ЛЯЎКАС (ад грэч. leukos — белы) — крэйдавы грунт, прыгатаваны на жывёльным або рыбіным клеі. Шырока выкарыстоўваўся ў старажытным іканапісе. У насценных размалёўках ляўкас — прыгатаваны асабліва старанна верхні слой тынку; у дэкаратыўна-ўжытковым мастацтве — грунт на драўляных вырабах пад афарбоўку ці пазалоту.
У беларускім старажытным мастацтве ляўкас меў асаблівае значэнне ў іканапісе ў сувязі з традыцыяй упрыгожваць фоны і іншыя дэталі
абразоў разным або аграфлёным
арнаментам. Пашыраны ў культавай скульптуры, манументальна-дэкаратыўным і дэкаратыўна-ўжытковым мастацтве. У беларускім савецкім выяўленчым мастацтве ляўкас выкарыстоўваўся ў манументальным (размалёўкі «Беларускія народныя майстры» ў будынку Беларускага таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі і « Дружба народаў», у Тэатры юнага гледача ў Мінску I.Ахрэмчыка і I.Давідовіча) і станковым жывапісе («Светлы дзень» У.Зінкевіча, «Лета» В.Барабандава, «Птушкі» У.Піменава. «Я.Купала» А.Малярэвіча і інш.), а таксама спалучалі жывапіс з разьбой па ляўкасе («Свята ўраджаю» і трыпціх «Сейбіты» В.Ціханава і інш.).