Субота, 20.04.2024, 01:27

ЛОЕЎ

Галоўная »
ЛОЕЎ — гарадскі пасёлак, цэнтр Лоеўскага пасялковага савета і Лоеўскага раёна, за 92 км ад Гомеля, 60 км ад чыгуначнай станцыі Рэчыца (на лініі КалінкавічыГомель), 329 км ад Мінска. На ўсходняй ускраіне р.Дняпро, па якой праходзіць дзяржаўная мяжа з Украінай. Помнік прыроды рэспубліканскага значэння — геалагічнае агаленне. Аўтадарогі звязваюць Лоеў з Брагінам і Рэчыцай. Прыстань на правым беразе Дняпра. 7,0 тыс. чалавек (2004 г.).

Лоеў
Герб Лоева

Лоеў
Сцяг Лоева

Выяўленае археолагамі селішча 7 ст. да н.э. — 2 ст. н.э. (ва ўрочышчы Папова Гара) сведчыць аб засяленні тутэйшых мясцін у глыбокай старажытнасці. У 14 — 18 ст. на левым беразе Дняпра, на месцы старажытнага паселішча Лоева Гара, стаяў замак, які меў форму паўкруга дыяметрам каля 125 м, абведзены земляным валам і ровам. У 1505 г. татарскія загоны хана Меглі-Гірэя дашчэнту спалілі Лоеў. Падвяргаўся разбурэнням ад татарскіх набегаў таксама ў 1535 і 1539 гг. Пад 1580 г. упамінаецца як мястэчка Лоева Гара ў Кіеўскім павеце. З 1646 г. ў складзе Старадубскага павета Смаленскага ваяводства ВКЛ. У 1648 г. казацкае войска захапіла і апустошыла мястэчка. 31.07.1649 г. каля Лоева адбывалася самая буйная падчас антыфеадальнай вайны бітва, у якой удзельнічала шматтысячнае з абодвух бакоў войска, Я.Радзівіл разбіў казакаў. У выніку вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654-67 гг. паводле Андрусаўскага перамір'я (1667) уключаны ў склад Рэчыцкага павета Мінскага ваяводства. Належаў вялікаму князю ВКЛ, доўгі час быў ва ўладанні роду Юдзіцкіх, потым Лашчаў і Нарушэвічаў.

У 1746 г. пабудавана драўляная Свята-Троіцкая царква (у 1838 г. перабудавана, у 1864 г. да яе прыбудавана званіца). У 1759 г. ўзведзена драўляная Свята-Мікалаеўская царква, якая ў 1874 г. капітальна перабудоўвалася. У ёй захоўваліся евангелле, выдадзенае ў Вільні ў 1644 г., і рэзалюцыя епіскапа беларускага Георгія ад 1762 г., што дазваляла збіраць міласціну на патрэбы храма. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі, у Рэчыцкім павеце Мінскай губерні. У 1795 г. 90 двароў, 316 жыхароў. У 1858 г. 1906 жыхароў. Праз мястэчка праходзіў паштовы тракт з Бабруйска ў Чарнігаў і Кіеў, дзейнічалі паромная пераправа і прыстань, будаваліся драўляныя рачныя судны (баркі). Шырока распаўсюджаны ганчарны промысел. У 1864 г. адкрыта народнае вучылішча.

У 1866 г. 361 двор. У 1867-71 гг. жыхары актыўна ўдзельнічалі ў антыфеадальных выступленнях. Захаваўся пабудаваны з цэглы ў 1874 г. жылы дом (цяпер помнік архітэктуры, у якім размяшчаюцца музычная школа і раённая бібліятэка). У той час працавала аптэка. Цэнтр Лоеўскай воласці, у якую ў 1890 г. ўваходзілі 11 сяленняў з 1040 дварамі. Паводле перапісу 1897 г. ў Лоеве 508 двароў, 4171 жыхар, 2 царквы, яўрэйскі малітоўны дом, народнае вучылішча, канатны завод, 8 кузняў, цагельня, 89 крам, 4 заезныя двары, карчма, побач аднайменны фальварак. Дзейнічалі паштова-тэлеграфная кантора, аптэка, паштовая станцыя. Паблізу вялася распрацоўка вапнякоў. Вялізныя страты прыносілі мястэчку пажары: 16.06.1895 г. згарэлі 88 дамоў, 58 крам, 17.09.1909 г. — 106 двароў.

У верасні 1904 г. ўзнікла мясцовая арганізацыя РСДРП, якая ўваходзіла ў Палескі камітэт РСДРП. Летам 1905 г. адбыліся мітынг і дэманстрацыя местачкоўцаў. У 1909 г. пабудаваны завод «Фарбацвет», які выпускаў сухія мінеральныя фарбы: охра, сурык, умбра і інш. Лоеўская охра здабывалася на Ляхавай Гары (каля в.Ісакавічы), частка прадукцыі экспартавалася за мяжу. У сакавіку 1917 г. створаны Савет рабочых дэпутатаў. 06.12.1918 г. вызвалены ад кайзераўскіх акупантаў. У красавіку 1919 г. захоплены пятлюраўцамі, у маі — чэрвені 1920 г. — палякамі.

Цэнтр Лоеўскай воласці, якая з 26.04.1919 г. ўваходзіла ў Гомельскую губерню РСФСР. З 08.12.1926 г. ў складзе БССР. З 08.12.1926 г. да 25.12.1962 г. і з 30.07.1966 г. адміністрацыйны цэнтр Лоеўскага раёна. З 08.12.1926 г. да 30.12.1927 г. цэнтр Лоеўскага с/с Лоеўскага раёна Рэчыцкай, з 09.06.1927 г. да 26.07.1930 г. Гомельскай акруг, з 20.02.1938 г. Гомельскай вобласці.

У 1929 г. 4200 жыхароў. Дзейнічалі прыстань, урачэбны і ветэрынарны пункты, паштова-тэлеграфная кантора, аддзяленне спажывецкай кааперацыі, сельскагаспадарчае крэдытнае таварыства, пачатковая і 7-гадовая школы, 2 хаты-чытальні, бальніца, народны дом. У 1928 г. арганізаваны саўгас «Прагрэс». У 1934 г. працавалі завод па вырабе фарбы (з 1909), маслазавод (з 1932), 2 кузні (1932-33), друкарня (з 1932), паравы млын з лесапільняй (з 1932), кавальская (з 1929), шавецкая (з 1930), кравецкая (з 1928) і кошыкавая (з 1933) майстэрні, хлебапякарня, завод фруктовых водаў, 2 конныя млыны, 2 крупарушкі, вятрак. З 27.09.1938 г. гарадскі пасёлак.

У Вялікую Айчынную вайну ў першыя дні фашысцкага нашэсця быў створаны знішчальны батальён (камандзір Г.І.Сінякоў). 26.08.1941 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі войскамі. У лістападзе 1942 г. з бранскіх лясоў прыбылі ў раён партызанскія злучэнні С.А.Каўпака і А.Н.Сабурава. Разам з беларускімі партызанамі яны раптоўным ударам разграмілі варожы гарнізон у Лоеве і захапілі пасёлак. 07.11.1942 г. тут адбыўся партызанскі парад у гонар 25-й гадавіны Кастрычніка. У 1943 г. карнікі загубілі 87 жыхароў (пахаваны ў магіле ахвяр фашызму на могілках па вул.Камсамольскай). Стралковы корпус пад камандаваннем генерал-лейтэнанта П.М.Чаракманава 16.10.1943 г. фарсіраваў Дняпро і 17.10.1943 г. ўварваўся ў Лоеў, захапіў шматлікія трафеі. У баях за Лоеў вызначылася дывізія пад камандаваннем палкоўніка М.М.Уласава (удастоены звання Героя Савецкага Саюза). У баях за гарадскі пасёлак загінулі 204 воіны і партызаны (пахаваны ў брацкай магіле па вул.Леніна). У ліку пахаваных Героі Савецкага Саюза Х.Ш.Агліулін, П.А.Акуцыёнак, М.Р.Апарын, Е.Дз.Волкаў, І.М.Карачараў, Б.А.Царыкаў, М.А.Шавялёў. Некаторы час у 1943 г. ў Лоеве размяшчаўся камандны пункт 65-й арміі. Двойчы Герой Савецкага Саюза генерал арміі П.І.Батаў з'яўляецца ганаровым грамадзянінам Лоева.

Лоеў
Набярэжная ў цэнтры Лоева

Лоеў
Свята-Троіцкі сабор

У гарадскім пасёлку размешчаны маслазавод, камбінаты будаўнічых матэрыялаў і бытавога абслугоўвання, філіял Гомельскага швейнага вытворчага аб'яднання Камінтэрн, малочны завод, раённыя аб'яднанні «Сельгастэхніка» і «Сельгасхімія», агра-хімлабараторыя, раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, педвучылішча, 2 сярэднія, спартыўная і музычная школы, Дом школьнікаў, раённыя вузлы паштовай і электроннай сувязі, Дом культуры, 2 масавыя бібліятэкі, мемарыяльны музей «Бітва за Дняпро» (адкрыты ў 1985 г.), 3 дашкольныя ўстановы, бальніца, аптэка. Выходзіць раённая газета «Серп і молат» (з 18.10.1932 г.).

Лоеў
Былы жылы дом. 1874 год

Лоеў
Былы жылы дом. Пачатак ХХ ст

Забудова ўздоўж Дняпра, квартальная, пераважна драўляная, аднапавярховая. У цэнтры 3-павярховыя мураваныя жылыя і адміністрацыйныя будынкі. На заходняй ускраіне — парк. Радзіма Герояў Савецкага Саюза А.В.Казлова (яго імем названа вуліца ў Лоеве), А.П.Карпенкі, Р.С.Пінчука, тэрапеўта, доктара медыцынскіх навук, прафесара А.Дз.Адэнскага, доктара геаграфічных навук В.А.Жучкевіча, беларускага мастака П.П.Бондара. Каля пасёлка ёсць залежы пяскоў.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.