МАЦЕЙ З МЯХОВА,
Мяхоўскі Мацей,
Мехавіта (сапр. Карпіга Мацей; 1453 ці 1457, г.Мехаў Кракаўскага ваяводства — 08.09.1523) — польскі вучоны, этнограф. У 1479 г. атрымаў ступень магістра філасофіі ў Ягелонскім універсітэце ў Кракаве, у 1486 ці 1487 г, — доктара медыцыны (відаць, у Балоньі).
У 1501 — 1519 гг. неаднаразова ўзначальваў рэктарат Ягелонскага ўніверсітэта.
З твораў найбольш вядомы этнаграфічна-геаграфічна-гістарычны «Трактат пра дзве Сарматыі» (Кракаў, 1517), які толькі ў XVI ст. выдаваўся 16 разоў на розных мовах свету. У працы абвяргаў скажоныя ўяўленні на Захадзе пра Усходнюю Еўропу, дзе быццам бы бязмежнае мноства золата, жыццё вечнае, дзе ўзвышаюцца Рыфейскія і Гіпарбарэйскія горы. У творы значнае месца адведзенае апісанню
Вялікага Княства Літоўскага, Масковіі. З таго часу ў сусветнай літаратуры пачаў паступова ўкараняцца больш ці менш аб’ектыўны погляд на усходнюю Еўропу.