МАГІЛЁЎСКІЯ РУЧНІКІ — тып традыцыйных тканых ручнікоў з Касцюковіцкага, Краснапольскага, Хоцімскага, Бабруйскага, Кіраўскага і іншых раёнаў
Магілёўскай вобласці. Вядомыя ў XVIII ст.
Ткалі з ільняных і баваўняных нітак. Даўжыня 300 — 450 см, шырыня 35 — 40 см,
арнамент 30— 80 см на кожным канцы. Тэхніка ткання браная і закладная. На канцах па 3 — 5 гарызантальных палос, аддзеленых адна ад адной гладказатканымі палоскамі. З аднаго краю ўздоўж праходзіць суцэльная арнаментальная паласа, праз пэўныя прамежкі чаргуюцца вытканыя або вышытыя асобныя арнаментальныя матывы: чатырохвугольнік, ромб, крыжык, трохвугольнік, зорачка і інш. На канцах ручнікоў белыя
карункі (часам чырвоныя) з кутасамі. Іх кампазіцый ная структура паслужыла асновай для сучасных вышываных ручнікоў, дзе арнаментальныя палосы, вышытыя крыжыкам, чаргуюцца з палосамі карункаў.