Нядзеля, 28.04.2024, 03:02

ЛУНІНЕЦ

Галоўная »
ЛУНІНЕЦ – горад, цэнтр раёна. Вузел чыгунак на Брэст, Гомель, Баранавічы, Сарны. За 240 км на ўсход ад Брэста, 262 км ад Мінска. Аўтадарогамі звязаны з Пінскам, Ганцавічамі, Калінкавічамі. 24,2 тыс. чалавек (2008).

Лунінец, Лунинец
Герб Лунінца

Упершыню ўпамінаецца ў 1449 г. пад назвай Малы Лулін – сяло маёнтка Ішкалдзь у Навагрудскім павеце ВКЛ, уласнасць Мікалая Янавіча Няміры. Заснаваўшы ў маёнтку касцёл, ён вызначыў для яго 2 сям'і з с. Малы Лулін. У 1552 г. ўдава апошняга з Неміровічаў (Яна Пятровіча) Ганна з роду Сапегаў перадала правы на маёнткі прыёмнаму сыну полацкаму ваяводу Станіславу Давойну. Каля 1571 г. Лулінец Малы – сяло Палескай воласці маёнтка Ішкалдзь, 43 дымы. З 1580 г. Лулінец Малы – двор, цэнтр маёнтка Навагрудскага павета, уласнасць князя Паўла Янушавіча Друцкага-Любецкага, у 1588 г. – Барбары Кунцэвіч, жонкі падскарбія ВКЛ Мікалая Нарушэвіча. У Лулінцы тады налічвалася 75 дымоў, праваслаўная царква, палац. З пачатку 16 ст. тут дзейнічала праваслаўнае брацтва. Пад 1620 г. сяло Малы Лулінец – уласнасць Канстанціна Багданавіча Долмата. У маёнтку 122 валокі. Паселішча Лулінец падзялялася на 3 часткі: Любазедзя, З'елы, Ясенаўка. Першая мела 62 валокі і 44 агароды (плыця), другая – 14 валок, трэцяя – 2 валокі і 9 агародаў, 5,5 валокі былі пустымі, 2 – належалі царкве. Усяго лічылася 127 двароў. У 1622 г. маёнткі Долмата, у тым ліку Лулінец, перайшлі ва ўласнасць Дзятлавіцкага мужчынскага праваслаўнага манастыра паводле яго завяшчання. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) у складзе Расійскай імперыі, у Пінскім павеце Мінскай губерні. У 1795 г. 75 двароў, 624 жыхары.

Лунінец, Лунинец
Крыжаўзвіжанская царква

У 1811 г. на сродкі прыхаджан пабудавана Крыжаўзвіжанская царква, пры ёй пазней склалася значная бібліятэка. Пазней на месцы старой царквы ўзведзена новая каменная той жа назвы (закладзена ў 1912 г.). Пры яе аздабленні вялікім майстэрствам вызначыліся мясцовыя майстры: рэзчык Сцяпан Ішчанка (рамы ківота алтара), яго сыны Міхаіл і Георгій, якія выканалі роспіс сцен і столі, напісалі шэраг абразоў. У 1845 г. 714 жыхароў, 90 цяглых і 2 бабыльскія двары, 375 душ мужчынскага полу і 412 жаночага сялян казённых падушных (былых манастырскіх). У 1870-я г. 5% адукаваных. На пачатку 1880-х г. тут узнікла яўрэйская абшчына. Яе далейшы рост быў абумоўлены пракладкай праз Лунінец Палескіх чыгунак і будаўніцтвам вузлавой чыгуначнай станцыі (1884-86 гг.). На пачатку 20 ст. Лунінец – буйнейшае паселішча рэгіёна.

Паводле перапісу 1897 г. тут налічвалася 855 двароў, 3167 жыхароў. Дзейнічалі майстэрні па рамонце рухомага саставу і дэпо, у якіх у 1900 г. працавалі 239 рабочых. Існавалі царква і Свята-Мікалаеўскае брацтва пры ёй, яўрэйскі малітоўны дом, урачэбны прыёмны пакой, заезны двор, 3 харчэўні, 4 піцейныя дамы, 19 гандлёвых крам, 2 млыны, чыгуначнае вучылішча. У 1860-я г. заснавана народнае аднакласнае вучылішча (у 1891 навучаліся 38 хлопчыкаў, 7 дзяўчынак, настаўнік Ф.В.Шыш), у 1890 г. адкрыта аднакласная царкоўна-прыходская школа (20 дзяўчынак, 30 хлопчыкаў, настаўнік Л.Радзялоўскі). 1.1.1906 г. вучылішча пераўтворана ў двухкласнае сельскае. У 1909 г. з яго выдзелена адна-, потым двухкласнае жаночае вучылішча (у 1915 мела 2 будынкі). Далей паселішча (пры станцыі ўзнік рабочы пасёлак) і яго прамысловае значэнне паспрыялі ўзняццю пытання аб наданні мястэчку Лунінец статуса горада. 16.01.1901 г. сход сельскай абшчыны даў згоду на ўвядзенне ў Лунінцы гарадскога ўпраўлення. Гэта не задавальняла яўрэйскую абшчыну. Задобрыўшы неадукаванае сялянства і валаснога старшыню мізэрнай сумай грошаў (па 50 капеек) і гарэлкай (вядро з чвэрцю), яны сарвалі паўторнае галасаванне (12.08.1901 г.).

У 1902 г. пабудаваны шпалапрамочвальны завод, разбураны палякамі ў 1920-я г.: частка цэглы была выкарыстана на касцёл, астатняе забралі яўрэі-домаўласнікі. Узрастала інтэнсіўнасць грузаабароту. У 1900 г. перавезена больш за 5,5 млн. пудоў, у 1904 г. каля 6,5 млн. пудоў хлебных і лясных грузаў. За перыяд з 1895 па 1908 гг. колькасць адпраўленых грузаў праз вузлавую ст. Лунінец узрасла ў 34,6 раза. У 1907 г. праведзена карэнная рэканструкцыя станцыі.

У1905 г. вёска стала мястэчкам, у якім было каля 7 тыс. жыхароў. У кастрычніку-снежні 1905 г. адбылася забастоўка чыгуначнікаў і тэлеграфістаў. Рэвалюцыйныя хваляванні адбываліся і ў 1911–12 гг. З лістапада 1911 г. да лютага 1912 г. ў Лунінцы жыў і працаваў Якуб Колас, тут ён пачаў пісаць паэму «Сымон-музыка» (імем паэта названа вуліца). У 1916 г. ў Лунінцы быў М.Фрунзе, табельшчыкам 13-й інжынерна-будаўнічай дружыны, 7 месяцаў працаваў на ўзвядзенні абарончых збудаванняў рускі паэт А.Блок (яго імем названа вуліца; у саўгасе «Парахонскі», у в.Колбы, дзе кватараваў Блок, створаны музей паэта). На тэрыторыі Лунінца дзейнічала падпольная бальшавіцкая арганізацыя (кіраўнік І.Любімаў). 28.10(10.11).1917 г. ў горадзе абвешчана савецкая ўлада. У лістападзе адбыўся I з'езд Саветаў Пінскага павета. 18.02.1918 г. Лунінец акупіраваны германскімі войскамі, вызвалены 09.01.1919 г. Чырвонай Арміяй і партызанамі. 10.07.1919 – 10.07.1920 гг. і з 03.10.1920 г. акупіраваны польскімі войскамі.

З 18.03.1921 г. цэнтр Лунінецкага павета Палескага ваяводства Польшчы. Дзейнічаў падпольны райком КПЗБ. З 1939 г. ў БССР, 8,3 тыс. жыхароў. З 15.01.1940 г. цэнтр Лунінецкага раёна Пінскай вобласці.

Лунінец, Лунинец
Касцёл Святога Юзэфа на фотаздымку
А.Высоцкага. 1930-я г.


Лунинец, Лунінец
Касцёл Святога Юзэфа

У Вялікую Айчынную вайну з 10.07.1941 г. да 10.07.1944 г. акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі, якія знішчылі ў горадзе і раёне 16 637 чалавек, вывезлі на катаргу ў Германію 2 319 чалавек. У дэпо дзейнічала падпольная група, якая ўзарвала радыёстанцыю, вадакачку, некалькі паравозаў.

З 07.03.1963 г. горад абласнога падпарадкавання. У 1970 г. 14,3 тыс. жыхароў.

Лунінец, Лунинец
Будынак Лунінецкага раённага краязнаўчага музея

Лунінец, Лунинец
Храм пратэстанцкі хрысціян веры Евангельскай

Прамысловыя прадпрыемствы: заводы «Палессеэлектрамаш», рамонтна-механічны, акцыянерныя таварыствы «Лунінецкі малочны завод», «Лунінецлес», дрэваапрацоўчы камбінат, лакаматыўнае дэпо (усяго каля 10 прадпрыемстваў). Дзейнічаюць прафесійна-тэхнічны каледж сельгасвытворчасці, ліцэі агульнаадукацыйны і прафесійны прыборабудавання, 4 сярэднія і дзіцяча-юнацкая спартыўная школы, школа мастацтваў, 7 дзіцячых садоў-ясляў, Цэнтр народнай творчасці, цэнтр карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі, Дом культуры, 2 бібліятэкі, Дом дзіцячай і юнацкай творчасці, кінатэатр, Лунінецкі раённы краязнаўчы музей, 2 бальніцы, 2 паліклінікі, аўтавакзал, стадыён «Ураджай». Брацкія магілы савецкіх воінаў і партызан, магіла ахвяр фашызму, курган Бессмяротнасці. Помнік архітэктуры – Крыжаўзвіжанская царква (пачатак 20 ст.).

Лунінец, Лунинец
Чыгуначная станцыя Лунінец

Лунінец, Лунинец
Гарадская замалёўка

У гады Паўночнай вайны ў Лунінцы па загаду Пятра працаваў вядомы гісторык В.М.Тацішчаў, які кіраваў пабудовай на р.Бобрык некалькіх рачных суднаў, адліўкай гармат (каля 300). Усё было перапраўлена ў Кіеў. Тут нарадзіўся філолаг і лінгвіст П.Ціхановіч, аўтар «Беларускай граматыкі». У 1918–20 гг. у чыгуначным вучылішчы выкладаў матэматыку выдатны авіяканструктар, двойчы Герой Сацыялістычнай Працы П.В.Сухі.
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [466]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [145]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.