаліся ў дзяржаўным старостве, у часовым валоданні навагрудскага ваяводы Юзафа Несялоўскага. Тут былі 142 дамы, у тым ліку палац, дом ксяндза, 4 карчмы, уніяцкі прыход. З мая 1790 г. мястэчка вернута І.Масальскаму, з 1791 г. ўключана ў Случарэцкі павет Навагрудскага ваяводства.

Ляхавічы
Памятны знак "Ляхавіцкай фартэцыі"

Ляхавічы
Памятны знак на месцы, дзе знаходзўся замак

Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі, мястэчка. З 1795 г. цэнтр Ляхавіцкай воласці Слуцкага павета Мінскай губерні; як дзяржаўнае ўладанне ў 1793 г. перададзена вялікаму гетману літоўскаму С.Касакоўскаму. У 1847 г. ў маёнтак Ляхавічы (Ляхавіцкае графства) уваходзілі мястэчка Ляхавічы, 11 фальваркаў, 22 вёскі, 468 цяглых сялянскіх двароў. Жыхары Ляхавіч паводле інвентара 1778 г. плацілі толькі чынш за свае пляцы і ворыва, іншых павіннасцей двару яны не выконвалі. У 1867 г. ў мястэчку былі 2072 жыхары.

У 1884 г. праз Ляхавічы пракладзены ўчастак Палескіх чыгунак Баранавічы – Лунінец. У 1886 г. ў Ляхавічах 152 двары, 829 жыхароў, валасное праўленне, царква, 2 капліцы, сінагога, 6 яўрэйскіх малітоўных дамоў, бальніца, невялікі ганчарны завод, 3 карчмы, 30 крам; 3 разы на год праводзіліся кірмашы, базары па нядзелях. У 1889 г. маёнтак Ляхавічы – уласнасць графоў Касакоўскіх, налічваў 7794 дзесяцін зямлі. У 1897 г. – 5016 жыхароў, бальніца, царква, мячэць, народнае вучылішча (з 1862), 3 яўрэйскія малітоўныя школы, хлебазапасны магазін, 2 млыны, 4 піваварні, ганчарныя майстэрні, суконная фабрыка, 111 крам, чыгуначная станцыя (4 будынкі, 44 жыхары); праводзіліся штотыднёвыя базары, 3 кірмашы на год. У 1907 г. пабудаваны касцёл (паводле іншых звестак у 1906 г.). У 1-ю сусветную вайну мястэчка знаходзілася ў прыфрантавой паласе. У лютым–снежні 1918 г. акупіравана германскімі, з чэрвеня 1919 г. – польскімі войскамі. Паводле Рыжскага мірнага дагавора з 1921 г. Ляхавічы ўвайшлі ў склад Польшчы як горад Баранавіцкага павета Навагрудскага ваяводства; 2819 жыхароў (1921).

Ляхавічы
Касцёл Увышэння Святога Крыжа пасля перабудовы яго ў праваслаўную царкву.
Разбураны ў 1960-я гады


Ляхавічы
Касцёл Святога Язэпа. 1910 год

Ляхавічы
Касцёл Святога Юзафа рамесніка, зараз паліклініка

З верасня 1939 г. – у БССР. З 15.1.1940 г. горад, цэнтр Ляхавіцкага раёна Баранавіцкай вобласці. У 1940 г. – 757 дамоў, 5114 жыхароў (паводле іншых звестак 764 дамы, 5600 жыхароў); электрастанцыя, 2 няпоўныя сярэднія школы, бальніца, млын, гарбарныя прадпрыемствы. У Вялікую Айчынную вайну з 26.06.1941 г. да 06.07.1944 г. Ляхавічы акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі. За час акупацыі ў горадзе і раёне гітлераўскія карнікі знішчылі 4983 чалавек. На тэрыторыі раёна дзейнічалі Ляхавіцкія падпольныя райкамы КП(б)Б (верасень 1943 – 10.7.1944) і ЛКСМБ (26.10.1943 – 10.7.1944), партызанская брыгада 19-я імя Молатава і атрад імя Кірава, асобны атрад «Сокалы»; выдавалася падпольная газета «Савецкі патрыёт». У 1950 г. створаны калгас «За Уладу Саветаў».

Ляхавічы
Ляхавічы
Старая забудова ў цэнтры горада

З 08.01.1954 г. горад перададзены ў Брэсцкую вобласць. У 1959 г. Ляхавічы налічвалі 4490, у 1965 г. – 6969 жыхароў. У сучасным горадзе працуюць райвыканкам, райваенкамат, рэдакцыя раённай газеты «Ляхавіцкі веснік», 2 сярэднія і спартыўная школы, гімназія, школа мастацтваў, аграрны каледж (да 2001 г. саўгастэхнікум), Дом культуры (пры Доме культуры ў 1990 г. створана народная мастацкая студыя «Апалон»), 3 бібліятэкі, 4 дзіцячыя сады, аўтавакзал, аддзяленне сувязі, гасцініца, паліклініка, бальніца, раённая ветэрынарная станцыя, заводы: металапластмас і жалезабетонных вырабаў, кансервавы, малочны, хлебазавод, лясгас, будаўнічыя арганізацыі і іншыя ўстановы. Помнікі гісторыі: абеліск рускім воінам (у завулку Цітова, устаноўлены ў 1982 г.), 2 брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан (на вуліцы Леніна і на плошчы Перамогі; устаноўлены ў 1975 і 1955 гг.), мемарыяльная дошка супрацоўнікам міліцыі па вуліцы 17 Верасня, (устаноўлена ў 1957 г.), памятны знак на замчышчы (устаноўлены ў 1999 г.), капліца ў гонар заснавання горада.


Ляхавічы
Крыжаўзвіжанская царква

Генеральны план Ляхавіч распрацаваны Мінскім філіялам Цэнтральнага навукова-даследчага і праектнага інстытута горадабудаўніцтва ў 1972 г., а ў 1973 г. распрацаваны праект дэталёвай планіроўкі і забудовы цэнтральнай часткі горада. У аснове захавана развіццё горада ў напрамку да ракі. На галоўнай вуліцы горада (участак аўтадарогі Баранавічы – Русінавічы) размешчаны ўстановы культуры і гандлю, 4–5-павярховыя жылыя будынкі. 4–5-павярховымі дамамі забудоўваецца таксама мікрараён у паўднёва-ўсходняй частцы горада. Пры гэтым пераважную частку складаюць аднапавярховыя драўляныя дамы. Радзіма беларускага пісьменніка Фёдара Міхайлавіча Еўлашоўскага, удзельніка рэвалюцыйна і нацыянальна-вызваленчага руху ў Заходняй Беларусі А.Л. Багданчука.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 3
Гасцей: 3
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.