Пятніца, 19.04.2024, 16:52

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ КРАЯЗНАЎЧЫ МУЗЕЙ імя Е.Р.Раманава

Галоўная »
МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ КРАЯЗНАЎЧЫ МУЗЕЙ імя Е.Р.Раманава заснаваны ў Магілёве ў 1867 г. паводле рашэння губернатарскага праўлення як губернскі музей. У 1918 г. аб'яднаны з Магілёўскім царкоўна-археалагічным музеем (адкрыты ў 1897 г.). З 1924 г. — аддзяленне Беларускага дзяржаўнага музея, у 1929-41 гг. — Магілёўскі дзяржаўны музей, меў філіялы: Музей гісторыі рэлігіі і атэізму (1935-41), Мемарыяльны музей Г.К.Арджанікідзе (1937-41). У Вялікую Айчынную вайну ўсе музейныя калекцыі бясследна зніклі. У 1949 г. музей аднавіў сваю дзейнасць як гісторыка-краязнаўчы. Адпаведна з загадам Савета Міністраў БССР «Аб назве і профілях музеяў БССР» ад 27.02.1953 г. — абласны краязнаўчы музей з філіяламі: Музей гісторыі бітвы каля в.Лясная Слаўгарадскага раёна (1958-85), Музей дзекабрыстаў (1985-96), Магілёўскі музей этнаграфіі (у 1981-96 гг. аддзел). У 2005 г. музею прысвоена імя беларускага археолага, гісторыка, этнографа, краязнаўца, педагога Е.Р.Раманава. Першапачаткова музей размяшчаўся ў Доме Саветаў, з 1961 г. — у будынку былога акружнога суда, помніку архітэктуры 2-й палавіны 18 ст. Дырэктары музея І.Х.Юшчанка, У.Л.Венюкоў, І.С.Мігулін, І.К.Скварцоў, М.М.Каваленчыкаў. З 1987 г. дырэктар В.М.Аненкаў.

Асноўны фонд (2008) налічвае 126 362 адзінкі захоўвання, навукова-дапаможны — 159 698 адзінак. Агульная плошча музея складае больш за 2200 м², у т.л. выставачнай залы — 120 м².

Магілёўскі абласны краязнаўчы музей

У музеі больш за 20 калекцый: археалогіі (крамянёвыя, каменныя і жалезныя прылады), нумізматыкі (каля 30 тыс. манет Вялікага княства Літоўскага, Рэчы Паспалітай, Рускай дзяржавы, Прусіі, Сілезіі і інш.), ваенных даспехаў, крыжоў 11 — 17 стст., зброі 14 — 19 стст., друкаваных выданняў, жывапісу 18 ст., дакументаў, фалерыстыкі і інш. Сярод рэдкіх экспанатаў упрыгожанні (пальчатыя і антропазааморфная фібулы, рэчы з эмалямі), берасцяная грамата 13 ст., кнігі Магілёўскай друкарні 1616 — 1713 гг., катэхізіс 18 — 19 стст. і інш.

У музеі дзейнічаюць 4 экспазіцыі, размешчаныя ў 20 залах. Экспазіцыя «Прырода краю» прысвечана прыродзе ўсходняй Беларусі, асаблівасцям рэльефу, клімату, глеб і геалагічнай структуры, прыродным ландшафтам краю: балотам, лугам, лясам, вадаёмам. Сярод экспанатаў узоры карысных выкапняў, схемы, карты, дыярамы і інш. Экспазіцыя «Археалогія і старажытная гісторыя» расказвае пра археалагічныя помнікі розных эпох: стаянкі каменнага і бронзавага вякоў, гарадзішчы і паселішчы эпохі ранняга жалезнага веку і сярэдневякоўя, грунтовыя могільнікі і курганы; адлюстроўвае матэрыяльную культуру і гаспадарчую дзейнасць насельніцтва ад палеаліту да сярэдневякоўя. Тут прадстаўлены крамянёвыя і каменныя прылады (наканечнікі стрэл, разцы, скрабкі, вастрыі, скоблі, сякеры), жалезныя прадметы (зброя, цуглі, нажы, крэсівы), ляпны і ганчарны керамічны посуд, прасліцы, старажытныя ўпрыгожанні (бранзалет, падвескі, кольцы, шкляныя і бурштынавыя пацеркі), зерне і плады старажытных культурных раслін. Экспануюцца дыярамы «Паляванне на маманта», «Рыбалоўства», «Ганчарства», макет рэканструкцыі гарадзішча Нікадзімава — адміністрацыйна-тэрытарыяльнага цэнтра 5 — 7 стст. н.э. і інш.

Экспазіцыя «Гісторыя дасавецкага часу» мае тэматычныя раздзелы: «Рассяленне плямён крывічоў, радзімічаў і дрыгавічоў на тэрыторыі Магілёўшчыны», «Пераход ад язычніцтва да хрысціянства», «Матэрыяльная культура сярэдневяковага г.Мсціслаў», «Промыслы і рамёствы насельніцтва Магілёўскай губерні 19 ст.», «Рэвалюцыйныя падзеі 1905-07», «Дзейнасць царскай Стаўкі рускай арміі ў гады 1-й сусветнай вайны і знаходжанне ў ёй апошняга расійскага імператара Мікалая II у перыяд 1915-17». Сярод экспанатаў дакументы перыядаў Вялікага княства Літоўскага і Рэчы Паспалітай, Паўночнай вайны 1700-21 гг. і нашэсця арміі Напалеона 1812 г., прадметы з кузні, майстэрні бондара, бытавыя прылады сялян, фатаграфіі. Тут размешчаны макет губернскага г.Магілёў канца 19 — пачатку 20 стст.

У экспазіцыі «Гісторыя савецкага перыяду 1917-45» прадстаўлены матэрыялы пра карнілаўскі мяцеж, германскую і польскую акупацыю краю пад час грамадзянскай вайны, расказваецца пра будаўніцтва новых заводаў, арганізацыю калгасаў, рэпрэсіі 1920-30-х гг., тагачаснае культурнае жыццё, пра гераізм абаронцаў Магілёва, барацьбу партызан і падпольшчыкаў у Вялікую Айчынную вайну, вызваленне горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Экспануюцца дакументы, фотаматэрыялы, адзенне, зброя, узнагароды, асабістыя рэчы ўдзельнікаў вайны. Цэнтральнае месца ў экспазіцыі займаюць дыярамы «Бой на Буйніцкім полі», «Зямлянка», «Вызваленне Магілёва 28 чэрвеня 1944 г.».

У музеі падрыхтаваны выстаўкі з фондаў музея «Паклонімся вялікім тым гадам»,« Шляхамі вайны», «Запрашаем да самавара» і інш. Рэгулярна праводзяцца навуковыя археалагічныя і этнаграфічныя экспедыцыі, вядзецца даследчая работа па гісторыі рэгіёна, наладжваюцца практычныя, у т.л. міжнародныя канферэнцыі, па выніках якіх выдадзена больш за 20 зборнікаў.

Адрас: 212030, г.Магілёў, плошча Савецкая, 1
Тэл.: +375-222-25-09-84; +375-222-25-10-14
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1389]
Здарэнні [464]
Грамадства [468]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 2
Гасцей: 2
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.