Пятніца, 26.04.2024, 02:08

МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ МАСТАЦКІ МУЗЕЙ імя П.В.Масленікава

Галоўная »
МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ МАСТАЦКІ МУЗЕЙ імя П.В.Масленікава заснаваны ў г.Магілёў паводле рашэння Магілёўскага аблвыканкама ад 19.11.1990 г. як абласны мастацкі музей, з 1996 г. імя народнага мастака Рэспублікі Беларусь П.В.Масленікава. Знаходзіцца ў двухпавярховым з мансардай будынку былога сялянска-пазямельнага банка — помніку архітэктуры пачатку 20 ст. Адкрыты для наведвальнікаў у 1990 г. Дзейнічаў як карцінная галерэя. У 1994 г. адкрыта першая пастаянная экспазіцыя ў 2 залах. Першы дырэктар музея В.В.Сайко. З 2000 г. дырэктар А.Б.Хахракоў.

Магілёўскі абласны мастацкі музей

Асноўны фонд музея (2008) налічвае 3238 адзінак захоўвання, дапаможны — 779 адзінак. Агульная плошча 3076 м², экспазіцыйная — 1169,52 м². У музейнай калекцыі мастацкія творы П.В.Масленікава (125 адзінак), падараваныя гораду з юбілейнай выстаўкі, прысвечанай 80-годдзю з дня яго нараджэння (склалі аснову першай пастаяннай экспазіцыі), сучасных беларускіх мастакоў, якія нарадзіліся або жывуць і працуюць на Магілёўшчыне, знакамітых мастакоў Беларусі, Расіі, Украіны, замежжа, а таксама мастакоў-удзельнікаў міжнародных пленэраў, скульптурныя працы У.Летуна (64 адзінкі), творы старажытнабеларускага мастацтва Магілёўшчыны.

Цяпер у музеі 24 выставачныя залы, 14 з іх — з пастаяннай экспазіцыяй. У 5 добра абсталяваных залах разгорнута рэтраспекцыя творчасці П.В.Масленікава (з 1997 г.), яго дзейнасць як тэатральнага дэкаратара і мастака-жывапісца, існуе яго мемарыяльны пакой. Тут прадстаўлены яго карціны і тэатральна-дэкарацыйныя працы. У мемарыяльнай зале, прысвечанай жыццю і творчасці У.Летуна (з 2002 г.), зробленай на падставе дара сям'і, экспануюцца 64 скульптурныя работы майстра. У мансардных пакоях будынка абсталяваны 4 залы, дзе з 2007 г. дзейнічае пастаянная выстаўка «Захаваная спадчына». У іх прадстаўлены раздзелы: манументальны фрэскавы жывапіс 18 ст., іканапіс, магілёўская школа гравюры 17 — 18 стст., скульптура 18 ст., рэчы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, кафля 14 — 17 стст., фрагменты іканастаса 17 ст. У астатніх 10 залах размешчаны часовыя выстаўкі.

У музеі арганізавана і праведзена больш за 300 выставачных праектаў: міжнародныя, рэспубліканскія, абласныя, у межах якіх адбыліся персанальныя выстаўкі мастакоў; рэгіянальныя. Плануецца адкрыццё экспазіцыі «Выяўленчае мастацтва Магілёўшчыны 20 стагоддзя».

З 1996 г. музей з'яўляецца цэнтрам правядзення штогадовых міжнародных пленэраў па жывапісе «Вобраз Радзімы ў выяўленчым мастацтве», прысвечаныя славутым землякам В.К.Бялыніцкаму-Бірулі, П.В.Масленікаву, М.В.Неўраву. Супрацоўнікамі музея распрацаваны і праводзяцца музейныя заняткі, лекцыі, праграма эстэтычнага выхавання «Дом, дзе жыве мастацтва», арганізоўваюцца тэматычныя экскурсійныя маршруты па горадзе («Архітэктурным стылі 19 — пачатку 20 стст.», «Стары Магілёў», «Пластычная мова скульптуры», «Свята-Мікольскі манастыр 17 ст.» і г.д.), міні-выстаўкі і інш.

Адрас: 212030, г.Магілёў, вул.Міронава, 33
Тэл.: +375-222-31-03-21; +375-222-31-04-25
Меню
Відэаканал GantsRegion
Уваход

Пошук
Катэгорыі раздзелу
Публікацыі [252]
Каталог файлаў [100]
Малая краязнаўчая энцыклапедыя [115]
Культура [194]
Адукацыя [37]
Спорт [1393]
Здарэнні [465]
Грамадства [469]
Эканоміка [36]
Транспарт [143]
Блог [6]
Падарожнічаем разам [18]
Каляндар
«  Красавік 2024  »
ПанАўтСерЧацПятСубНяд
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930
Хто тут?
Анлайн усяго: 1
Гасцей: 1
Карыстальнікаў: 0

Статыстыка і партнёры
Яндекс цитирования Museum.by
Тэгi

Шаноўныя сябры!

Калі вы маеце нейкую інфармацыю пра гісторыю, культуру, этнаграфію Ганцаўшчыны і хацелі б яе змясціць у сеціве,
вы можаце звязацца з намі напісаўшы ў форму зваротнай сувязі.